Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 кастрычнiка 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Выйшаў з друку чарговы пяты том Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі. Задуманае вядомым дасьледнікам айчыннае мінуўшчыны Міхасём Ткачовым, гэтае фундамэнтальнае выданьне цяпер далёкае ад сваёй першапачатковай мэты. І доўгачаканы пяты том, на жаль, не выключэньне.

Ідэя шасьцітомнае энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі ўзьнікла ў асяродку нацыянальна з'арыентаваных гісторыкаў напачатку 90-х, калі Беларусь стала незалежнаю.

Рэальныя абрысы гэты праект стаў набываць з прыходам у выдавецтва "Беларуская Энцыкляпэдыя" на пасаду галоўнага рэдактара аднаго з самых выбітных дасьледнікаў айчыннае мінуўшчыны Міхася Ткачова.

Калегі ведаюць яго як непрымірымага змагара зь мітамі, якія стваралі пра гісторыю Беларусі з аднаго боку польскія ды летувіскія спэцыялісты, а з другога – гісторыёграфы царскай імпэрыі, чые мэтадалягічныя прынцыпы ў дачыненьні да паказу сваіх заходніх суседзяў перанялі савецкія навукоўцы.

Гэтымі мітамі спрэс была аздобленая панарама гістарычнага шляху беларусаў, што не спрыяла а ні ўсталяваньню гістарычнае памяці народу, а ні выхаваньню ягонае нацыянальнае самасьвядомасьці.

Шасьцітомная Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі мусіла сьцісла, дакладна ды ўсебакова падаць усе галоўныя падзеі, зьявы, асобы шматвяковага шляху народу ў адпаведнасьці з сучаснымі дасягненьнямі айчыннае гістарыяграфіі. І першыя два тамы, якія выйшлі ў сьвет у 93-м ды 94-м гадох 20-тысячнымі накладамі ды выклікалі надзвычайную цікавасьць у чытачоў, цалкам адпавядалі гэтае задуме.

Да выданьня былі прыцягнутыя найлепшыя навуковыя розумы краіны, ягоную рэдакцыйную калегію склалі Адам Мальдзіс, Уладзімер Конан, Георгі Штыхаў ды іншыя навукоўцы зь міжнародным аўтарытэтам. Яны працавалі надзвычай плённа. За кароткі тэрмін былі падрыхтаваныя практычна ўсе шэсьць тамоў, выданьне апошняга мусіла быць летась.

Аднак напрыканцы сёлетняга мы маем толькі пяты том. Рэч у тым, што з прыходам да ўлады Лукашэнкі падрыхтаваныя да друку тамы падвергліся жорсткай ідэялягічнай цэнзуры. Многае, што ня ўпісвалася ў інтэграцыйную прапагандысцкую дактрыну, было зьнятае ці перапісанае ў духу пралукашэнкаўскіх падыходаў да пытаньняў гісторыі.

Задачы рэвізіі мінуўшчыны былі ўскладзеныя на новую рэдакцыйную калегію, у якой з ранейшага складу не засталося аніводнага навукоўцы. За выключэньнем дырэктара інстытуту гісторыі Нацыянальнае Акадэміі навук Міхася Касьцюка.

Цэнзура працуе доўга ды прыдзірліва і пярэрвы паміж выхадам чарговых тамоў расьцягнуліся на два й болей, як у выпадку зь пятым томам, гады.

А тое, што гэта менавіта ідэялягічнае сіта марудзіць выданьне, а не няўвішнасьць аўтараў артыкулаў, сьведчыць наступны прыклад. Маленечкі артыкул пра Сяргея Новіка-Пеюна – вязьня ўсіх трох рэжымаў, якія панавалі ў Беларусі ў 20-м стагодзьдзі, заканчваецца цьверджаньнем, што ягоны зборнік "Песьні з-за кратаў" застаўся ў рукапісе. Між тым кніжка выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" яшчэ ў 93-м годзе…

Але на такія, так бы мовіць, дробныя факты выдаўцы энцыкляпэдыі не зьвяртаюць увагі. Затое з артыкулу пра знанага жывапісца Аляксея Марачкіна яны выкінулі зьвесткі пра тое, што ён зьяўляецца адным са стваральнікаў ды першым кіраўніком мастацкае суполкі "Пагоня".

Няма й асобнага артыкулу пра гэтае вялікае ды надзвычай актыўнае ў грамадзка-культурным жыцьці краіны творчае аб'яднаньне. Затое зьмешчаныя артыкулы пра падпольныя групы, якія дзейнічалі ў гады другое ўсясьветнае вайны, калі верыць энцыкляпэдыі, ледзьве ня ў кожнай вёсцы.

Надзвычай тэндэнцыйна падаюцца артыкулы пра ўсе грамадзкія ды нацыянальныя плыні, зьявы, рухі. Да прыкладу, непамерна раздзьмутая роля рускае праваслаўнае царквы ў гісторыі Беларусі. Ну, і само сабою – марксысцка-ленінскага вучэньня, у якога, аказваецца, ёсьць будучыня.

Цытую канец артыкулу "Марксызм". Ён "валодае імпульсам да далейшага разьвіцьця, які абумоўлены адмаўленьнем марксызму ад сваёй выключнасьці, і тым самым вяртае сабе гістарычную пэрспэктыву".

Вось такая гісторыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG