Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 кастрычнiка 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Дзяржава ўпершыню гатовая пайсьці на тое, каб адключаць цяпло ў некаторых установах, якія маюць запазычанасьць за энэрганосьбіты. Такое рашэнне цяпер разглядаецца Менскім гарвыканкамам.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова абяцаў, што ўзімку ў кватэрах беларусаў будзе цёпла. Зіма набліжаецца, і ўсё менш упэўненасьці ў тым, што кіраўніцтва краіны здолее выканаць гэтыя абяцаньні.

Пра адключэньне цяпла ў кватэрах гаворка пакуль ня йдзе. Аднак становіцца відавочным, што наўрад ці ўдасца забясьпечыць палівам шматлікія прадпрыемствы і ўстановы.

Найперш размова йдзе пра тыя ўстановы, у якіх вялікія запазычанасьці за энэрганосьбіты. Толькі ў Менску запазычанасьць установаў і прадпрыемстваў за газ складае каля 9 трыльёнаў рублёў, за электраэнэргію – каля 2 трыльёнаў. Выканкам ня мае сродкаў на тое, каб забясьпечваць дзяржаўныя ўстановы палівам у крэдыт. Да таго ж, ніхто ня можа гарантаваць, што яны змогуць вярнуць пазыку.

Сярод найбольшых даўжнікоў вылучаецца аб'яднанне "Менскэнэрга", якому ў сваю чаргу вінныя шматлікія менскія вытворчыя прадпрыемствы.

Не плацяць за энэрганосьбіты і многія навучальныя ўстановы, сярод якіх Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, запазычанасьць якога складае 71 мільярд рублеў, і Палітэхнічная акадэмія, якая вінаватая 22 мільярды. Нельга выключаць, што гэтую зіму студэнтам давядзецца вучыцца ў халодных аўдыторях.

Не даводзіцца казаць пра нейкія злыя намеры з боку мяйсцовых ўладаў. Менск проста ня мае паліва, таму што на яго закуп не хапіла грошай. Напрыклад, у сярэдзіне верасьня запас паліва складаў каля чвэрці таго, што трэба было назапасіць да пачатку кастрычніка. Наўрад ці на сёньня сытуацыя значна палепшылася. Сытуацыя ў іншых беларускіх рэгіёнах яшчэ горшая.

Таго, што становішча значна пагоршылася, ня могуць не прызнаць і ўлады. Напрыклад газэта "Советская Белоруссия " зьмясьціла на гэтым тыдні графік, які сьведчыць, што некаторыя нафтапрадукты ў Беларусі даражэйшыя за ўсе суседнія краіны. Да прыкладу, бэнзын маркі Аі-95 у нашай краіне даражэйшы, чым у Расеі, Летуве і ва Ўкраіне.

XS
SM
MD
LG