Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 кастрычнiка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Прага

Трывожная атмасфэра пасля ўчарашняй справаздачы ураду перад Аляксандрам Лукашэнкам усталявалася ў асяродзьдзі прыватных прадпрыймальнікаў Беларусі. Нагадаем, Лукашэнка ў сваёй прамове выказаў вострае незадавальненьне дзеяньнямі віцэ-прэм'ера Генадзя Навіцкага, які ў часе перамоваў з прадстаўнікамі дробнага бізнэсу нібыта незаконна адмяніў патрабаваньні аднаго з дэкрэтаў.

Учарашняя прамова Лукашэнкі мела панічнае ўзьдзеяньне на гандляроў беларускіх рэчавых кірмашоў. Як паведамілі нашаму радыё ў прадпрымальніцкім прафэсійным зьвязе "Садружнасьць", многія гандляры цяпер задаюць сабе пытаньне: выходзіць на працу ці не?

Гэтая няпэўнасьць выкліканая страхам перад магчымай канфіскацыяй тавараў. Не хаваюць сваёй разгубленасьці й лідэры прафэсійных зьвязаў. Мая Сінайская, намесьнік старшыні камітэту прафэсійнага зьвязу прыватных прадпрымальнікаў Менску й Менскае вобласці, адрэагавала на выступ Лукашэнкі наступным чынам:

(Сінайская: ) "Я проста ў шоку. Калі шчыра, то я ня ведаю, чаго можна чакаць. Лукашэнка ўчора заявіў: як гэта можа віцэ-прэм'ер Навіцкі на сваёй нарадзе адмяняць дэкрэты прэзыдэнта, нават ня паведамляючы яму пра гэта. Між тым, тая нарада мела плён: пасьля яе нас ня чапалі, тавары не сканфіскоўвалі".

Нагадаю, нарада віцэ-прэм'ера Навіцкага зь лідэрамі дробных прадпрымальнікаў адбылася месяц таму, 8-га верасьня. На ёй абмяркоўвалася канфліктавая сытуацыя паміж уладамі й прадпрымальнікамі.

Беларускія "чаўнакі" пагражалі страйкамі, калі ня будзе ануляванае палажэньне аднаго з дэкрэтаў Лукашэнкі, якое дазваляла праваахоўным ворганам сканфіскоўваць тавары на гандлёвых кірмашах.

Каб прадухіліць страйкі, віцэ-прэм'ер ад імя ўладаў падпісаў пратакол перамоваў з прадпрымальнікамі, паводле якога пагроза канфіскацыі рэчаў зьменшылася. У прыватнасьці, дамоўленасьцямі прадугледжвалася, што міліцыянты й прадстаўнікі падатковых ворганаў ня будуць патрабаваць у гандляроў наяўнасьці дакумэнтаў, якіх часам немагчыма атрымаць ад пастаўшчыкоў тавараў.

Адзін з удзельнікаў згаданых перамоваў зь віцэ-прэм'ерам кіраўнік арганізацыі прафэсійнага зьвязу "Садружнасьць" у сталічным рэгіёне Віктар Вяржбіцкі, камэнтуючы нашаму радыё сёньняшнюю сытуацыю, шчыра прызнаўся, што ня ведае, які лёс чакае дамоўленасьці з урадам і што ў гэтай сувязі раіць сябрам прафэсійнага зьвязу. Рэч у тым, што згаданыя дамоўленасьці, сапраўды, супярэчаць дэкрэту Лукашэнкі, у якім канфіскацыйныя мэтоды разглядаюцца як вельмі эфэктыўныя.

Пакуль-што невядома, як будуць паводзіць сябе пасьля крытыкі Лукашэнкі выканаўчыя структуры. Напрыклад, у міністэрства прадпрыймальніцтва ды інвэстыцыяў, якое кантралюе дзейнасьць айчыннага дробнага бізнэсу, аніякіх дырэктывыў на гэты конт яшчэ ня паступала.

Разам з тым, як вынікае з тлумачэння нашаму радыё супрацоўніка міністэрства Сяргея Цітавіцкага, абараняць беларускіх "чаўнакоў" гэты ворган наўрад ці будзе:

"Канфіскацыі тавару будуць адбывацца ў любым выпадку, калі прадпрыймальнікі будуць парушаць заканадаўства", — зазначыў спадар Цітавіцкі.

XS
SM
MD
LG