Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 кастрычнiка 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня рэдакцыя газэты "Навіны" накіравала ў Менскі гарадзкі суд касацыйную скаргу на рашэньне Маскоўскага суду ад 24 верасьня, які задаволіў зыск сакратара Рады Бясьпекі Віктара Шэймана да журналіста Сяргея Аніські аб абароне гонару й годнасьці і кампэнсацыі маральнага ўрону. Рэдакцыя лічыць, што рашэньне суду неабгрунтаванае і павінна быць адмененае.

Нагадаем, што Маскоўскі суд пастанавіў, што ўсе зьвесткі, якія былі апублікаваныя ў артыкуле Сяргея Аніські "Кто ў церамочках жыве?", не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Рэдакцыя лічыць, што высновы суду не падцьверджаныя дастатковымі й сапраўднымі доказамі. Пад час вынясеньні рашэньня, як мяркуюць журналісты "Навінаў", суд зыходзіў не з аб'ектыўных доказаў па справе, а з суб'ектыўнай ацэнкі зыскоўцам апублікаванага матэрыялу.

Таксама суд не прыняў неабходных мераў па зьбіраньню сапраўдных доказаў па справе: ён адхіліў усе хадайніцтвы адказчыкаў. Так, судзьдзя не пажадаў разглядаць тэхнічны пашпарт і пасьведчаньне аб рэгістрацыі домаўладаньня на ймя Шэймана ў Падліпках, а таксама хадайніцтва аб прыцягненьні даведкі зь міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, дзе быў бы ўказаны паслужны сьпіс Шэймана – у прыватнасці, дата прысваеньня яму чына падпалкоўніка. Бо ў судовым паседжаньні адказчыкі неаднаразова тлумачылі, што "шлях ад маёра да гэнэрал-маёра" трэба лічыць ад апошняй даты знаходжаньня яго ў гэтым чыне.

У скарзе рэдакцыя ўказвае: зьвесткі, апублікаваныя ў артыкуле, беспадстаўна прызнаныя судом як ганебныя для Шэймана, бо сьцьвярджэнне, што Шэйман "прайшоў шлях ад маёра да гэнэрал-маёра за пяць гадоў" у любым выпадку ня можа ганьбіць ягоны гонар і годнасьць: хуткі рух афіцэра па службе сьведчыць толькі аб ягоных заслугах.

Рэдакцыя "Навінаў" лічыць, што суд беспадстаўна спагнаў з газэты на карысьць зыскоўцы кампэнсацыю за маральны ўрон. Бо, нават у адпаведнасьці з пастановаю Пленуму Вярхоўнага суду зыскоўца мусіць указаць, якія ён адчуваў маральныя і фізычныя пакуты. А пры вызначэньні памеру кампэнсацыі трэба сыходзіць з наступстваў, якія пацягнулі траўмы.

У матэрыялах справы ёсьць даведка пра тое, што балянсавы прыбытак "Навінаў" складае 8 000 000 рублёў. Абсталяваньне газэта арандавала, таму спагнаньне 10 мільярдаў рублёў прывяло да спыненьня ейнае дзейнасьці. А зыскоўца ў такім разе ня зможа атрымаць гэтыя грошы.

Ня змогуць у блізкай будучыні выходзіць "Навіны" і пад новай назваю. Як мы паведамлялі, пасьля рэгістрацыі газэты "Наша Свабода" 30 кастрычніка Дзяржкамдрук выдаў загад, якім рэгістрацыйнае пасьведчаньне ануляванае. Прычынаю названа тое, што выдавец не ўзгадніў з адпаведнымі мяйсцовымі ворганамі мейсца разьмяшчэньня рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG