Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Аднае з важных мэтаў магчымае дамовы аб утварэньні хаўруснае дзяржавы Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі абвешчанае датрыманьне правоў чалавека ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. Між тым, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі выклікае апошнім часам усё большую трывогу міжнароднай супольнасьці. Розьніца паміж дакляраванай ды рэальнай палітыкаю беларускіх уладаў становіцца ўсё больш відавочнай.

У апублікаваным праекце дамовы сярод мэтаў і прынцыпаў, на якіх мусіць будавацца хаўрусная дзяржава, сярод першых названае "няўхільнае выкананьне асноўных правоў і свабодаў чалавека й грамадзяніна ў адпаведнасьці з агульнапрынятымі прынцыпамі й нормамі міжнароднага права".

Зразумела, нічога новага ў гэтай даклярацыі няма. Падобныя пасажы ўтрымліваліся і ў ранейшых беларуска-расейскіх інтэграцыйных дакумэнтах, падпісаных дагэтуль Ельцыным і Лукашэнкам.

І ня толькі ў іх. Зусім нядаўна, да прыкладу, улады Беларусі афіцыйна заявілі ў Жэневе, што яны забавязваюцца правесьці ўсе неабходныя пераўтварэньні, каб вярнуцца ў дэмакратычную Эўропу. А неўзабаве пасьля гэтага ў Менску зьнікае першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, узнаўляецца наступ на свабоду слова. Ці можна назваць гэта сьвядомай палітыкаю ўладаў?

Вось меркаваньне на гэты конт віцэ-прэзыдэнта Беларускага ПЭН-цэнтру – праваабарончай пісьменьніцкай арганізацыі – Карласа Шэрмана:

(Шэрман: ) "Праблема ў тым, што ёсьць вялікі разьбег між нутраной палітыкаю і вонкавай палітыкаю. Гэта як бы разьбег між праўдаю і няпраўдаю. Гэта разьбег між рэальнасьцю і ўяўнымі намаганьнямі або заявамі, якія потым не замацоўваюцца на справе…

Канешне, я засмучаны тым, што адбываецца ў Рэспубліцы. Я засмучаны й зьнікненьнем людзей вядомых, і праблемамі правоў чалавека, якія ўсё горш і горш.

Мы назіраем пагаршэньне, а адначасова чытаем заявы пра тое, што сапраўды штосьці можа адбыцца – нейкі "заходні" вэктар, нейкія намаганьні, каб увайсьці ў Эўрапейскі Зьвяз, і г.д.

Вось водападзел. Звычайна, нутраная і вонкавая палітыка любой дзяржавы супадае на 100 адсоткаў".

Ці можа што-небудзь зьмяніцца ў сытуацыі з правамі чалавека пасьля зьяўленьня чарговага "інтэграцыйнага" праекту? Гаворыць старшыня Праваабарончага Цэнтру "Вясна-96" Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Я хачу адзначыць, што, сапраўды, з таго часу, калі Лукашэнка пачаў падпісваць дамовы з Расеяй, сытуацыя з правамі чалавека ў нас сапраўды пачала пагаршацца. Я нагадаю, што фактычна першая палітычная "крымінальная" справа, якая скончылася вырокам, адбылася ў 95-м годзе.

А на сёньняшні дзень – менавіта на сёньняшні дзень (мы вядзем падлік) – у нас праходзяць "крымінальныя" справы чыста палітычнага характару. Вось гэта такая тэндэнцыя, якая вызначылася ў Беларусі. І фактычна, зь 96-га году ў нас не было такога, каб не было палітычных вязьняў за кратамі, каб нехта не сядзеў…

Мы ставімся да гэтай дэклярацыі як да нечага несур'ёзнага, таму што рэжым Лукашэнкі будзе рабіць тое, што ён хацеў. І ў дадзеным выпадку Расея а ні ў якім разе ня будзе выступаць гарантам захаваньня ці выкананьня тых правоў, якія яны, так бы мовіць, задэкляравалі ў гэтай хаўруснай дамове.

Выразна бачна, што ў Расеі ёсьць стратэгічныя інтарэсы, а тады правы чалавека адыходзяць у Расеі на 20-ты плян. Мы зараз цудоўна бачым, як зараз захоўваюцца правы чалавека на жыцьцё – самае істотнае права – у Чачні…

І я не думаю, што захаваньне правоў чалавека ў Беларусі будзе такім важным пытаньнем пры такіх узаемадачыненьнях. Хутчэй за ўсё тут будзе такі "азіяцкі" падыход, "азіяцкі" прынцып. І нічога добрага ў пляне правоў чалавека мы ад гэтае дамовы не дачакаемся".

Да сказанага можна дадаць, што пасьля падпісаньня дамовы аб хаўрусе Беларусі й Расеі ў Менску адбыўся разгон і зьбіцьцё дэманстрантаў і журналістаў. А зараз улады фактычна забаранілі самі дэманстрацыі й мітынгі пратэсу, калі ня лічыць тых, што дазволена праводзіць пад пільным вокам міліцыі на пляцы Бангалёр.

Аднак, і ў Маскве зараз улады не даюць дазволу на правядзеньне мітынгаў і пікетаў – да прыкладу, прафэсійным зьвязам. У якасьці прычыны выстаўляецца вайна ў Чачні.

Так што калі не ў галіне заканадаўства, дык у практыцы праваахоўных ворганаў Беларусі й Расеі адбываецца зьбліжэньне.

XS
SM
MD
LG