Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Праект дамовы аб утварэньні хаўруснае дзяржавы, апублікаваны ў пятніцу – ужо ня першы, які выносіцца на абмеркаваньне. У падмацаваньне падобных інтэграцыйных ініцыятываў праводзяцца розныя сацыялягічныя апытаньні. Адно з апошніх апытаньняў, праведзеных ва Ўкраіне, паказала, што найбольш прыхільна да хаўрусу ставяцца прыхільнікі палітыкаў з найбольш левымі, камуністычнымі, поглядамі.

Сёлета ў лютым расейскі Фонд нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі правёў апытаньне сярод жыхароў дванаццаці местаў Беларусі й Расеі, цягам якога 59,6 адсоткі беларускіх грамадзянаў выказаліся за хаўрус з Расеяй. Сярод расейцаў 51, 9 адсоткі былі за стварэньне хаўруснае дзяржавы. 27 адсоткаў апытаных беларусаў і расейцаў выказаліся супраць.

Хаця апытаньне праводзілася пры падтрымцы палітычна ангажаванага Грамадзкага камітэту садзеяньня "Саюзу" Беларусі й Расеі, нават гэтыя лічбы паказваюць, мякка кажучы, адсутнасьць адназначнай прыхільнасьці да "інтэграцыі" ў абедзьвюх дзяржавах.

А як ставяцца да гэтага ў суседніх краінах?

Нядаўна Ўкраінскі фонд "Дэмакратычныя ініцыятывы" абнародваў вынікі апошняга апытаньня выбаршчыкаў. Мэтай апытаньня было высьветліць – як ставяцца прыхільнікі таго або іншага кандыдата ў прэзыдэнты да магчымасцьі далучэньня да "Саюзу" Беларусі й Расеі.

Паводле зьвестак цэнтру "Сацыяльны маніторынг" сярод прыхільнікаў Натальлі Вітрэнкі, якая выступае са скрайне левых пазыцыяў, прыхільнікаў хаўрусу ў 2,5 разы больш, чым тых, хто выступае супраць.

Сярод тых, хто падтрымлівае сьпікэра ўкраінскага парлямэнту Аляксандра Мароза, прыхільнікаў хаўрусу больш, як праціўнікаў, у два разы.

Сярод прыхільнікаў лідэра камуністаў Пятра Сіманенкі прыхільнікі хаўрусу маюць перавагу ў 90 адсоткаў.

А вось сярод тых, хто падтрымлівае цяперашняга прэзыдэнта Леаніда Кучму і экс-прэзыдэнта Яўгена Марчука, больш як 60 адсоткаў лічаць, што далучацца да хаўрусу ня варта.

Агэнцыя "Интэрфакс", якая апублікавала гэтыя зьвесткі, ня прыводзіць аніякіх падрабязнасьцяў.

Між тым, паўстаюць пытаньні – ці выкарыстоўваецца тэма беларуска-расейскага "аб'яднаньня" ў перадвыбарчай барацьбе ва Ўкраіне?

Ці прысутнічае гэтая тэма ў праграмах ці выказваньнях кандыдатаў у прэзыдэнты?

І нарэшьце – наколькі шырока асьвятляюцца так званыя інтэграцыйныя ініцыятывы ва ўкраінскай прэсе?

На гэтыя пытаньні мы папрасілі адказаць уласнага карэспандэнта ўкраінскае газэты "Факты й камэнтары" ў Беларусі й Летуве Юрыя Валошына.

(Валошын: ) "Адзіным кандыдатам, які выказваўся ў справе аб'яднаньня Беларусі й Расеі, быў Аляксандар Ткачэнка – цяперашні сьпікэр парлямэнту.

Алё зрабіў ён гэтае выказваньне тут, у Менску. Таму я не лічу, што гэта было зроблена паводле перакананьня, бо хутчэй за ўсё гэта быў дыпляматычны ход.

У часе візыту ў Менск ён рабіў рэвэрансы ў бок беларускага кіраўніцтва. Гэта адзіны палітык з тых, хто змагаецца за прэзыдэнцкую пасаду, які выказаўся на гэты конт.

Ад Натальлі Вітрэнкі я ніколі ня чуў чагосьці падобнага ў стаўленьні да аб'яднаньня Беларусі з Расеяй.

А Кучма, навогул, вялікі дыплямат у гэтых адносінах, і ён звычайна проста маўчыць. А калі нешта й скажа – дык толькі з аднэй мэтаю – штосьці атрымаць для Ўкраіны.

Таму, я думаю, наколькі я знаёмы навогул з меркаваньнем насельніцтва Ўкраіны, у тым эканамічным становішчы, у якім знаходзіцца Ўкраіна, зусім маленькі працэнт людзей цікавіцца гэтым аб'яднаньнем. Бо зараз іх больш цікавіць уласны лёс. І таму я ня думаю, што сёньня ва Ўкраіне гэта мае нейкае йстотнае значэньне.

Фактычна, акрамя газэты "Факты й камэнтары", ніхто ня мае больш карэспандэнтаў у Беларусі. Таму паведамленьні зь Беларусі зьяўляюца вельмі зрэдку. І вельмі зрэдку яны сочаць за гэтай тэмаю.

Магчыма, зараз, пасьля таго, як зьявіўся тэкст дамовы ў беларускіх газэтах, хтосьці нешта можа сказаць, выказаць сваю думку. Але я думаю, што гэтага не адбудзецца".

Тым ня менш, варта зьвярнуць увагу на агульную заканамернасць. Сярод расейскіх палітыкаў, якія ўступілі ў спаборніцтва за дэпутацкія мандаты, а ў пэрспэктыве – і за прэзыдэнцкае крэсла, таксама найбольшую прыхільнасьць да хаўрусу зь Беларусьсю выказваюць прадстаўнікі левых сілаў.

Калі лідэр скрайне правага Дэмакратычнага Зьвязу Канстанцін Баравы неаднойчы называў рэжым Лукашэнкі злачынным і гаварыў аб небясьпецы імпэрскіх амбіцыяў, дык лідэр "Яблока" Рыгор Яўлінскі заклікаў да "стрыманасьці" й разважлівасцьі ў працэсе аб'яднаньня дзьвюх дзяржаваў.

Юры Лужкоў разам зь іншымі лідэрамі цэнтрысцкага блёку "Отечество" ня ставяць пад сумнеў неабходнасьць аб'яднаньня і выступаюць супраць рэфэрэндуму ў гэтым пытаньні толькі таму, што лічаць ягоныя вынікі прадвызначанымі.

І нарэшце лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў заявіў неяк пра йснаваньне Беларускага фронту, які, на ягоную думку, мусіць канчаткова зламаць супраціўленьне ідэялягічнага праціўніка "ад Балтыкі да Чорнага мора".

Праўда, ніхто з памянёных палітыкаў, як высьветлілася, не жадалі б бачыць Лукашэнку ўдзельнікам выбарчай барацьбы ў Расеі.

А ва Ўкраіне падобнае пытаньне нават не паўстае.

XS
SM
MD
LG