Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 кастрычнiка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Афіцыйны Менск праігнараваў нараду кіраўнікоў урадаў краінаў СНД і паседжаньне міністраў замежных справаў СНД, што распачаліся сёньня ў Ялце. У Крым зьехаліся прадастаўнікі ўсіх краінаў Садружнасьці. Акрамя Беларусі.

Як паведамілі нашаму радыё ў прэсавым штабе ўкраінскага МЗС у Ялце, афіцыйная вэрсія адсутнасьці на сёньняшняй сустрэчы беларускага прэм'ера Сяргея Лінга й міністра замежных справаў Урала Латыпава гучыць сымптаматычна: "У сувязі з надзвычай важнымі нутрыдзяржаўнымі мерапрыемствамі".

Прэсавы сакратар беларускага прэм'ера Іван Знаткевіч ня здолеў даць цямнага адказу на пытаньне, якія менавіта "надзвычай важныя мерапрыемствы" адбываюцца сёньня ў Беларусі. Паводле ягоных словаў, беларускі прэм'ер даваў справаздачу пра дзейнасьць ураду. Аднак гэта адбывалася учора. Сёньня беларускі прэм'ер не пакідаў свайго габінэту…

Прэсавы сакратар беларускага МЗС Мікалай Барысевіч таксама ня здолеў назваць надзвычай важныя мерапрыемствы, якімі сёньня заняты міністар замежных справаў Урал Латыпаў.

Афіцыйныя тлумачэньні гучаць як мінімум непераканаўча. На карысьць той вэрсіі, што афіцыйны Менск менавіта праігнараваў ялцінскую сустрэчу, гаворыць той факт, што замест Лінга і Латыпава, якія "надзвычай занятыя", туды не паехаў ніхто.

Мікалай Барысевіч пацьвердзіў нашаму радыё, што афіцыйных прадстаўнікоў Менску ніжэйшага рангу ў Ялце няма. Скаардынаваная "занятасьць" Лінга і Латыпава сьведчыць – загад ня ехаць у Ялту аддаў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Гэтая вэрсія неафіцыйная.

Сярод матываў такіх дзеяньняў называецца надзвычайная крыўдлівасьць беларускага лідэра, якога, нагадаю, месяц таму дэманстратыўна не запрасілі на канфэрэнцыю прэзыдэнтаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну, што праходзіла ва Ўкраіне.

Цяперашні дэмарш афіцыйнага Менску стаў своеасаблівым «адказам Кіеву». Каго ў гэтым выпадку пакрыўдзіла беларускае кіраўніцтва, і каму ад гэтага горш?, – менавіта гэтымі пытаньнямі вымяраецца рацыяналізм дзеяньняў афіцыйнага Менску.

Вядома, што на сёньняшняй нарадзе ў Ялце прэм'еры абмяркоўваюць базісныя эканамічныя пытаньні, сярод якіх старэньне зоны свабоднага гандлю, праекты палажэньняў аб Выканаўчым камітэце СНД і аб Эканамічнай радзе Садружнасьці, а таксама праект мэханізму рэалізацыі рашэньняў радаў кіраўнікоў дзяржаваў і кіраўнікоў урадаў. Усяго – больш за дваццаць пытаньняў.

Прыгадваецца, што нявырашанасьць гэтых праблемаў ня раз станавілася нагодаю для жорсткіх выступаў Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер у беларускага лідэра зьявіліся іншыя, больш важныя праблемы.

Сытуацыя зь ігнараваньнем беларусамі ялцінскае нарады ілюструе тую лёгкасьць, зь якой афіцыйны Менск псуе стасункі цяпер ужо ня толькі з Захадам, але й зь бліжэйшымі суседзямі. Самаізаляцыя стала той цаною, якую Беларусь вымушаная плаціць за крыўды свайго лідэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG