Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Заўтра Лёнданскі суд мае вынесьці прысуд у справе былога чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта, справа якога выклікала шырокі водгук у палітычных і юрыдычных колах. Не чакаючы канчатковага вэрдыкту, які цяжка прадбачыць, гішпанскі судзьдзя Балтазар Карзон загадзя заклікаў Пракуратуру падаць апэляцыю, калі Суд прыме рашэньне вызваліць Піначэта…

Пераканаўчыя аргуманты ўжываюць і прыхільнікі, і праціўнікі Піначэта. Паводле брытанскае газэты "The Daily Telegraph", Піначэт прыбыў ў Лёндан ў якасьці ганаровага госьця з дазволу дэмакратычна абранага ўраду Чылі. Затым, пасьля апэрацыі сьпіны ён быў забраны літаральна з ложка.

Газэта лічыць, што міжнародная канвэнцыя, на якую зараз спасылаецца Суд, не тычыцца палітычных справаў, у якіх малое праўдападабенства справядлівага суду. Акрамя таго, – адзначае газэта, – гэнэрал ня можа разьлічваць на сапраўдную абарону, паколькі тыя, якія сьведчылі б у ягоную карысьць, мелі б падставы баяцца, што Гішпанія арыштуе іх самых. Апрача таго, гішпанскі судзьдзя Бальтазар Карзон вельмі цесна супрацоўнічаў з дараднікам прэзыдэнта Альендэ, якога Піначэт адхіліў ад ўлады.

"The Daily Telegraph" падкрэсьлівае, што няма ніякіх доказаў таго, што гэнэрал Піначэт даваў загады зьдзяйсьняць тое, у чым зараз яго абвінавачваюць. Выпадкі сьмерці й катаваньня палітычных апанэнтаў мелі мейсца ва ўмовах, набліжаных да грамадзянскае вайны, справакаванай тым, што Альендэ зьвярнуўся да паза-канстытуцыйных уброеных фармаваньняў і кіраваньня дэкрэтамі.

Чылійскі народ, – гаворыцца ў "The Daily Telegraph", – сам адэкватна пакараў людзей, адказных за злачынствы, але паўстрымаўся ад вэндэты.

Абуральная гэтая спагадлівасьць лейбарыстаў, якія велікадушна вызваляюць забойцаў зь Ірляндзкай Рэспубліканскай Арміі, але адначасова не дазваляюць чылійцам самым залячыць свае раны, – піша "The Daily Telegraph".

Паводле брытанскае газэты, справа экстрадыцыі была ганебнай ад самога пачатку да канца. Асьмешылася таксама сваёй некампэтэнцыяй Палата Лордаў. Новы прынцып міжнароднага права, – піша газэта, быў усталяваны неабдумана, і ўскладае крымінальную адказнасьць на кіраўнікоў дзяржаваў за злачынствы іхных падначаленых. Такім чынам, пад шыльдаю абароны правоў чалавека маем дачыненьне з правам лінчу, – гаворыцца ў "The Daily Telegraph".

Газэта лічыць, што асуджанымі мусяць быць прэм'ер Тоні Блэр і міністар нутраных справаў Джэк Строў, паколькі яны ведалі, што крыўдзяць чалавека. Калі б яны мелі больш сьмеласьці, – піша брытанская газэта, дык прайгнаравалі б ідэялягічны ціск з боку левых і адаслалі б гэнэрала на радзіму.

У міжчасе таксама 30 чылійскіх сэнатараў заклікалі вызваліць Піначэта. Затрыманьне гэнэрала ў Лёндане яны назвалі "злачынным".

Учора ў ягоную абарону выступіла былы прэм'ер Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр, якая 9 гадоў публічна не выступала. На сустрэчы лідэраў сваёй Кансэрватыўнае партыі яна заявіла, што Піначэт зьяўляецца "адзіным палітычным вязьнем" у Велікабрытаніі:

"Сёньня я спыняю цішыню з важнай прычыны, а менавіта – каб выказаць сваё абурэньне жорсткім і несправядлівым абыходжаньнем з сэнатарм Піначэтам. Але перш за ўсё я хачу прывітаць нашых чылійскіх гасьцёў, якія праехалі паўсьвету, каб быць разам з намі. Яны мусяць зразумець нашае глыбокае пачуцьцё сораму й гневу з прычыны таго, якія былі адносіны да іхнай краіны, ейнага гонару, годнасьці, сувэрэнітэту, а таксама да ейнага былога кіраўніка", – сказала Маргарэт Тэтчэр.

Яна нагадала, што ў чэрвені 82-га году, ў часе вайны з Аргэнтынаю за Фальклэнды, урад Піначэта дапамог Лёндану, пастаўляючы выведвальную інфармацыю пра дзеяньні аргэнтыйскай авіяцыі.

Тэтчэр ня лічыць, што бяз гэтай дапамогі Фальклэнды былі б страчаныя, але – што ягоная падтрымка з боку кіраўніцтва Чылі была вельмі істотнай і "Лёндан мусіць быць за гэта ўдзячны".

Абаронцы гэнэрала спасылаюцца то на ягоныя заслугі, то на ўзрост і дрэнны стан здароўя, паколькі з часу затрыманьня ў Лёндане ён сапраўды перажыў два інфаркты. Аднак праціўнікі гэнэрала пагаджаюцца толькі з тым, што зараз ён стары і хворы.

Праваабарончая арганізацыя "Amnesty International" адхіліла, у прыватнасьці, цьверджаньні Маргарэт Тэтчэр. Прадстаўнік арганізацыі Мэры Робінсан заявіла, што гэнэрал быў затрыманы год таму ў Лёндане не за палітычную дзейнасьць, але за катаваньні людзей.

Між тым, арышт былога чылійскага дыктатара прымусіў таксама ЗША выявіць іхную ролю ў захопе Піначэтам улады і ў пазьнейшым тэроры ў Чылі.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выявіў некаторыя дакумэнты, аднак ЦРУ маўчыць наконт ейнага ўдзелу ў дзяржаўным перавароце ў Чылі ў 73-м годзе. Паводле газэты "International Herald Tribune", гэта незразумела, паколькі многае вядомае ўжо з паловы 70-х гадоў. У 70-м годзе ЦРУ спрабавала не дапусьціць да ўлады сацыяліста Альендэ. Выведвальныя службы падштурхнулі Піначэта да дзяржаўнага перавароту й затым цесна супрацоўнічалі зь ягонымі службамі бясьпекі.

Паводле "International Herald Tribune", адміністрацыя Клінтана слушна падштурхоўвае іншыя краіны, каб тыя выявілі й пазбыліся цяжару свайго няслаўнага мінулага. Аднак, на думку газэты, ачысьціцца трэба й самому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG