Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора, ў 16-ты дзень антыўрадавых пратэстаў, агулам каля 30-ці тысячаў чалавек дэманстравалі ў 20-ці сэрбскіх гарадох. Аднак шырокі рэзананс, які выклікае сьмерць чатарох блізкіх супрацоўнікаў Вука Драшкавіча, дазваляе меркаваць, што ягоная партыя падтрымае вулічныя дэманстрацыі, і падзеленая апазыцыя аб'яднае сілы…

Прыблізана 5 тысячаў чалавек, незважаючы на праліўны дождж дэманстравалі ў Белградзе. Абыйшлося без інцыдэнтаў, паколькі і дэманстранты, і паліцыя відавочна пазьбягалі сутычак. Лідэр "Зьвязу за зьмены" Зоран Джынджыч заклікаў грамадзтва да падтрыманьня дэманстрацыяў. "Гэта вельмі важна, каб не пратэставала мяншыня, пад час, калі іншыя стаяць збоку", – сказаў ён.

У Новым Садзе каля 8-мі тысячаў дэманстрантаў са сьвечкамі ў руках адзначылі таксама 11-ю гадавіну гэтак званай "ёгуртавай рэвалюцыі". Тады сяляне закідалі ёгуртам урадавыя будынкі й прывялі да адстаўкі сацыялістычнага ўраду Ваяводзіны, што дапамагло Мілошэвічу адхіліць ад ўлады сваіх канкурэнтаў.

Зараз, дэманстранты абвінавачвалі прэзыдэнта ў раздзьмуваньні этнічных канфліктаў, міжнароднай ізаляцыі краіны і эканамічных цяжкасьцях.

"Мы ня можам уцячы ад Мілошавіча, паколькі гэта не чалавек, але бруд", – заявіў апазыцыйны лідэр Нэнад Чадак. Паводле яго, сьвечкі ў руках удзельнікаў акцыі пратэсту нагадваюць пра "ахвяры вайны, ахвяры замахаў, прыгадваюць пра скрадзеную маёмасьць і абрабаваную Ваяводзіну".

"Калі б мы пералічылі ўсё, што Мілошавіч зруйнаваў, гэта быў бы даўгі сьпіс. Усё зруйнванае гэтым дурням і ягонай жонкаю", – заявіў Нэнад Чадак.

У горадзе Ніш арганізатары пратэсту з удзелам 5-ці тысячаў чалавек адклікалі марш і абмяжаваліся толькі мітынгам. "Мы пратэстуем ведаючы, што пераважная бальшыня грамадзянаў выказваецца за аднаўленьне, рэформы, станоўчыя зьмены ў краіне і супраць акупацыі Югаславіі, за што выказваецца й наш "Зьвяз", – заявіў адзін зь лідэраў апазыцыі Горан Маціч.

Учора лідэр апазыцыйнага "Руху Аднаўленьня" Вук Драшкавіч выступіў з заявамі, якія могуць азначаць яго поўнае далучэньне да барацьбы з урадам Мілошавіча.

У аўторак у часе паховінаў свайго швагра Вэсэліна Боскавіча Драшкавіч выразна заявіў, што гэта рэжым зарганізаваў замах на ягонае жыцьцё. Сьведкі бачылі, што грузавік разам зь легкавой машынаю некалькі гадзінаў стаялі на ўзбочыне дарогі, як быццам некага чакаючы. Затым шафёр грузавіка й легкавая машына зьніклі, хаця добра вядомыя нумары грузавіка.

Драшкавіч падкрэсьліў, што сам ён цудам выратаваўся з гэтага замаху і, што цяпер ня бачыць аніякай магчымасьці супрацоўніцтва з рэжымам.

Ягоныя прыхільнікі мяркуюць, што ўжо 9 гадоў таму іныдэнт, калі Драшкавіч вяртаўся з Чэхіі ў Белград, мог быць першай спробаю замаху на яго. Супрацоўнік Драшкавіча Дзюро Вучэліч абвінаваціў учора рэжым у "абвяшчэньні вайны іхнай партыі".

"Калі яны хочуць вайны, дык будуць яе мець. Але там ня будзе больш аніякіх аксамітных дэманстрацыяў, мы запатрабуем пакараньня бязьлітасных забойцаў", – сказаў ён.

Такі ж войстры тон адчуваўся ў прамове Драшкавіча ў часе паховінаў трох ягоных целаахоўнікаў, што загінулі ў нядзельнай таямнічай аўтакатастрофе. Ён назваў кіруючы рэжым "імпэрыяй зла, якая тармазіць усякі прагрэс у краіне, якая кожны дзень спрычыняе сьмерць, і якая сама сябе разбурыць":

"Давайце праклянем гэтых злых людзей, гэтых чарцей, якія на працягу 10-ці гадоў будавалі сваё шчасьце за кошт галечы іншых, якія маюць на сваім сумленьні гэтулькі жыцьцяў і гэтулькі крыві, якія разбурылі гэтулькі краінаў і ўмеюць выклікаць толькі нянавісьць. Як доўга яшчэ? Як доўга?"

Аглядальнікі лічаць, што адказ на гэтае апошняе пытаньне шмат у чым залежыць ад самога Драшкавіча. Ён узначальвае партыю, якая кантралюе белградзкую гарадзкую Раду. Ён таксама ў любы момант можа вывесьці на вуліцы тысячы людзей, паколькі нават на паховіны ягонага швагра прыйшло больш людзей, чым на дэманстрацыі, зарганізаваныя партыяй ягонага канкурэнта Джынджыча "Зьвяз за зьмены".

Зараз "Рух Аднаўленьня" праводзіць кансультацыі зь іншымі партыямі наконт умоваў удзелу ў датэрміновых выбарах. Паколькі аднак Мілошавіч не пагаджаецца на іх, Драшкавіч ня выключыў, што закліча сваіх прыхільнікаў дамагацца выбараў шляхам вулічных пратэстаў. Прыхільнікі Драшкавіча ў гарадох Бор і Крушэвац ужо далучыліся да штодзённых пратэстаў і кіраўніцтва партыі лічыць, што яно ясна мусіць выказацца наконт удзелу ў іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG