Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 кастрычнiка 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Гэтымі днямі ў Менску праходзіць Інтэрнэт-форум, на якім абмяркоўваюцца стан і пэрспэктывы інтэграцыі Беларусі ва ўсясьветную інфармацыйную прастору.

Ініцыятыва цяперашняга Інтэрнэт-форуму належыць недзяржаўным бізнэс-структурам айчыннага рынку тэлекамунікацыяў. Яны хочуць атрымаць адказ на наступныя пытаньні: што уяўляе сабою сучасны беларускі Інтэрнэт? Як ён суадносіцца зь міжнароднымі тэндэнцыямі й наколькі ў нашай краіне пэрспэктыўная гэтая справа?

Гаворыць дырэктар Інтэрнэт-форуму Іван Пятровіч:

(Пятровіч: ) "На жаль, інтэрнэт у нас атрымаў недастатковае разьвіцьцё і недастаткова папулярызуецца. Калі адказваць на пытаньне – наколькі мы адсталі ад інтэрнэту ўсясьветнага або нашых суседзяў? – то можна казаць аб адставаньні беларускага інтэрнэту ад расейскага як мінімум на тры гады і ад украінскага – сама малое на год-паўтары.

Гэта – істотнае адставаньне, паколькі год для інтэрнэту роўны тром-пяці гадом у звычайным бізнэсе".

У гэтай сувязі ў часе форуму гучала шкадаваньне з нагоды закрыцьця беларускімі ўладамі два гады таму "Беларускага фонду Сораса", які адным зь першых распачаў актыўнае далучэньне краіны да ўсясьветнай інфармацыйнае прасторы.

Паводле меркаваньня адмыслоўцаў, сёньняшнія праблемы беларускага інтэрнэту вынікаюць, прынамсі, з двух нэгатыўных фактараў: нізкай інфармаванасьці пра яго шырокіх слаёў насельніцтва й складанага стану нацыянальнай эканомікі.

Існуе цесная залежнасьць стану беларускага інтэрнэту ад яго стасункаў з айчыннымі сродкамі масавай інфармацыі. Вартымі жалю назваў на форуме гэтыя стасункі Дзьмітры Егіпка, прадстаўнік міжнароднай арганізацыі "IREX", якая дапамагае беларускім выданьням асвойваць і ўкараняць інтэрнэт. Бальшыня беларускіх газет, – заявіў ён, – ня мае сродкаў, каб выдаваць свае электронныя вэрсіі. Фінансавыя праблемы выданьняў, як лічыць спадар Егіпка, перашкаджаюць таксама карыстацца вялікімі перавагамі, якія дае інтэрнэт.

Паведамлялася на форуме, што ў гэтым пляне далёкія ад дасканаласьці нават лідэры сярод недзяржаўных газэтаў "Белорусский рынок" і "Белорусская деловая газета".

Дырэктар Інтэрнэт-форуму Іван Пятровіч, камэнтуючы для нашага радыё ініцыятывы зьяўленьня ў Беларусі выключна "інтэрнэтаўскіх" сродкаў масавай інфармацыі, назваў іх заўчаснымі. Рэч у тым, патлумачыў ён, што ў краіне на сёньняшні дзень вельмі мала карыстальнікаў інтэрнэту. А гэта, у сваю чаргу, якраз і ёсьць вынік агульнаэканамічнае сытуацыі ў Беларусі:

(Пятровіч: ) "Цяжка гаварыць пра тое, каб хтосьці сур'ёзна інвэставаў сродкі ў беларускі інтэрнэт. Становішча тут мала адрозьніваецца ад таго, што мы назіраем зь інвэстыцыямі ў айчынны бізнэс навогул".

Прагрэс інтэрнэту ў Беларусі, як вядома, немагчымы без шырокай кампутарызацыі краіны. Між тым, кампутарны бізнэс зараз знаходзіцца ў такім жа заняпадзе, як і іншыя спраўныя сфэры. Фірмы, што працуюць на рынку абсталяваньня для інтэрнэту, а іх каля пяцісот, пакутуюць, да прыкладу, ад бюракратычнага ліцэнзаваньня, ад валютнай палітыкі дзяржавы. Апроч таго, спраўнае партнэрства гэтых фірмаў з заможнымі заходнімі вытворцамі абсталяваньня суправаджаецца няспынымі праверкамі безьлічы дзяржаўных кантралёраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG