Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 кастрычнiка 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

На пачатку кастрычніка міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі павінна было аб'явіць канчатковыя вынікі перапісу насельніцтва, праведзенага яшчэ ў лютым. Але сёньня намесьнік міністра Галіна Гасюк паведаміла журналістам, што вынікі можна чакаць толькі напрыканцы лістападу. А для апрацоўкі атрыманай у часе перапісу інфармацыі беларускія ўлады вымушаныя прасіць фінансавай і тэхнічнае дапамогі ў міжнародных арганізацыяў.

Паводле зьвестак, прыведзеных Галінаю Гасюк, перапіс паказаў, што колькасьць насельніцтва Беларусі не перавышае 10 мільёнаў 200 тысячаў чалавек. Ад 1993 году нараджальнасьць скарацілася на 35 адсоткаў, а сьмяротнасьць сярод дарослага насельніцтва вырасла на чвэрць. Такім чынам, штогод з мапы Беларусі фактычна зьнікае буйны раённы цэнтар.

Колькі беларусаў жыве сёньня ў краіне? Колькі адсоткаў насельніцтва карыстаецца той ці іншай моваю? Адказы на гэтыя пытаньні Галіна Гасюк так і не дала, хаця сьцьвярджала, што, паводле папярэдніх зьвестак, у дэмаграфічнай сытуацыі ў Беларусі назіраюцца цікавыя тэндэнцыі. Яна ж паведаміла, што толькі цяпер адмыслоўцы пачалі кампутаровую апрацоўку інфармацыі, што была атрыманая яшчэ ў лютым.

На пачатку года афіцыйная прапаганда падавала маючы адбыцца перапіс насельніцтва, як дасягненьне ўладаў. Маўляў, Беларусь – бадай што адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая знайшла сродкі на гэтыя мэты. Разам з гэтым, кошт перапісу трымаўся ў сакрэце. Вядома толькі, што перапісаць аднаго чалавека на Беларусі значна таньней, чым у Злучаных Штатах ці ў Заходняй Эўропе.

Сёньня стала вядома яшчэ адная акалічнасьць. Дзеля таго, каб скончыць апрацоўку вынікаў перапісу, улады Беларусі вымушаныя былі прасіць у міжнародных арганізацыяў фінансавую і тэхнічную дапамогу.

XS
SM
MD
LG