Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 кастрычнiка 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Заўтра ў друку зьявіцца праект дамовы аб стварэньні "саюзнае" дзяржавы, які падрыхтаваны афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі й Расеі.

Сам па сабе тэкст дамовы, як мы ўжо адзначалі, мала чым адрозьніваецца ад таго, што было падпісана Ельцыным і Лукашэнкам раней. Усё тыя ж фразы пра "няўхільнае выкананьне свабодаў і правоў чалавека", пра "фармаваньне адзінае праўнае сыстэмы дэмакратычнае дзяржавы", пра "ўмацаваньне міру і ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва у Эўропе", і гэтак далей. Ёсьць, аднак, розьніца – у дамове гаворыцца менавіта пра адзіную ДЗЯРЖАВУ.

І этапы стварэньня гэтае дзяржавы адпрацаваны ў так званай "праграме дзеяньняў у рэалізацыі дамовы". Тут і ўніфікацыя гаспадарчага заканадаўства, і стварэньне агульных транспартных і камунікацыйных сыстэмаў, і ўвядзеньне ў 2005 годзе адзінае валюты.

А ў мэтах ажыцьцяўленьня адзінае палітыкі ў галіне абароны й ваеннага будаўніцтва ужо ў наступным, 2000 годзе, плянуецца прыняць адзіную ваенную дактрыну "саюзнае" дзяржавы, стварыць рэгіянальную групоўку войскаў, сфармаваць адзіны абаронны заказ.

Такой ступені ваеннай інтэграцыі Беларусь і Расея яшчэ не дасягалі. Наколькі яна рэальная? Я зьвярнуўся па камэнтар да дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі, гэнэрал-лейтэнанта Мечыслава Грыба.

(Грыб: ) "Рэальна можа быць у нашай краіне ўсё, нават самае й нечаканае. Але я хацеў бы нагадаць нешта іншае. Да прыкладу, што ваенная дактрына ў свой час была распрацаваная й прынятая вярхоўным Саветам 12-га скліканьня – ваенная дактрына Беларусі. Якая ўпершыню ва ўсім сьвеце заявіла, што ня бачыць сваіх патэнцыйных ворагаў а ні ўводнай краіне сьвету, і ў першую чаргу – у суседзях. Па-другое, як вам вядома з артыкула 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю безьядравай зонаю, а дзяржаву – неэтральнай.

І калі мы ствараем новыя "агульныя" войскі, "агульную" армію зь дзяржаваю, якая мае ядравую зброю – як гэта будзе датычыцца да нашага статусу, які зацьверджаны Канстытуцыяй? Як гэта будзе датычыцца да таго, што Лукашэнка – хоць сваю—не сваю – але ўносіў прапанову аб стварэньні бязьядравай зоны ў цэнтры Эўропы?

Таму што, калі будзе рэгіянальнае войска, калі будзе "агульнае" ўзбраеньне – гэта значыць, што нашыя войскі таксама будуць мець дачыненьне да ядравай зброі. Інакш жа нельга…

Ну, і іншае – калі гэта ўсё будзе "агульнае" – "агульна-рэгіянальнае" – тады будуць створаныя войскі й нашыя хлопцы паедуць ваяваць туды, куды іх пашле гэты "саюз". Гэта супярэчыць нашай Канстытуцыі й нашаму заканадаўству на сёньняшні дзень. Але ўлічваючы тое, што з заканадаўствам і Канстытуцыяй у нас у краіне мала хто лічыцца, і навогул, ніхто ня лічыцца зь кіраўнікоў дзяржавы, тады ў нас усё магчыма".

Беларускія палітыкі й журналісты, гаворачы пра неаднароднасьць расейскае палітычнай эліты, часам вызначаюць Яўлінскага і ягоную фракцыю "Яблоко" як ледзь не як прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі. Як жа ставіцца фракцыя "Яблоко" да цяперашняга варыянту інтэграцыі? Я патэлефаніў Маскву, на сувязі – дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Сяргей Мітрохін.

(Мітрохін: ) "Па асобных пытаньнях Расея сапраўды зацікаўленая ў стварэньні нейкіх сыстэмаў уніфікацыі. Ну, да прыкладу, у сфэры адзінай інфармацыйнае прасторы – ёсьць наўпроставы інтарэс Расеі. А таксама і ў стварэньні нейкіх абаронных структураў. Таму што ўжо цяпер, фактычна, беларускія ваенныя структуры прывязаныя да расейскага ваенна-прамысловага комплексу. Ды й навогул, калі будзе пераход да адзінага камандаваньня, дык будзе больш каардынацыі ў вайсковай галіне. І гэта – пазытыўная зьява.

А вось што тычыцца мытні, то гэта самае цікавае пытаньне. Цяпер Расея нясе вялізныя страты з прычыны нявызначанасьці мытнага статусу Беларусі. Існуе адзіная мытная прастора, ёсьць мытныя дамовы, але – Беларусь самастойная ў сваёй мытнай палітыцы ў дачыненьні да трэціх краінаў. Натуральна, ад гэтага Расея церпіць. Бо, ня маючы агульнае мытні, яна ня можа кантраляваць плыні тавараў, якія ідуць з трэціх краінаў у Расею і з Расеі. І тут наўпроставая зацікаўленасьць у тым, каб стварыць адзіную з Беларусьсю мяжу ды адзіную сыстэму мытнага кантролю. Але гэтая сыстэма, безумоўна, павінная знаходзіцца пад кантролем Расеі. Таму што Расея зьяўляецца значна большым экспартэрам ды імпартэрам за Беларусь. І таму наўпроставая зацікаўленасьць тут Расеі – паставіць Беларусь пад поўны мытны кантроль, і не даваць Беларусі права самастойна падпісваць мытныя пагадненьні зь іншымі краінамі".

Як бачым, неабходнасьць інтэграцыі і нават "поўнага кантролю" ў нейкіх сфэрах дэпутат фракцыі Яўлінскага ня ставіць пад сумнеў. Што ж выклікае найбольшыя сумненьні?

(Мітрохін: ) "Лукашэнка зьяўляецца непрадказальным партнэрам, ад яго можна чакаць чаго заўгодна. І ёсьць верагоднасьць, што ўсе гэтыя дамоўленасьці будуць імі або парушаныя, або павернутыя гэткім чынам, каб мець выгоду, паразытуючы на ідэі Саюзу Беларусі й Расеі. Таму, канечне, тут Расея ўступае ў небясьпечную гульню.

У Расеі аслабленая дзяржаўная ўлада, дзяржаўныя структуры, яна не можа кантраляваць ўласную тэрыторыю, уласных губэрнатараў. А калі ў яе будзе такі моцны, але непрадказальны партнэр па Саюзу, дык яго яна здолее кантраляваць у значна меньшай ступені, чым губэрнатараў. І можа здарыцца, што усе гэтыя дамоўленасьці апынуцца на пяску.

Расея тады ўсё роўна прайграе, яна ня здолее зрабіць а ні адзіную сыстэму мяжы і мытні, а ні выканаць астатнія мэты хаўрусу. Усё гэта будзе толькі заслона для прыкрыцьця інтарэсаў Лукашэнкі. Вось гэта – вельмі небясьпечная сытуацыя.

І потым, ёсьць яшчэ адная небясьпека. Цяперашні рэжым Лукашэнкі – нелегітымны й міжнародна непрызнаны. Калі Расея ўступіць зь ім у такія шчыльныя адносіны, гэта адаб'ецца на вонкапалітычным аўтарыцеце Расеі".

Ну а калі не з Лукашэнкам – дык зь кім дэпутаты фракцыі Яўлінскага лічылі б магчымым ажыцьцяўляць "інтэграцыю"?

(Мітрохін: ) "У нас ёсьць уласнае адзьдзяленьне "Яблока" ў Беларусі, вось зь імі мы ў асноўным і кантактуем. Ну а што тычыцца беларускай апазыцыі, то цяпер яна ўяўляе сабой палітычна недзеяздольную зьяву. Яна аказалася палітычна нягеглай. У ёй узялі перавагу пэўныя экстрэмісцкія сілы, і гэта рэзка аслабіла ейны аўтарытэт у вачох насельніцтва й зьвяло да нуля ейную палітычную ролю.

Было б, канечне, вельмі добра, калі б адбыўся працэс зьмены лідэраў беларускай апазыцыі і кансалідацыя руху прафэсійных зьвязаў зь сіламі апазыцыі. Каб быў створаны такі магутны, адзіны палітычны фронт, апазыцыйны да Лукашэнкі.

Гаворка ідзе пра тое, каб прайшла зьмена ўлады ў Расеі. І ў ідэале, канечне, і ў Беларусі. І тады на новай падставе гэтыя дзяржавы, якія будуць весьці стабільную, разумную палітыку, паставяць пытаньне пра інтэграцыю. Вось гэта тое, да чаго трэба ймкнуцца дэмакратычным сілам і ў Расеі, і ў Беларусі".

Як жа глядзяць на чарговы этап беларуска-расейскай "інтэграцыі" з Кіева? На сувязі – дырэктар украінскага інстытуту паліталёгіі Мыкола Тамэнка.

(Тамэнка: ) "Тут ўсё ж бачнае пэўнае дамінаваньне й палітычных перадвыбарчых настрояў расейскіх, і той няпростай сытуацыі, у якой знаходзіцца Лукашэнка як прэзыдэнт.

І я думаю, яны зацікаўленыя радыкалізаваць рыторыку. І паказаць, што ідэя, пра якую яны дак доўга гавораць, ужо расьпісаная ў часе, што яна паэтапна праглядаецца. І што канцэпцыя ад "хаўрусу дзяржаваў" да "хаўруснай" дзяржавы – абсалютна зразумелая і ўспрынятая. Насам рэч усё значна больш сур'ёзна. Асабліва калі гаворка йдзе пра настроі ў фінансавых і палітычных колах Расеі.

І я ня бачу ў бліжэйшы час, ва ўсялякім разе – да сканчэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, нейкай верагоднасьці таго, што названыя ў дамове пункты будуць рэалізаваныя на практыцы".

Прыхільнікі "інтэграцыі" часта кажуць, што без Украіны "хаўрус славянскіх дзяржаваў быў бы няпоўны". Зусім нядаўна расейскія камэнтатары прагназавалі, што з пачаткам перадвыбарчае кампаніі ва Ўкраіне будуць пераважаць інтэграцыяйныя настроі. Ці гэта так на самой справе?

(Тамэнка: ) "Я павінен сказаць, што ва Ўкраіне – наадварот, як ня дзіўна. Здавалася б, прэзыдэнцкая кампанія павінна была б актывізаваць настроі да хаўрусу. Магчыма, гэта зьвязана зь няпростай сытуацыяй у Расеі, магчыма, тут – іншыя абставіны. Але – рыторыка нават украінскіх левых сёньня вельмі адрозьніваецца ад таго, што яны казалі летась, у 98-м годзе. Гэта тычыцца й тэмы славянскага хаўрусу, і хаўрусу Ўкраіны, Беларусі й Расеі.

А ні агульныя вайсковыя фармаваньні, а ні агульная мяжа – нічога гэтага няма ў выказваньнях. Выключэньне – толькі Натальля Вэтрэнка, якая кажа пра сыстэму калектыўнае бясьпекі.

Нават кіраўнік Вышэйшае Рады ў сваёй праграме як кандыдата на пасаду прэзыдэнта фактычна выракаецца гэтага. Бальшыня гаворыць агульныя фразы пра сяброўскія, братнія эканамічна выгодныя адносіны паміж суседзямі – Украінаю, Расеяй і Беларусьсю.

Такім чынам, я прагназую, што ва Ўкраіне, незалежна ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, перагляду сёньняшняе палітычнае дактрыны ў адносінах з Расеяй і Беларусьсю прынцыпова ня будзе назірацца. Я думаю, што Ўкраіна застанецца на пазыцыях самастойнага суб'екту прыняцьця рашэньняў і ня пойдзе ні на ніякія аб'яднаньні мытныя, фінансавыя, ці іншага роду хаўрусныя "ўтварэньні".

Заўтра тэкст праекту дамовы паміж Беларусьсю й Расеяй будзе апублікаваны ў друку, і мы будзем знаёміць слухачоў з тым, як успрымаецца ён і ў Беларусі, і па-за ейнымі межамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG