Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 кастрычнiка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Сёньня, падсумоўваючы трохдзённую дыскусію, парлямэнт супольнай Эўропы прыняў адпаведную рэзалюцыю. Толькі што мы атрымалі празь віцэ-старшыню камісіі Эўрапарлямэнту ў справах стасункаў з Беларусьсю й адмысловага дакладчыка ў беларускіх справах Элізабэт Шродтэр тэкст гэтае рэзалюцыі…

У прэамбуле рэзалюцыі Эўрапейскі парлямэнт падцьвярджае сваю пазыцыю аб непрызнаньні паўнамоцваў прэзыдэнта Беларусі пасьля 20 ліпеня 1999 году, а таксама выказвае сваё глыбокае заклапочаньне апошнімі фактамі перасьледу незалежных сродкаў масавай інфармацыі і незалежных палітыкаў.

У рэзалюцыі гаворыцца: "Эўрапарлямэнт выказвае глыбокае заклапочаньне да сёньняшняга дня ня высветленай справы зьнікненьня Віктара Ганчара, віцэ-сьпікэра Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, і Анатоля Красоўскага, кіраўніка незалежнага выдаўніцтва "Красіко", якіх апошні раз бачылі 16 верасьня, а таксама справы зьнікненьня былой старшыні Нацыянальнага Банку Беларусі Тамары Віньнікавай і былога міністра замежных справаў Юрыя Захаранкі".

Эўрапарлямэнт адзначае, што былога прэм'ер-міністра Міхала Чыгіра трымаюць у турме па абвінавачваньню ў злоўжываньні службовым становішчам без аніякіх доказаў віны.

Апошнія арышты кіраўнікоў прадпрыемстваў выразна скіраваныя на павелічэньне дзяржаўнага кантролю над гэтымі прадпрыемствамі.

Эўрапейскі парлямэнт выказвае трывогу ў зьвязку з крымінальным перасьледам журналістаў, прадстаўнікоў незалежнае прэсы, які выявіўся перад усім у аштрафаваньні вядучай незалежнае газэты "Навіны" на 20 тысячаў даляраў ЗША і ў пагрозе зачыніць газэту, якая зыходзіла ад самога прэзыдэнта.

Эўрапарлямэнт зноў падкрэсьлівае, што Эўрапейскі Зьвяз, падпісаўшы зь Беларусьсю дамову аб супрацоўніцтве, тым самым намагаецца ўмацаваць свае адносіны зь Беларусьсю й даць ёй поўную падтрымку ў справе ажыцьцяўленьня эканамічных і дэмакратычных рэформаў у гэтай краіне.

Апошнія падзеі і ўпартае нежаданьне беларускіх уладаў праводзіць дэмакратычныя рэформы, – падкрэсліваецца ў сёньняшняй рэзалюцыі, – перашкаджае далейшай інтэграцыі Беларусі ў эканамічныя і палітычныя структуры Эўропы.

У другой частцы рэзалюцыі Эўрапарлямэнту беларускія ўлады заклікаюцца неадкладна зрабіць наступнае: - зрабіць усё магчымае, каб высьветліць мейсцазнаходжаньне Тамары Віньнікавай, Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара й гарантаваць іх бясьпеку. Эўрапарлямэнт чакае папярэднія вынікі сьледзтва.

- неадкладна вызваліць тых, хто знаходзіцца ў турме за тое, што карыстаўся законным правам свабоды слова, перш за ўсё дэпутатаў Андрэя Клімава й Віктара Кудзінава.

- Аднавіць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека, свабоды друку й слова, так як гэта гарантуецца ў Міжнароднай Канвэнцыі Грамадзянскіх і Палітычных Правоў, а таксама ў Парыжскай Хартыі новай Эўропы, якія Беларусь падпісала, і якія зьяўляюцца падставаю да Дамовы аб супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам.

- Неадкладна выканаць ўсе неабходныя ўмовы дзеля паляпшэньня адносінаў паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю з дапамогаю ажыцьцяўленьня неабходных крокаў у галіне эканамічных і дэмакратычных рэформаў, а таксама ў галіне пашаны міжнародных нормаў спраўнага дзяржаўнага адміністраваньня й пашаны правоў чалавека…

- Эўрапарлямэнт выказвае поўную падтрымку высілкаў АБСЭ ў галіне наладжваньня дыялёгу паміж прэзыдэнтам і апазыцыяй з мэтаю пазьбяганьня далейшага паглыбленьня падзелаў у грамадзтве.

- Парлямэнт Эўропы заклікае Лукашэнку дазволіць правядзеньне справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў у 1999 годзе й парлямэнцкіх у 2000 годзе ў адпаведнасьці з абяцаньнямі, дадзенымі АБСЕ, а сярод неабходных перадумоваў гэтага забясьпечыць неабмежаваны доступ апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі. Гэтая рэзалюцыя накіроўваецца Эўракамісіі, Радзе Эўропы, Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе, ураду Беларусі, а таксама дэмакратычна абранаму парлямэнту Беларусі.

XS
SM
MD
LG