Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Сёньня паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта Чачні Масхадава ў Маскве Майрбек Вачагаеў заявіў, што чачэнскі прэзыдэнт прапанаваў ўсім рэлігійным дзеячам рэспублікі аб'явіць Расеі сьвяшчэнную вайну – газават. Вачагаеў сказаў сёньня ў эфіры радыё "Эхо Москвы", што цяпер Чачня будзе "ня проста адказваць на вагонь расейскай арміі, але й нанасіць канкрэтныя ўдары".

"Ад сёньняшняга дню Чачня прымае прапанаваную Расеяй вайну", – заявіў Вачагаеў. Чачэнскі віцэ-прэм'ер Ахмед Закаеў у інтэрвію агэнцыі "Интерфакс" распавёў аб ваенных прызначэньнях, зробленых Масхадавым. Прызначаныя, у прыватнасьці, начальнікі штабоў і камандуючыя франтамі.

Тым часам сёньня ў штабе ачольніка ўзброенымі сіламі Чачні паведамілі, што сёньня ўраніцу расейскія войскі выпусьцілі па тэрыторыі рэспублікі дзьве тактычныя ракеты "зямля-зямля", адна з якіх выбухнула, а другая ўпала непадалёк ад сяла Рошні, не выбухнуўшы. Чачэнскі бок таксама сьцьвярджае, што ў Шэлкаўскім раёне сёньня быў зьбіты расейскі гэлікоптэр МІ-8 з дэсантам на борце. Расейскія крыніцы гэтай інфармацыі не падцьвердзілі.

Ёсьць, аднак, трывалае падцьверджаньне інфармацыі аб зьбіцьці чачэнцамі 3-4 кастрычніка двух расейскіх баявых самалётаў – штурмавіка СУ-25 і бамбавіка СУ-24. Абедзьве машыны былі падбітыя ракетамі пераноснага зенітнага ракетнага комплексу. Такіх стратаў расейскія ваенна-паветраныя сілы ў Чачні яшчэ ня несьлі. За ўсю мінулую вайну 1994–1996 гадоў чачэнцам удалося зьбіць усяго адзін СУ-25, ды й то досыць выпадкова.

Цяперашнія падзеі, хутчэй за ўсё, прымусяць расейскую авіяцыю зьмяніць тактыку. Павысіцца вышыня палётаў, а значыць пагоршыцца дакладнасьць ракетна-бомбавых удараў, што відавочна, прывядзе да росту ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.

Расейская прэса, асьвятляючы збройную апэрацыю ў Чачні, увогуле дае вельмі мала карэспандэнцыяў непасрэдна з раёну баявых дзеяньняў, а калі яны і зьяўляюцца – то толькі з аднаго, расейскага боку лініі фронту.

Рэпартаж пра тое, як выжываюць сярод бамбаваньняў шэраговыя жыхары Грознага, апублікавала сёньня ўплывовая амэрыканская газэта "The New York Times":

Дзевяціпавярховы будынак на вуліцы Аўтурханава ў Грозным красамоўна нагадвае пра вайну 1995 году ў чачэнскай сталіцы. Сярод пакінутых руінаў усё яшчэ відаць сьляды абстрэлаў і вокны падвальных сховішчаў ад тагачасных расейскіх бамбаваньняў. Але нават у гэтым доме людзі здолелі наладзіць нейкае жыцьцё, заляпіўшы адтуліны ад куляў і падрамантаваўшы свае кватэры. Сярод спаленых і зрынутых фасадаў сонца адсьвечвае новыя ўстаўленыя шыбы або сьвежа пафарбаваны гаўбец, на якім сушыцца выпранае адзеньне.

58-гадовы Рэзван Кагіраў, адрамантаваў сваю кватэру, пераклаўшы падлогу й паправіўшы гаўбец. "Тут быў жудасны непарадак, – кажа ён карэспандэнту "The New York Times", – сьцены былі разламаныя, і ўсе разрабаванае". Кагіраў паступова сабраў новую мэблю й наладзіў электрычнасьць.

Але ва ўсім будынку ад пачатку бамбаваньняў у верасьні няма вады, і жыхары ходзяць некалькі сотняў мэтраў да бліжэйшай калёнкі. Днямі расейскія федэральныя ўлады адключылі газ, а электрычнасьць бывае толькі час ад часу.

"Толькі людзі пачалі прыводзіць ўсе ў парадак, а тут зноў вайна. Гэта незразумела", – качае галавой Кагіраў. У аўторак ён пагрузіў некалькі ложкаў і матрацаў у грузавік і накіраваў яго да сваёй сям'і, якая знайшла прытулак у сваякоў у вёсцы на поўдзень ад Грознага.

"Мы пакідаем Грозны, бо дзеці палохаюцца бамбаваньняў", – кажа швагерка Кагірава Зулай Дунхаджыева, якая бярэ шасьцёх дзяцей і выяжджае з гораду. "Мы ня бярэм усе рэчы, толькі самае важнае", – гаворыць Зулай, пакуль яе сыны загружаюць у машыну мяхі з мукою. "Яны кажуць, што прыйшлі знішчыць тэрарыстаў, але пакуль ня зьнішчылі аніводнага – толькі звычайных мірных людзей", – са злосьцю кажа Дунхаджыева.

"Ніхто не жадае гэтае вайны, – сьцьвярджае Кагіраў. – Мы ўжо стаміліся ад усяго гэтага. Мы проста хочам, каб нас пакінулі ў спакоі". "Я думаю, гэта працягнецца доўга. – кажа ён. – Яны хочуць выклікаць тут грамадзянскую вайну. Яны гэтага ня здолеюць, але пакуль няма парадку ў Расеі, не будзе парадку й тут".

Бальшыня з жыхароў гэтага дому, як і ўсяго Грознага, ужо зьехалі або хаця б адправілі жанчынаў і дзяцей у вёскі. Але этнічныя расейцы, якіх у Чачні цяпер паводле ацэнак, усяго некалькі тысячаў, застаюцца ў сваіх кватэрах.

"Многія, канешне, зьехалі, але ў нашым доме яшчэ каля дзесяці расейскіх сем'яў", – кажа 72-гадовая пэнсіянэрка Тацяна Лазоўцава. "Скажыце ім не бамбіць, бо гэта заўсёды прыносіць шкоду толькі мірным людзям", – гаворыць Лазоўцава карэспандэнту "The New York Times". Яна са сваім мужам Іванам перажылі вайну 95-га году, хаваючыся разам з чачэнцамі ў скляпеньні. "Гэта была жахліва, але мы выжылі. Мы не разумеем, што адбываецца. Там, наверсе, яны робяць свае справы, а церпяць простыя людзі", – кажа Лазоўцава.

Чачэнскія сем'і ў будынку па вуліцы Аўтарханава, падобна, маюць адзіную думку: Чачня ніколі ня вернецца назад у Расейскую Федэрацыю, і ніколі не дазволіць расейскім войскам акупаваць іхнюю зямлю. "Усё нашае жыцьцё зруйнаванае расейцамі. А ні ў якім разе нашыя людзі зараз ня пойдуць на паклон да Расеі", – гаворыць Рэзван Кагіраў карэспандэнту "The New York Times".

XS
SM
MD
LG