Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 кастрычнiка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Працягваецца ціск на беларускую незалежную прэсу. Сёньня падатковая інспэкцыя запатрабавала закрыцьця незалежнага штотыднёвіка "Беларуская маладзёжная", скіраваўшы адпаведны ліст у Дзяржаўны камітэт па друку…

Яшчэ не пасьпеў высахнуць атрамант на паперы наконт закрыцьця газэты "Навіны", як на мяжы закрыцьця апынуўся штотыднёвік "Беларуская маладзёжная" з 5-тысячным накладам.

Галоўны рэдактар газэты Тацяна Мельнічук паведаміла, што зь ініцыятываю закрыццья выданьня выступіла падатковая інспэкцыя Фрунзэнскага раёну Менску, якая скіравала адпаведны ліст у Дзяржаўны камітэт па друку. Нагода ў гэтым, паводле словаў спадарыні Мельнічук, выглядае, як мінімум, дзіўна — у мінулы панядзелак супрацоўнікі падатковае інспэкцыі наведалі юрыдычныю адрэсу газэты, але ім не адчынілі дзьверы, бо ў прыватнай кватэры, дзе месьціца рэдакцыя, знаходзіўся толькі 12-гадовы хлопчык, брат супрацоўніцы газэты Анастасіі Пятроўскай.

Рэдакцыя пісьмова паведаміла ў падатковую інспэкцыю Фрунзэнскага раёну Менску аб недарэчнасьці ў згаданым інцыдэнце. Адказам стаў ліст зь ініцыятываю закрыцьця газэты.

Цяперашні кіраўнік Дзяржаўнага камітэту па друку — намесьнік старшыні камітэту Уладзімер Глушакоў адмовіўся камэнтаваць сытуацыю.

Галоўны рэдактар "Беларускай маладзёжнай" Тацяна Мельнічук заявіла, што калі газэта ўсё ж будзе зачынена, то выданьне зарэгіструецца пад новай назваю. Пакуль рэдакцыя рыхтуецца да горшага:

(Мельнічук: ) "У прыватных размовах з супрацоўнікамі гэтае інспэкцыі нам паведамілі, што йснуе нейкі загад зьверху на тое, каб ліквідаваць нашае выданьне. І таму нават няма часу шукаць якія больш сталыя падставы дзеля выкананьня гэтага загаду".

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Мельнічук, існуе такое меркаваньне назіральнікаў, што цяперашняя сытуацыя зь "Беларускай маладзёжнай" наўпрост зьвязаная з тым, што менавіта вашае выданьне дало паперу газэце "Навіны" на тое, каб "Навіны" выпусьцілі апошні нумар... Ці так гэта?"

(Мельнічук: ) "Ведаеце што, калі мы прымалі гэтае рашэньне — гэта было рашэньне нашага працоўнага рэдакцыйнага калектыву — мы ведалі, што могуць быць падобныя наступствы, але йснуе яшчэ такая рэч, як журналісцкая салідарнасьць. "Навінам" трэба было выйсьці, яны друкуюцца ў той жа друкарні, што й мы. І мы адзіныя, хто маглі дапамагчы ім у гэтым сэнсе. Думалі, што будуць наступствы, але ня думалі што такія..."

Недзяржаўны штотыднёвік "Беларуская маладзёжная" быў зарганізаваны ў чэрвені 94-га году празь дзевяць дзён пасьля таго, як урад Вячаслава Кебіча зачыніў адную з самых папулярных на той час радыёстанцыяў — "Беларускую маладзёжную". Кандыдат у прэзыдэнты тады — Аляксандар Лукашэнка — раздаваў абяцаньні дапамагчы апальным журналістам. Гаворыць Тацяна Мельнічук:

(Мельнічук: ) "Быў такі выпадак, яшчэ калі мы сьвяткавалі 30-годзьдзе нашае радыёстанцыі, Аляксандар Рыгоравіч яшчэ дэпутатам быў у нас у гасьцёх... Дык вось Аляксандар Рыгоравіч казаў, што мы — яго любімая радыёстанцыя, што калі што, дык ён першым да нас дабяжыць і скажа: "усё, дзеўкі, вайна!" ці там яшчэ што-небудзь — першым нас папярэдзіць... А на 30-годзьдзе паабяцаў — на працяг гэтага сьвята — прынесьці яшчэ скрыню гарэлкі й парсюка... Ну, вось сьвіньню ад Аляксандра Рыгоравіча мы ўжо якім разам атрымалі".

У распаўсюджаным сёньня прэсавым рэлізе выданьня гаворыцца: "крокі ў кірунку ліквідацыі адзінага незалежніцкага маладзёвага рэспубліканскага выданьня — яшчэ адзін факт парушэньняў і ўзмацненьня кампаніі па вынішчэньні свабоды слова ў Беларусі. Гэта факт парушэньня права на працу й перасьледу журналісцкае прафэсіі паводле палітычных матываў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG