Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 кастрычнiка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня дакладчык Парлямэнцкае Асамблеі Рады Эўропы ў справах Беларусі Вольфганг Бэрандт даў у Менску прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную вынікам трохдзённага ягонага візыту ў Беларусь.

Вольфганг Бэрандт сфармуляваў тры патрабаваньні да беларускіх уладаў, толькі пасьля выкананьня якіх можа пачацца разгляд пытаньня аб вяртаньні Беларусі статусу адмыслова запрошанага сябра Рады Эўропы, чаго прагнуць афіцыйныя ўлады Беларусі. Такім чынам, Парлямэнцкая Асамблея надалаей займае жорсткую пазыцыю ў адносінах да афіцыйнага Менску.

Тры ўмовы, пра якія казаў спадар Бэрандт, наступныя. Першая – правядзеньне свабодных дэмакратычных выбараў у парлямэнт у 2000-м годзе; другая – пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту; трэйцяя – зьмены на лепшае ў сытуацыі з правамі чалавека. Адразу хачу засяродзіць увагу слухачоў на другой умове, якую раней амаль ня згадвалі і якая датычыцца пашырэньня функцыяў вышэйшага заканадаўчага органу краіны. Калі такім органам прызнаецца Вярхоўны Савет 13-га скліканьня , дык ён, па Канстытуцыі 1994 году, мае дастатковыя паўнамоцтвы.

Але дакладчык па Беларусі патлумачыў, што ён вядзе размову пра рэальны орган, гэта значыць – Нацыянальны Сход. Паводле Бэрандта, функцыі і паўнамоцтвы Нацыянальнага Сходу абмежаваныя і не адпавядаюць эўрапейскім стандартам. Іх трэба значна пашыраць. Але тут узьнікае пэўная замінка. Паколькі, як распавёў дакладчык па Беларусі:

(Бэрандт:) "Я не атрымаў тлумачэньняў ні ад Шыпука ні ад Малафеева, як гэта можна зрабіць".

Журналісты адразу ж задалі пытаньне: пашырыць функцыі парлямэнту магчыма толькі праз зьмену дзеючай канстытуцыі, хто можа зрабіць гэта ў Беларусі?

На што прадстаўнік Рады Эўропы адказаў, цытую: "Зыходзячы з рэальных паўнамоцтваў на цяперашні момант – гэта прэрагатыва спадара Лукашэнкі." Але ў Беларусі ўсе добра ведаюць стаўленьне Лукашэнкі да ягонай жа Канстытуцыі. Таму спробы зьмяніць яе выглядаюць вельмі праблематычнымі. Але спадар Бэрандт адмовіўся камэнтаваць гэты момант, паколькі, на ягоную думку, ёсьць яшчэ дзьве ўмовы, якія трэба выконваць раней.

Што датычыцца першай – дэмакратычных выбараў у парлямэнт – дык паводле дакладчыка па Беларусі цяперашні праект выбарчага кодэксу, што знаходзіцца ў Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, не зьяўляецца дасканалым і яго трэба паляпшаць. Спадар Бэрандт паведаміў, што са Страсбурга будуць дасланыя экспэрты, якія могуць дапамагчы ў падрыхтоўцы выбарчага заканадаўства. Але больш за іншае, паводле эёрапейскага чыноўніка, Руду Эўропы хвалюе сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, і ня толькі таямнічае зьнікненьне Ганчара, Захаранкі альбо Віньнікавай.

Куды больш непакоіць наступнае:

(Бэрандт:) "Як такое магчыма ў краіне, дзе дзяржаўны кантроль за ўсімі сфэрамі грамадзкага жыцьця такі надзвычайна моцны, і трэба трэрмінова ўнесьці яснасьць, як такое магло адбыцца".

Спадар Бэрандт дадаў, што на ўсіх сустрэчах, якія адбыліся ў яго з прадстаўнікамі афіцыйных структураў, ад Сазонава да Мясьніковіча, ён заклікаў іх прыняць неабходныя захады па высьвятленьні абставінаў зьнікненьня Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, Віньнікавай. Ён заклікаў таксама вызваліць экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра.

Паводле спадара Бэрандта, вынікі ягонага візыту ў Беларусь, будуць адлюстраваныя ў яго адмысловым дакладзе, які мяркуецца разгледзець на сэсіі Парлямэнцкае Асамблеі Рады Эўропы ў студзені 2000 году.

Скончылася ж прэсавая канфэрэнцыя адказам дакладчыка па Беларусі на пытаньне, што будзе, калі ўлады Беларусі ня выканаюць умовы Рады Эўропы:

(Бэрандт:) "Калі дэмакратычныя выбары ў Беларусі не адбудуцца, дык я ня бачу ніякіх магчымасьцяў для больш цеснага супрацоўніцтва Беларусі з Радай Эўропы. Гэта таксакма нэгатыўна адаб'ецца на адносінах Беларусі з эўрапейскімі краінамі, у прыватнасьці, з тымі, што ўваходзяць Эўрапейскі Зьвяз".

XS
SM
MD
LG