Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 кастрычнiка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Неапублікаваны дагэтуль тэкст новае беларуска-расейскае дамовы стаў вядомы "Радыё Свабода". Рэпартаж і першае абмеркаваньне.

Праект дамовы аб стварэньні беларуска-расейскае хаўруснае дзяржавы будзе надрукаваны ў Беларусі й Расеі ў пятніцу 8 кастрычніка. Аб гэтым паведаміла сёньня прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі. У Беларусі "інтэграцыйныя"дакумэнты будуцьь надрукаваныя ў "Советской Белоруссии", у Расеі — у "Российской газете". У друку зьявіцца ня толькі праект уласна дамовы, але й праграма дзеяньняў па яе рэалізацыі…

(падаецца ў скароце, цалкам матэрыял будзе зьмешчаны 7 кастрычніка)

Дамова прадугледжвае стварэньне наднацыянальных ворганаў улады — "Вышэйшага дзяржаўнага Савету", "саюзных" ураду й дзьвюхпалатнага парлямэнту, "Падліковай палаты" й "Суду Саюзу".

Галоўным ворганам кіраваньня ў адпаведнасьці з праектам будзе "Вышэйшы дзяржаўны Савет", у склад якога войдуць прэзыдэнты дзьвюх краінаў, кіраўнікі ўрадаў і старшыні палатаў нацыянальных парлямэнтаў. Рашэньні ў "Вышэйшым Савеце" будуць прымацца паводле прынцыпа "адна дзяржава — адзін голас", прычым галасаваць будуць толькі прэзыдэнты.

Увядзеньне пасадаў "саюзнага" прэзыдэнта й віцэ-прэзыдэнтаў праектам не прадугледжана.

Мяркуецца, што ў будучым ніжняя палата "саюзнага" парлямэнту будзе абірацца насельніцтвамі Беларусі й Расеі: 28 дэпутатаў ад Беларусі й 75 — ад Расеі.

Але да правядзеньня хаўрусных парлямэнцкіх выбараў "саюзны" парлямэнт будзе складацца з дэпутатаў, накіраваных нацыянальнымі парлямэнтамі. Прапанаваны дакумэнт не адрозьніваецца да папярэлніх праектаў, да прыкладу, ад варыянта, які быў паданы на разгляд парлямэнцкага сходу гэтым летам. Але пэўныя зьмены, якія закранулі эканамічны блёк, усё ж такі адбыліся — у артыкуле 16 да выключных паўнамоцтваў "саюзу" дадалося кіраваньне рэгіянальнай беларуска-расейскай вайсковай групоўкаю (аб яе стварэньні было аб'яўлена сёньня). Згодна з артыкулам 26 у "саюзнай" дзяржаве будуць дзейнічаць адзіныя прынцыпы спагнаньня падаткаў. У артыкулах 27 і 28 вельмі жортска дэкляруецца ўніфікацыя мытнай і гандлёвай палітыкі, а ў артыкуле 29 размова йдзе аб аб'яднаных энэргетычнай, транспартнай і тэлекамунікацыйнай сыстэмах.

У праграме дзеяньняў этапы інтэграцыі распісаныя па гадох. Адзначым найбольш важныя зь іх:
2001 год — дасягненьне роўных умоваў для эканамічных суб'ектаў абедзьвюх краінаў;
2002 год — завяршэньне фармаваньня адзінае мытнае прасторы, прыняцьцё падатковага кодэксу "саюзу";
2005 год — увядзеньне адзінае валюты.

Хаця ў апошнім пытаньні паміж бакамі захоўваюцца супярэчнасьці... Як паведаміў у панядзелак кіраўнік нацыянальнага банку Беларусі Пятро Пракаповіч, расейскі бок настойвае на тым, каб адзіным эмісійным цэнтрам "саюзных" грошай быў Цэнтрабанк Расеі. Адзіныя грошы расейцы прапануюць уводзіць празь некалькі год, але ў адзін дзень. На думку беларускага боку эмісіяй мусіць займацца адмысловы беларуска-расейскі камітэт. Менск прапануе пачаць пераход на адзіныя грошы зараз жа, але праводзіць яго паступова...

XS
SM
MD
LG