Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Слуханьні ў справе былога чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта ўвайшлі ў заключную фазу. У пятніцу або нават ўжо ў чацьвер Лёнданскі Суд мае вынесьці канчатковы вэрдыкт ў справе экстрадыцыі Піначэта, выдачы якога найбольш настойліва дамагаецца Гішпанія…

Пінчэту агулам прад'яўлена 34 абвінавачваньні, пераважна ў катаваньні палітычных праціўнікаў за 17 гадоў ягонага кіраваньня, аднак сьпіс абвінавачваньняў можа рэзка зьменшыцца.

Сярод абвінавачваньняў: зьбіваньне й пагрозы згвалтаваньня, а таксама ўжываньне супраць вязьняў электрычнасьці, ў прыватнасьці супраць Фэрнанда Вальдэбэніта Джуйсы ў сьнежні 88-га году.

У некалькіх выпадках ахвяры памерлі. Справа ў тым, што ўжо ў сакавіку Вярхоўны Суд Вялікабрытаніі – Палата Лордаў адхіліла бальшыню абвінавачваньняў і прызнала сапраўднымі толькі тыя выпадкі, якія мелі мейсца пасьля 88-га году. У сьнежні сёлета Велікабрытанія падпісала Міжнародную Канвэнцыю ў праве катаваньняў і адвакаты гэнэрала лічаць, што Лёндан можа разглядаць учынкі Піначэта, зьдзейсьненыя толькі на працягу году – са сьнежня 88-га па сьнежань 89-га.

Адвакат гэнэрал Кліў Нікальс лічыць, што некаторых абвінавачваньняў нельга назваць "катаваньнямі", нават калі яны закончыліся сьмерцю зьняволеных. Зьнікненьне людзей нельга таксама назваць пакутамі для іхных блізкіх і нельга сем'яў такіх людзей называць ахвярамі. У мінулую сераду Нікальс заклікаў Суд неадкладна вызваліць ягонага кліента, паколькі няма неаспрэчных доказаў ягонае віны.

Адвакаты гэнэрала заяўляюць, што заяўка Гішпаніі аб экстрадыцыі Піначэта зьяўляецца прыкладам "палітычнае прадузятасьці".

Акрамя таго, аніводная зь пералічаных у апошняй вэрсыі абвінавачваньняў ахвяра не была грамадзянінам Гішпаніі. Адначасова ўлады Чылі кінулі выклік Гішпаніі ды ініцыявалі паралельны разгляд справы Піначэта ў Міжнародным Трыбунале ААН у Гаазе.

Былы чылійскі дыктатар атрымаў падтрымку з боку палітыкаў апазыцыйнае, кансэрватыўнае партыі і былога прэм'ера Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр. "Я думаю, што брытанскае правасудзьдзе само сябе скампрамэтавала", – заявіў Лорд Ламонт.

Ён зьвярнуў увагу на непасьлядоўнасьць брытанскіх ўладаў, якія трымаюць пад хатнім арыштам Піначэта нібыта на парушэньні правоў чалавека, але адначасова заплюшчваюць вочы й нават ўсхваляюць Фідэля Кастро, якога рэжым мае на сваім сумленьні горшыя рэчы.

Прадстаўнік Кансэрватыўнае партыі заявіў, што на думку Маргарэт Тэтчэр, "Піначэта ўвогуле не належала арыштоўваць" і што Лёндан мае ў дачыненьні да гэнэрала доўг удзячнасьці за ягоную пазыцыю, занятую ў часе вайны з Аргэнтынаю за Фальклэнды.

Аглядальнікі лічаць, што валакіта ў справе гэнэрала Піначэта будзе працягвацца. Што праўда, ён можа ня быць ніколі выдадзены Гішпаніі, але таксама можа ніколі не пакінуць Вялікабрытанію і не ўбачыць больш Радзіму.

Любая пастанова ў справе ягонае экстрадыцыі несумненна выкліча апэляцыю або з боку пракуратуры, або адвакатаў гэнэрала, і пачнецца чарговы разгляд справы, які можа працягвацца ледзь не бясконца.

Прыхільнікі Піначэта спадзяюцца толькі на вызваленьне яго з прычыны стану здароўя. Яны адзначаюць, што гэнэрал пакутуе ад галавакружэньня, цукровае хваробы, артрыту, прастаты й хваробы сэрца. Гэнэрал мог бы зьвярнуцца да міністра нутраных справаў Джэка Строў, а з просьбаю аб вызваленьні яго з гуманітарных меркаваньняў, аднак таксама цяжка прадбачыць, якое будзе ягонае рашэньне.

На мінулым тыдні дачка Піначэта Лючыя заявіла, што ейны бацька хутчэй памрэ, чым яму будзе дазволена вярнуцца на Радзіму з прычыны дрэннага стану здароўя. "Мой бацька – вельмі горды чалавек", – сказала дачка і ён не захоча, каб яго вызвалілі з прычыны дрэннага стану здароўя або гуманных меркаваньняў. Паводле ейных слоў, гэнэрал прыбыў ў Вялікабрытанію параднымі дзьвярыма й гэтак хоча пакінуць краіну.

XS
SM
MD
LG