Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора, у 14-ты дзень антыўрадавых пратэстаў ў Югаславіі, паліцыя чарговы раз заблякавала марш 10-ці тысячаў чалавек ў цэнтры Белграду, прымушаючы іх вярнуцца на Пляцы Рэспублікі, адкуль марш пачаўся. Між тым паранены ў нядзельнай аўтамабільнай катастрофе лідэр апазыцыйнага "Зьвязу за зьмены" Вук Драшкавіч заявіў, што гэта быў замах на ягонае жыцьцё…

У адрозьненьне ад серады й чацьвяргу на мінулым тыдні, учарашнія пратэсты прайшлі мірна. "Паліцыя паступова ўсьведамляе, што біць людзей – гэта ня іхняе заданьне", – заявіў лідэр Грамадзянскага Аб'яднаньня Сэрбіі Вук Абрадавіч. Паводле ягоных словаў, у бліжэйшыя дні дэманстранты йзноў спрабуюць прарвацца да рэзыдэнцыі Мілошавіча ў прыгарадзе Белграду – Дзедзінье, куды паліцыя не прапускае іх.

Ўчора прыблізна 25 тысячаў чалавек выйшлі таксама на вуліцы Крагуеваца, 10 тысячаў дэманстравалі ў горадзе Ніш, каля 4 тысячаў у Новым Садзе і 2 тысячы сабраліся ў горадзе Узіцэ.

"Гэта відавочна, што Мілошавіч любой цаною хоча застацца пры ўладзе, а мы хочам яго пазбыцца без аніякага кампрамісу", – заявіў у Крагуевацу лідэр Дэмакратычнае Партыі Зоран Джынджыч.

Дэманстранты ва Ўзіцах заклікалі апазыцыю да аб'яднаньня. "Мы патрабуем, каб да 1 лістапада ўсе апазыцыйныя партыі неадкладна й без аніякіх папярэдніх умоваў аб'ядналіся", – сказаў сябра партыі Джынджыча Слабадан Гаўрылавіч.

Гэтыя заклікі накіроўваліся ў першую чаргу да партыі Вука Драшкавіча, якая дагэтуль ня ўдзельнічала ў пратэстах. Заміж вулічных дэманстрацыяў дагэтуль Драшкавіч выказваўся за правядзеньне датэрміновых выбараў, якія на ягоную думку былі б найлепшым і дэмакратычным спосабам адхіленьня прэзыдэнта Мілошавіча ад ўлады.

Апошнім часам Драшкавіч пачынае зьмяняць пазыцыю. Некалькі сотняў людзей ў горадзе Бор з энтузыязмам прынялі чуткі пра далучэньне партыі Драшкавіча да пратэстаў.

На зьмену пазыцыі Вука Драшкавіча, які вельмі крытычна ставіцца да галоўнага арганізатара пратэстаў Зорана Джынджыча, несумнена паўплывала нядзельная аўтамабільная катастрофа каля Белграду, зь якой Драшкавіч выйшаў паранены, але загінулі тры ягоныя целаахоўнікі й швагер. Сам ён, а таксама іншыя, апазыцыйныя лідэры лічаць, што інцыдэнт быў спробай замаху на ягонае жыцьцё.

Паводле Зорана Джынджыча, не падлягае сумневу, што за замахам стаяць людзі набліжаныя да ўлады, якія хочуць не дапусьціць аб'яднаньня апазыцыі. Аглядальнікі лічаць аднак, што югаслаўская апазыцыя ўсё такі аб'яднаецца, і гэта будзе азначаць якасна новы этап барацьбы з рэжымам Мілошавіча. На гэтае аб'яднаньне паўплываў ня гэтулькі замах на Драшкавіча, але перш за ўсё сілавыя мэтады разгону дэманстрацыяў.

XS
SM
MD
LG