Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Расейскія ўзброеныя сілы працягваюць паўнамаштабную вайсковую наземную апэрацыю ў Чачні. У розным раёнах яны прасунуліся ўглыб рэспублікі на 15-30 кілямэтраў. Прэм'ер-міністар Расеі Пуцін заявіў, што фэдэральныя войскі кантралююць ужо каля траціны тэрыторыі Чачні, але прызнаў, што стварэньне гэтак званае "санітарнае зоны" яшчэ не закончанае. Тым часам колькасьць уцекачоў з Чачні працягвае катастрафічна расьці…

У Інгушэціі, насельніцтва якой складае троху больш як 300 тысячаў чалавек, колькасьць чачэнскіх уцекачоў, паводле нават афіцыйных дадзеных расейскіх уладаў, перавысіла 100 тысячаў. Чачэнцы засялілі ўсе гатэлі, школы й вакзалы, амаль кожная інгушская сям'я на мяжы дзьвюх рэспублік прытуліла да сябе ўцекачоў.

Інгушэція знаходзіцца фактычна ў ваенным становішчы. Тут дзейнічае камэнданцкі час, "сухі закон", на кожным рагу стаяць узброеныя людзі ў форме. Інгушы ставяцца да чачэнцаў, мякка кажучы, супярэчліва, баючыся правакацыяў і дэстабілізацыі ў сваёй рэспубліцы.

Учора прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што знайшоў выхад у сытуацыі з уцекачамі. Ён прапанаваў разьмяшчаць іх у раёнах Чачні, занятых фэдэральнымі сіламі. Напэўна, для многіх чачэнцаў, якія пакінулі свае дамы якраз перад пагрозаю прыходу расейскіх вайскоўцаў, такая прапанова падасца даволі цынічнай.

Пуцін таксама зрабіў яшчэ адну спрэчную заяву: "Ёсьць падставы меракаваць, што тэрарысты наўмысна выцясьняюць мірнае насельніцтва з тэрыторыі Чачні".

Інгушэція сёньня заклікала расейскі ўрад дазволіць уцекачам перабірацца ў іншыя рэгіёны Расеі. У прыватнасьці, інгушскія ўлады просяць адмяніць забарону ўцекачам пераходзіць мяжу з Кабардына-Балкарыяй і Стаўрапольлем. АБСЭ і праваахоўная арганізацыя "Human Rights Watch" сёньня выказала заклапочанасьць становішчам уцекачоў.

Прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў днямі зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьцмі з просьбаю спыніць фінансавую дапамогу Расеі, паколькі тым самым фінансуецца вайна супраць Чачні. Акрамя таго, Масхадаў прапанаваў увесьці ў Чачню міратворчыя сілы пад эгідаю АБСЭ. Негледзячы на ўсе апошнія дзеяньні Масквы (а гэта, акрамя бамбаваньняў, і пошук гэтак званага легітымнага парлямэнту), прэзыдэнт Чачні, па-ранейшаму заяўляе, што гатовы да перамоваў з кіраўнікамі Расеі.

Паводле Масхадава, інтэрвію зь якім друкуе сёньняшняя газэта "Комсомольская правда", калі б адбылася ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Расеі, ён бы за 30 хвілінаў раскрыў Ельцыну вочы на гэтую авантуру ельцынскага атачэньня напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. "Нямала сілаў і вялізныя грошы ўклаў у гэта ваш непатапляльны і невыкрывальны алігарх Беразоўскі", – заявіў Масхадаў.

Праблема, аднак, у тым, што яшчэ да пачатку канфлікту ўлада Масхадава фактычна не распаўсюджвалася на большую частку Чачэнскае Рэспублікі, дзе панавалі групоўкі розных палявых камандзіраў. А цяпер, перад тварам рэальнага пачатку новае вайны з Расеяй, любыя адрозьненьні ў пазыцыях чачэнскіх лідэраў сьціраюцца.

Пакуль Масхадаў адчай на спрабуе знайсьці палітычная разьвязаньне канфлікту, чачэнскае войска не аказвае арганізаванага супраціву расейскім войскам. Адбываюцца толькі лякальныя сутыкненьні з асобнымі разрозьненымі групоўкамі.

Пакуль на гэтым этапе апэрацыі расейскія вайскоўцы, відаць, маюць намер захапіць і ўмацавацца на частцы тэрыторыі на поўнач ад ракі Церак. Брытанская газэта "The Daily Telegraph" лічыць, што расейцы ймкнуцца падзяліць Чачню й пакінуць сабе яе паўночныя тэрыторыі, якія былі перададзеныя Чачні ў 1957 годзе.

Напэўна, варта сказаць некалькі словаў пра ахвяраў гэтае вайны. Паводле дадзеных чачэнскага ўраду, у выніку бамбаваньняў і артылерыйскіх абстрэлаў тэрыторыі Чачні расейскімі войскамі тэрыторыі загінула звыш шасьцісот мірных жыхароў. Дадзеныя аб стратах федэральных войскаў вельмі супярэчлівыя: чачэнцы гавораць пра сотні зьнішчаных расейскіх вайскоўцаў, расейскія афіцыйныя крыніцы прызнаюць толькі адзінкавыя ахвяры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG