Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Пакуль расейскі міністар у справах СНД спадар Драчэўскі ўдакладняў зь беларускімі ўладамі ў Менску зьмест праекту дамовы аб хаўруснай дзяржаве, маскоўская прэса працягвала абмяркоўваць апошні дэмарш Лукашэнкі наконт гэтага праекту. Выглядае, што ў расейскіх палітыкаў палітыка "галоўнага інтэгратара" выклікае толькі раздражненьне…

Вось некалькі характэрных загалоўкаў апошніх дзён: "Аляксандар Рыгоравіч злуецца" ("Сегодня"), "Калі ў саюзе дзьвюх няма згоды" ("Гудок"), "Лукашэнка разьбярэцца з Расеяй" ("Трибуна"). "Скандал вакол хаўрусу" ("Независимая газета").

Гэтыя ды іншыя выданьні цытуюць пасажы з выступу Лукашэнкі ў менскім радзільным доме №2 – аб тым, што згаданы праект хаўруснае дамовы "сьмеху варты" і што ён практычна нічым не адрозьніваецца ад таго, што дзейнічае цяпер. Як напісаў у газэце "Известия" за суботу Сямён Навапрудзкі, "…тае дамове ад народзінаў чатыры гады, але ягонага існаваньня не заўважылі а ні расейцы, а ні беларусы. Прэзыдэнту можа не падабацца той факт, што эканамічная частка дамовы вынесеная ў 2005 год, да якога яшчэ трэба дажыць. Гэта азначае, што Беларусь у бліжэйшыя гады не атрымае расейскі я энэрганосьбіты паводле танных унутрырасейскіх цэнаў. Што беларускія прадпрыемствы ня змогуць юрыдычна лічыцца расейскімі, маючы магчымасьць гандляваць на расейскім рынку як на ўласным. Што адзіны Цэнтральны банк Расеі й Беларусі ня будзе выкопваць з глыбокай яміны беларускую грашовую сыстэму пад выглядам пераходу да адзінай валюты. Навошта ж такая інтэграцыя?"

Рэзкасьцю тону вылучаецца публікацыя ў "Независимой газете", якая апошнім часам звычайна прапагандуе, так бы мовіць, перавагі хаўрусу зь Беларусьсю. Газэта нагадвае, што адной з падставаў для незадаволенасьці Лукашэнкі стала заява Рыгора Яўлінскага на канале "НТВ" аб тым, што яму трэба навучыцца жыць па сродках, а Расея больш ня ў стане падтрымліваць свайго хаўрусьніка. Што тычыць афіцыйнае рэакцыі Крамля, дык яна была, так бы мовіць, традыцыйна стрыманай.

Чым тлумачыцца падобная стрыманасьць і ці зьявіліся новыя акцэнты ў пазыцыі Крамля? Вось думка аглядальніка расейскай газеты "Ведомости" Ўладзіслава Максімава:

(Максімаў: ) "Здаецца мне, за гэтыя дні ніякае карэкцыі не адбылося. Хутчэй трэба казаць аб тым, што Крэмль дэмакнстратыўна не заўважыў той рэзказьці, якой Лукашэнка ахарактарызаваў праект дамовы, і зрабіў выгляд, што нічога істотнага не адбылося, і справа руцінным стнанам будзе працягвацца. Крэмль можа й не настойваць на падпісаньні гэтае дамовы да парлямэнцкіх выбараў. Але гэта можа адбыцца ў пэрыяд паміж парлямэнцкімі й прэзыдэнцкімі выбарамі, якія ў Расеі прызначаныя на наступны год.

Па-першае, калі ўзгадаць падзеі 96-га году – Ельцын тады адзін раз ужо выкарыстаў гэты момант, "інтэграцыйны" імідж сябе стварыў, і як мне падаецца, за кошт гэтага ягоны электарат павялічыўся. І прадстаўнік Крамля – "спадкаемца", як яны кажуць – ён так ці йнакш будзе выкарыстоўваць гэты лёзунг "сяброўства з братэрскай славянскай краінаю" і ў сваёй выбарчай кампаніі".

Між тым, тая ж "Независимая газета" канстатуе, што ў Расеі, якая экспартуе сыравіну ды электраэнэргію, і ў Беларусі, пазбаўленай вялікіх сыравінных рэсурсаў – па-сутнасьці, процілеглыя інтарэсы ў мытнай палітыцы. І пераадолець гэтыя розныя інтарэсы на практыцы вельмі цяжка.

Нават памочнік Лукашэнкі Міхал Сазонаў у інтэрвію, апублікаваным сёньня ў "Российской газете", сказаў: "У нас і манэтныя двары ўжо свае – у нас далёка не ідэнтычныя шляхі эканамічнага разьвіцьця".

Праўда, іншы прадстаўнік чынавенства – а менавіта афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў штаб-кватэры СНД Сяргей Посахаў прапануе іншы мэтад рашэньня праблемы. Выступаючы на беларускай тэлевізіі ў панядзелак, ён заявіў: "Напачатку можа быць рэалізаваны прынцып "адна дзяржава – дзьве сыстэмы" паводле кітайска-ганконгскага ўзору".

Гаворыць Уладзіслаў Максімаў:

(Максімаў: ) "Што тычыцца выказваньняў спадара Посахава, то я магу зьвярнуць вашую ўвагу яшчэ на некалькі цікавых момантаў: па-першае, учора стала вядома, што Савет міністраў Беларусі заявіў аб тым, што выплаціць Злучаным Штатам Амэрыкі 120 тысячаў даляраў як кампэнсацыю за гісторыю з рэзыдэнцыяй "Дразды", і, па-другое, спадар Малафееў заявіў, што заканапраекты, якія будуць разглядацца пад час новай сэсіі, будуць накіраваныя менавіта на ўмацаваньне беларускае дзяржаўнасьці. Гэта таксама даволі экзатычнае выказваньне, калі браць да ўвагі ўсе папярэднія… Але яны могуць, да прыкладу, быць зьвязаныя з тым, што місія Міжнароднага валютнага фонду прыяжджае ў Беларусь 19 кастрычніка, і сярод іншага будзе разгледжаная канцэпцыя грашова-крэдытнае валютнае палітыкі Беларусі на наступны год. І гэта могуць "іміджэвыя" выказваньні зь беларускага боку.

Калі ўлічваць гэты палітычны момант "аб'яднаньня", і тое, што даючы крэдыт Беларусі, МВФ ня можа быць упэўнены, што ён не дае яго краіне, якая хоча "аб'ядноўвацца" зь іншай краінаю, а менавіта, з Расеяй, якая ўсё ж такі пасьпела сфармаваць нэгатыўны імідж у разуменьні МВФ і прадстаўнікоў заходніх крэдытных арганізацыяў увогуле.

Таму мне падаецца, што шанцы – з улікам такой… "цікавай", мякка кажучы, беларускай фінансава-крэдытнай палітыкі – яны не вялікія".

Калі вяртацца да палітыкі, дык "Независимая газета" ў згаданай ужо публікацыі раіць Лукашэнку не забывацца на тое, што акрамя Ельцына ў Расеі ёсьць магутныя палітычныя асобы, якія прэтэндуюць на прэзыдэнцкі пост, і што ў перадвыбарчай гонцы аніякія пасады – хай нават і пасада віцэ-прэзыдэнта гіпатэтычнае хаўруснае дзяржвы – не даюць гарантыяў недатыкальнасьці.

Аднак, акрамя эканамічнага ды палітычнага аспэктаў утварэньня хаўрусу ёсьць і ваенны. Як паведаміла газета "Экономичный союз" – дадатак да "Российской газеты" – днямі Дзяржаўная дума ратыфікавала пагадненьне паміж Расеяй і Беларусьсю аб сумесным выкарыстаньні аб'ектаў вайсковае інфраструктуры ў інтарэсах забесьпячэньня бясьпекі абедзьвюх дзяржаваў. "Процістаяць NATO, – сьцьвярджае газэта, – у новым маштабе здольныя толькі ўзброеныя сілы Расеі й Беларусі". Дакумэнт, "стварае міжнародна-праўную базу для сумеснага выкарыстаньня сыстэмаў інжынэрнага абсталяваньня мяйсцовасьці, пазыцыяў проціпаветранай абароны, аэрадромаў, палігонаў, арсэналаў і прадпрыемстваў рамонту вайсковае тэхнікі, вузлоў і лініяў сувязі ды іншых аб'ектаў абароннага прызначэньня ў межах усходнеэўрапейкага рэгіёну калектыўнае бясьпекі". Акрамя таго, гэты дакумэнт, заключаны на пяцігадовы тэрмін гадоў, прадугледжвае падтрыманьне вайсковых аб'ектаў у парадку ды будаўніцтва новых за кошт бюджэтаў абедзьвюх дзяржаваў.

Улічваючы йснаваньне такога дакумэнту, усе заявы пра захаваньне сувэрэннасьці беларускае дзяржавы ў рамках "саюзу" з Расеяй, а таксама пра тое, што Беларусь, нібыта, ня можа быць уцягнутай а ні ў якія ўзброеныя канфлікты па-за ейнымі межамі (напрыклад, у Чачні) – усе гэтыя размовы гучаць непераканаўча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG