Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 1999 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Яшчэ ўлетку трое жыхароў Пінску падалі заяву ў выканаўчы камітэт на рэгтістрацыю новага гарадзкога пэрыядычнага выданьня — незалежнай газэты "Правінцыя". І вось толькі цяпер, праз чатыры месяцы, ім адмовілі. заснавальнікі газэты, а ўсе яны сябры Беларускае асацыяцыі журналістаў, лічаць, што адмова ня толькі неабгрунтаваная, а проста сьмешная…

Фёдар Сыцін і Пятро Цішук — журналісты зь вялікім стажам, а таскама Віктар Ярашук, які зьяўляецца страшынём пінскага аддзелу Беларускага Гэльсынскага камітэту і адначасова лідэрам мяйсцовых сацыял-дэмакратаў, яшчэ ў чэрвені падалі ў гарадзкі выканаўчы камітэт заяву з просьбаю даць дазвол на разьмяшчэньне ў горадзе новага пэрыядычнага выданьня — газэты "Правінцыя".

Празь месяц заснавальнікам адказалі, што дзеля таго, каб выканаўчы камітэт мог прыняць рашэньне, неабходна падаць дадатковыя дакумэнты. Калі адзін з заснавальнікаў — спадар Сыцін — прынес неабходныя дакумэнты ў выканаўчы камітэт і хацеў іх зарэгістраваць як уваходзячую дакумэнтацыю, яму адказалі — ня трэба гэтых фармальнасьцяў, мы ж вас ашукваць на будзем!

Яшчэ празь месяц, ужо напачатку верасьня, калі заснавальнікі ў чарговы раз зьвярнуліся ў выканаўчы камітэт, то аказалася, што пытаньне дагэтуль не разгледжанае з-за таго, што не былі паданыя дадатковыя дакумэнты, якія патрабаваў выканаўчы камітэт. давесьці, што паперы ўсё ж былі паданыя, аказалася немагчымым, бо іх ніхто не рэгістраваў.

Аднак пасьля настойлівых патрабаваньняў заснавальнікаў чыноўнікі ўсё ж далі журналістам афіцыйны адказ. У ім у прыватнасьці кажацца: "У горадзе Пінску зараз выдаецца сем пэрыядычных выданьняў з агульным накладам больш за 40 тысячаў паасобнікаў. Наяўнасьці такой колькасьці пэрыядычных выданьняў рознае скіраванасьці выканкам лічыць дастатковым для інфармаваньня жыхароў гораду і асьвятленьня падзеяў, якія ў ім адбываюцца".

Варта адзначыць, што да 1939 году ў Пінску на 35 тысячаў жыхароў выходзіла 28 пэрыядычных выданьняў, а зараз 7 — на 130 тысячаў.

Паводле словаў аднаго з заснавальнікаў "Правінцыі" Віктара Ярашука, мяйсцовыя вэртыкальшчыкі папросту баяцца зьяўленьня ў горадзе сапраўды незалежнай непадпарадкаванай ім масавай газэты.

XS
SM
MD
LG