Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 кастрычнiка 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

(эфір 2 кастрычніка)
Больш як два тыдні нічога невядома пра лёс апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара і яго сябра бізнэсмэна Анатоля Красоўскага. Жонка Віктара Ганчара, Зінаіда ў чарговы раз зьвярнулася да кіраўніка беларускага КДБ Уладзімера Мацкевіча й папярэдзіла яго пра асабістую адказнасьць за лёс тых, хто зьнік. Акрамя таго, Зінаіда Ганчар пратэстуе супраць неперарыўнага сачэньня, усталяванага за ёй асабіста, і за ўсемі тымі, хто яе наведвае.

Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі зьніклі ўвечары 16 верасьня. Назаўтра, на вечарыне памяці Генадзя Карпенкі амэрыканскі амбасадар Спэкхард вказаў занепакоенасьць зьнікненьнем апазыцыйнага палітыка. У той жа дзень кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі папрасіла ў міністэрства замежных справаў тлумачэньняў наконт зьнікненьня Ганчара. Праз два дні заява з гэтай нагоды была зробленая ўжо ад імя ўраду ЗША. З заклікам зрабіць усё неабходнае дзеля вышуку Віктара Ганчара да беларускіх уладаў зьвярнуўся Эўрапейскі Зьвяз. Лёсам Ганчара й Красоўскага заклапочная вядомая мiжнародная праваабарончая арганiзацыя "Human Rights Watch". Нарэшце, праблема была агучаная ў сьценах Кангрэсу Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Можна сьмела сьцьвярджаць, што здарэньне набыло гучны міжнародны розгалас. І ў такой сытуацыі, здаецца, на пошукі зьніклых улады павінны былі б кінуць максімальную колькасьць сьледчых – дзякуй Богу, праваахоўны апарат у Беларусі вялізны, як мала ў якой іншай краіне. І сапраўды – фармальна, сьледзтва йдзе, узбуджаная крымінальная справа. Звычайна ў падобных выпадках сьледчыя найперш абапіраюцца на паказаньні найбольш блізкіх да зьніклых людзей, – ды й сваякі, як ніхто, зацікаўленыя ў станоўчым выніку сьледзтва. Я патэлефаніў у Менск жонцы Віктара Ганчара – Зінаідзе:

(Карэспандэнт: ) "Зінаіда, у якой стадыі, на ваш погляд, знаходзіцца цяпер дзеяньне ўладаў у справе пошукаў Віктара Ганчара?"

(Ганчар: ) "Мяне ніхто не інфармуе – што робіцца?, што зроблена?, што ім вядома? Аб тым, што ілюзія пошуку будзе стварацца праваахоўнымі ворганамі – мне казалі адразу ж, зь першых жа дзён, супрацоўнікі міліцыі, пракуратуры: "Ілюзію мы вам створым, а на самай справе – я нават і не сумняюся, што нічога ня робіцца".

А вось фрагмэнт гутаркі з дачкой Анатоля Красоўскага, Ксеніяй:

(Карэспандэнт: ) "Ксенія, скажыце, калі ласка, у якой стадыі цяпер справа з расьсьледваньнем зьнікненьня?"

(Красоўская: ) "Ад пачатку – так і засталося. Амаль анічога ня робіцца…"

(Карэспандэнт: ) "А з вамі сустракаліся нейкія сьледчыя ў справе Красоўскага? Яны пыталіся ў Вас, што рабіў бацька ў апошнія дні? Ці бачылі вы нейкія сьледчыя дзеяньні?"

(Красоўская: ) "Не. Са мною – не. Толькі з маці, зь ягоным намесьнікам. І ўсё".

Паказальна, што ўвесь гэты час афіцыйныя тэлевізія і радыё, а таксама дзяржаўныя газэты даволі зьдзекліва выказваюцца ў адрэсу Ганчара й Красоўскага. Трагедыя выкарыстоўваецца як чарговы спосаб яшчэ раз дыскрэдытаваць апазыцыю. У Інтэрнэце зьявілася стэнаграма нібыта гутаркі Ганчара з канадыйскім бізнэсоўцам, якая, паводле ацэнкі спэцыялістаў, зьяўляецца відавочнай фальшыўкай. Гэты ананімны матэрыял падрабязна цытаваўся ў "Советской Белоруссии".

Не магу абыйсьці й прапанову, якая чатыры дні таму кіраўніцтва Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску вуснамі спадара Кляйнэра зрабіла апазыцыйным партыям. Сутнасьць ейная ў тым, каб апазыцыя адмовілася ад асноўнай умовы, на якой могуць палягаць перамовы апазыцыі і ўладаў пра вольныя дэмакратычныя выбары.

Як гэта ўсё нагадвае не такую ўжо й даўнюю мінуўшчыну, калі ў імя раззбраеньня паважныя заходнія палітыкі дазвалялі сабе "не турбаваць" крамлёўскіх гэнсэкаў пытаньнямі пра лёс сотняў палітычных зьняволеных.

Ну, а што апазыцыя? Выглядае, што пакуль аніводная партыя-ўдзельнік перамоваў не зрэагавала на гэтую прапанову. Нагадаю – цяпер абмяркоўваюцца ўмовы прадастаўленьня апазыцыйным лідэрам эфірнага часу.

Канечне, гэта вельмі важна – атрымае Лябедзька й Калякін дваццаць тры хвіліны ці толькі тры. Будзе ў Багданкевіча магчымасьць выступіць з аналітычным артыкулам у самай шматнакладнай газэце – ці яму дазволяць толькі рэпліку.

Ну давайце ўявім сабе, што апазыцыя атрымае гэты эфір – пры тым, што лёс зьніклых застанецца невядомы, што за кратамі застануцца палітвязьні. І тады Лукашэнка: можа сказаць Захаду: вы абвінавачваеце мяне ў парушэньні правоў чалавека і свабоды слова? Ды ўключыце тэлевізар: на экране – дзеячы апазыцыі. Год таму такога не было. Цяпер – ёсьць. Спрачацца з гэтым Захаду будзе даволі цяжка.

Канчатковая мэта выхаду ў эфір, як і перамоваў – удзел апазыцыі ў парлямэнцкіх выбарах. Дазволю сабе прыгадаць досьвед 95-га году, калі ніхто з дэпутатаў апазыцыі БНФ ня быў дапушчаны ў новы парлямэнт – і з таго часу ўлада не зрабілася а ні слабейшай, а ні больш карэктнай у выбары сродкаў барацьбы з апанэнтамі.

Зрэшты, акрамя палітычных інтарэсаў, ёсьць яшчэ і мараль – гэта тое, што ў любой дэмакратычнай апазыцыі ня можа адабраць аніякая ўлада.

Сярод усіх эўрапейскіх дзяржаваў Беларусь – адзіная краіна, у якой бясьсьледна, прычым на працягу паўгода, зьнікаюць вядомыя асобы – былая Старшыня Нацыянальнага банку, былы міністар, першы віцэ-сьпікэр. У турмах – два дэпутаты парлямэнту, былы кандыдат у прэзыдэнты і прэм'ер-міністар, і яшчэ адзін былы міністар…

Іншаму назіральніку нічога не застаецца, як выбіраць адно з двух: або грамадзтва, народ, наскрозь крыміналізаванае, або – улада. Зрэшты, сам Лукашэнка заяўляе, што "народ наш – сьвяты".

XS
SM
MD
LG