Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 04 кастрычнiка 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

(эфір 31 верасьня)
Чаму сёньняшняя акцыя не атрымалася такой масавай, як на тое разьлічвалі арганізатары? І ўрэшце, ці паламаная дэкарацыя так званага "сацыяльнага партнэрства" паміж прафэсійнымі зьвязамі ды ўладамі?..

На працягу апошніх трох гадоў Фэдэрацыя парфэсійных зьвязаў прынамсі тройчы спрабавала наладзіць масавыя акцыі пратэсту. Кожны раз на тое былі важкія падставы, кожны раз усё пачыналася з пагрозьлівых папярэджаньняў на адрэсу ўлады, якія часам нават нагадвалі ўльтыматумы. І кожны ж раз улада была сур'ёзна ўстрывожаная гэтым рухам і як магла стрымлівала яго ўгаворамі, пагрозамі, абяцаньнямі.

Да па-сапраўднаму масавых акцыяў рабочага люду, якія б ахапілі ўсю краіну дагэтуль не даходзіла. Заўсёды дзейнічала адная і тая ж схэма — пасьля пагрозаў улада клікала актывістаў прафэсійных зьвязаў за стол перамоваў, разам складалі нейкі дакумэнт (дакладным выкананьнем якога чыноўнікі сябе потым не абцяжарвалі), і ўсё пакрысе забывалася. Каб праз год паўтарыцца зноў.

На гэты раз акцыя прафэсійных зьвязаў усё ж адбылася. Нягледзячы на тое, што на лідэра Фэдэрацыі Ўладзімера Ганчарыка моцна ціснулі, што ў меснкія харчовыя крамы кінулі рэкордную колькасьць дэфіцытнай сёньня гарэлкі, а ініцыятараў пратэстц загадзя запалохвалі шматмільённымі штрафамі ды іншымі спагнаньнямі.

Акцыя ня была такой масавай, і не ахапіла столькі рэгіёнаў, як на тое разьлічвалі арганізатары. Зважаючы на тое, што масавыя пратэсты — ледзь не адзінае, чаго ўсур'ёз апасаецца цяперашняя ўлада, гэтую акцыю нельга лічыць надта пасьпяховай. 1,5 дзясятка тысячаў людзей на 1,5-мільённы горад ва ўмовах, калі краіна перажывае такі глыбокі заняпад — гэта ня тая лічба, якая магла б паўплываць на палітыку ўлады. Чаму так адбылося, ці ёсьць гэта пралік арганізатараў?

Цяпер ужо няшмат хто памятае, што менавіта на сёньняшні дзень, апошні ў верасьні, Лукашэнка летась была празначаная канчатковая стабілізацыя. Год таму пасьля жнівеньскага фінансавага абвалу ў Расеі, які балюча адбіўся на жыцьці беларусаў, Лукашэнка езьдзіў па правінцыі і прасіў "пацярпець год — да 1 кастрычніка 99-га". Ён абяцаў, што да гэтага дня і беларуская эканоміка, і рэальныя прыбыткі вернуцца на той, дакрызысны ўзровень.

Потым спакваля згадка пра тэрмін гучаць перастала. А цяпер, зноў езьдзячы па раёнах, Лукашэнка ўжо просіць "пацярпець і перажыць гэты цяжкі год".

Калі б існаваў падрабязны рэестар лукашэнкавых просьбаў "пацярпець", адрасаваных тым, хто за яго галасаваў, то сам гэтыя людзі маглі б пераканацца, што просьбы паўтараюцца штогод, мяняюцца толькі матывы. У 95-м трэба было "цярпець", бо эканоміку нібыта "развалілі Кебіч і Шушкевіч", у 96-м Лукашэнку стала замала ўлады і "замінаў Вярхоўны Савет", у 97-м давялося "цярпець", бо "над Беларусьсю пранёсься ўраган", у 98-м нас напаткала "паводка" і "расейскі фінансавы крызыс". Цяпер вось зноў просяць "патрываць", бо надарылася "засушлівае лета", а "Расея падвысіла цэны на нафту".

Лукашэнку ўжо аднойчы ўвекавечылі ў просьбе просьбіта — са схіленай галавою і прыціснутай да сэрца рукою. З таго перадрэфэрэндумнага плякату, надрукаванага сотнямі тысячаў асобнікаў, Лукашэнка ў 96-м годзе прасіў у людзей болей улады. Гэты плякат і сёньня можна ўбачыць сям-там у выканаўчых камітэтах, у габінэтах ідэялягічных начальнікаў.

Поза гэтая была й застаецца нязьменнай — пакуль ёй вераць, і пакуль чалавечае самалюбства цешыцца самаўсьведамленьнем таго, што ўлада яму не загадвае, а нечага пакорліва "просіць", прыціснуўшы да грудзей рукі. Пакуль спрацоўвае гэты няхітры прыём, і пакуль забываецца тое, пра што ўлада прасіла "ўчора" і "пазаўчора", людзі мусяць цярпець, бо самі асудзілі сябе на гэтае "цярпеньне".

XS
SM
MD
LG