Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Замах на кандыдатку ў прэзыдэнты Ўкраіны Натальлю Вітрэнку, які адбыўся ў суботу, відавочна, кардынальна зьменіць расклад сілаў выбарчай кампаніі. Граната, якая выбухнула ў горадзе Інгулец Днепрапятроўскае вобласьці, можа стаць сапраўнай бомбаю ўкраінскае палітыкі, якая разбурыць пэрспэктывы адных кандыдатаў і ўздыме шанцы іншых…

Замах быў учынены пасьля перадвыбарчага сходу ў Доме культуры горада Інгулец, непадалёк ад Крывога Рогу. Калі Вітрэнка ў атачэньні каля 60 памочнікаў і паплечнікаў пакідала будынак, у яе бок былі кінутыя дзьве гранаты РПГ-5, больш вядомыя як лімонка. У выніку выбуху каля 30-ці чалавек былі параненыя, сама кандыдатка ў прэзыдэнты атрымала раненьні ў нагу й жывот і была шпіталізаваная.

Адразу ж пасьля замаху на Вітрэнку былі арыштаваныя двое падазраваных, жыхары расейскага гораду Растоў. Вельмі хутка, і як здаецца некаторым, занадта хутка – на наступны дзень пасьля здарэньня міністар нутраных справаў Украіны Юры Краўчанка заявіў, што да нападу на Вітрэнку далучаны прадстаўнік каманды іншага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мароза. Адзін з затрыманых нібыта прызнаўся, што атрымаў гранаты ад свайго брата, кіраўніка крыварожскага выбарчага штабу Мароза.

Кіраўнік Сацыялістычнае партыі, былы сьпікэр Аляксандар Мароз адхіліў любую сваю сувязь з замахам, назваўшы гэта "разьлічанай, зплянаванай і арганізаванай правакацыяй", зробленай дзеля таго, каб "ажыцьцявіць плян існуючага рэжыму ўвесьці надзвычайнае становішча й сарваць выбары любым коштам". Мароз таксама сказаў, што гэта "правакацыя супраць Канеўскай чацьвёркі, якая зблытала пляны каманды Леаніда Кучмы".

"Канеўскай чацьвёркаю" завецца група з чатырох кандыдатаў – сам Мароз, цяперашні сьпікэр Вярхоўнае Рады аграрый Аляксандар Ткачэнка, правацэнтрыст, былы прэм'ер Яўген Марчук, і мэр аднаго з гарадоў Алійнік – якія вырашылі вылучыць адзінага кандыдата.

Паводле бальшыні палітолягаў, такім кандыдатам быў бы, хутчэй за ўсё Мароз, які ў гэтым выпадку, станавіўся найбольш пэрспэктыўным супернікам Леаніду Кучме. Цяпер, аднак, многія аналітыкі выказваюць думку, што найбольш верагодным прэтэндэнтам цяперашняму прэзыдэнту зьяўляецца менавіта Вітрэнка.

48-гадовая Наталья Вітрэнка, лідэр Сацыялістычнай прагрэсіўнай партыі – адзіная жанчына сярод 14 кандыдатаў у прэзыдэнты Ўкраіны на выбарах, якія павінны адбыцца 31 кастрычніка. Забаўна, што бальшыня заходніх агэнцыяў, апісваючы суботні замах на Вітрэнку, дзеля таго каб зручней патлумачыць заходняму чытачу яе палітычную пазыцыю, параўноўвалі яе з Аляксандрам Лукашэнкам.

Вітрэнка называе сябе сапраўдным марксыстам, яе перадвыбарчая кампанія спалучае папулізм, настальгію па Савецкім Саюзе, абяцаньне спыніць выплату замежных пазыкаў, аднавіць ядравы статус Украіны і дзяржаўную падтрымку для ўсіх бедных. Палітыку МВФ, да прыкладу, лідэр Прагрэсіўнае сацыялістычнае партыі называе эканамічным фашызмам.

Вітрэнка, якую на Ўкраіне сапраўды называюць Лукашэнкам у спадніцы, нападае, аднак, ня толькі на Захад і Леаніда Кучму – яна накідваецца й на іншых левых кандыдатаў, абвінавачваючы іх у служэньні грашовым мяшкам.

Пачынала Вітрэнка сваю палітычную дзейнасьць у Сацыялістычнай партыі Аляксандра Мароза, але потым выйшла адтуль, абвінаваціўшы Мароза ў "буржуазным ухіле" і стварыўшы ўласную партыю.

Пра прэзідэнцкія пэрспэктывы Натальлі Вітрэнкі, ўплыў суботняга інцыдэнту на выбарчую сытуацыю ва Ўкраіне, а таксама паралелі зь беларускімі прэзыдэнцкімі выбарамі 1994 году мы гутарым з аналітыкам "Радыё Свабода" Янам Максімюком.

(Карэспандэнт: ) "Украінскія аналітыкі выказвалі такую вэрсію, што каманда прэзыдэнта Кучмы наўмысна раскручвала Вітрэнку, каб раскалоць "левы фланг" кандыдатаў… Скажыце, наколькі Вам падаецца такая вэрсія праўдападобнай?"

(Максімюк: ) "Для Кучмы, так прынамсі й выдавалася месцы два ці тры назад, было выгадна, каб ён меў як найбольш левых кандыдатаў. І таму Вітрэнка тут яму якраз і падасьпела.

Я думаю, што ўкраінскія аналітыкі таксама зьвярталі ўвагу на тое, што сама натальля Вітрэнка і ейны штаб ня здолелі б сабраць адзін мільён подпісаў у падтрымку яе кандыдатуры, і таксама, што кучмаўская адміністрацыя ёй у гэтым дапамагала".

(Карэспандэнт: ) "Які можа быць палітычны вынік суботняга замаху на Вітрэнку? Да чаго ён прывядзе? Па кім ён найбольш ударыць – па аляксандру Марозу, Леаніду Кучме? Ці падвысіцца рэйтынг Натальлі Вітрэнкі?"

(Максімюк: ) "Несумненна, рэйтынг Вітрэнкі падвысіцца, таму што навогул, чалавечая сымпатыя накіроўваецца на таго, на каго нападаюць, а не на таго, хто нападае. Так што я тут думаю, што рэйтынг Вітрэнкі хутка й значна ўзрасьце. Гэта па-першае.

Пытаньне другое – у каго гэты замах ударыць… Я лічу, што ён наймацней ударыць у самога прэзыдэнта Кучму, а таксама і ў іншых кандыдатаў, адбіраючы ім электарат. У Кучму – з тае прычыны, што гэта ён, як галава дзяржавы, адказны за бясьпеку ў краіне. Адказны за тое, каб прэзыдэнцкая кампанія праходзіла спакойна і згодна з заканадаўствам. І гэты апошні акт менавіта такі жорсткі. І крывавы замах на аднаго з кандыдатаў несумненна ўдарыць у Кучму".

(Карэспандэнт: ) "Самі сабой напрошваюцца некаторыя паралелі-аналёгіі зь беларускай сытуацыяй выбараў прэзыдэнта 94-га году. Тое ж самае – усе кандыдаты супраць аднаго, кіраўніка выканаўчай улады (у Беларусі гэта быў Кебіч), тое ж самае – народны папуліст Аляксандар Лукашэнка – і замах на гэтага кандыдата… Ці Вы знаходзіце, што тут сапраўды можна знаходзіць паралелі, і што яны могуць прывесьці да такога ж выніку, як і ў Беларусі?"

(Максімюк: ) "Паралелі, несумненна, існуюць. Ці прывядуць да такога выніку, як у Беларусі – сказаць цяжка. Але, я б сказаў бы што пасьля гэтага замаху – так шанцаў 80 ад 100 на тое, што супернікам Кучмы ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў будзе якраз Натальля Вітрэнка.

Іншая справа – ці ўвогуле ўкраінцы гатовы менавіта паўтарыць тое, праз што беларусы прайшлі 5 гадоў таму назад – гэта значыць падтрымаць кандыдата, які будуе сваю выбарчую плятформу абсалютна на голым папулізьме й на запярэчаньню праграмы дзейнага галавы дзяржавы".

Пакуль жа Вітрэнка выдатна выкарыстоўвае сваё становішча ахвяры замаху. "Калі мы пачыналі нашую барацьбу, мы разумелі, што ўступаем у канфрантацыю з кланамі, якія ня спыняцца перад фізычным зьнішчэньнем сваіх апанэнтаў", – сказала сацыялістка-прагрэсістка ў адным са шматлікіх інтэрвію, што яна дала за апошнія два дні.

"Цяпер нават ідэялягічныя апанэнты будуць галасаваць за Вітрэнку", – піша сёньняшні нумар газэты "Кіевскіе ведомості".

XS
SM
MD
LG