Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 04 кастрычнiка 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Як сёньня паведаміла агенцтва "БелаПАН", калі ў сярэднім па краіне на 100 тысячаў жыхароў прыпадае 101 хворы на педыкулёз, дык на Магілеўшчыне – 189. Рэкорд – 403 вашывыя – зарэгістраваны ў Шклоўскім раёне. Камэнтар Сяргея Навумчыка.

Нагадаем: пэдыкулёз – гэта наяўнасьць вошаў.

Я зазірнуў у Беларускую Савецкую энцыкляпэдыю, у том 3-ці, на старонку 169: "Вошы – атрад бяскрылых крывасосных насякомых, спэцыфічных і пастаянных паразітаў млекакормячых жывёл і чалавека. Дасягаюць да 6 мілімэтраў, цела плоскае, укрытае валаскамі, лапкі адначленкавыя з учэпістымі кіпцюркамі. Самкі прыклейваюць яйцы (гніды), з гнід разьвіваюцца лічынкі".

Вошы – гэта спрадвечныя спадарожнікі вайны – акопаў, лазарэтаў.

Педыкулёз – звычайная зьява ў лягерох для ўцекачоў з тых краінаў, дзе грымяць гарматы ды льецца кроў. Вошамі напоўненыя турмы, лягеры для зьняволеных.

Кіраўніцтва Беларусі ганарыцца стабільнасьцю. На думку медыкаў, прычына распаўсюджаньня педыкулёзу на Шклоўшчыне – цытую "БелаПАН" – у "зьбядненьні насельніцтва і агульнай сацыяльнай дэградацыі, асабліва ў сельскай мясцовасьці". Бюджэт гэтага раёну у шэрагу пазыцыяў сацыяльнай сфэры перавышае бюджэт цэлых вобласьцяў. Адкуль столькі вошай на радзіме аўтара знакамітага выразу "вашывыя блохі" – пакуль загадка.

XS
SM
MD
LG