Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 01 кастрычнiка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Учора ў Белградзе адбылася чарговая шматтысячная дэманстрацыя пратэсту супроць улады прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча. Удзел у ёй прынялі больш за 30 тысячаў чалавек. Тым разам, аднак, паліцыя выкарыстала сілу й разагнала дэманстрантаў.

Учорашняя дэманстрацыя пратэсту была арганізаваная "Зьвязам за зьмены", у якую ўваходзіць кааліцыя 8 апазыцыйных партыяў. Гэта была самая масавая маніфэстацыя апошніх дзён. Дэманстранты са сьвісткамі й горнамі скіраваліся ў бок прыватнай рэзыдэнцыі Слабадана Мілошавіча. Кіроўцы аўтобусаў, якія знаходзіліся сярод натоўпу, сыгналілі клаксонамі на знак салідарнасьці.

Калі дэманстранты наблізіліся да раёну, дзе знаходзіцца віла Мілошавіча, іх заатакавала паліцыя. 22 дэманстранты былі параненыя. 11 чалавек арыштавана.

Адзін зь лідэраў "Зьвязу за зьмены" Мілан Проціч ахарактарызаваў нагэтулькі масавую дэманстрацыю пратэсту як вялікую перамогу апазыцыі на шляху да пазбаўленьня Мілошавіча ўлады. "У нас зь Мілошавічам не можа быць аніякіх кампрамісаў, – падкрэсліў ён, – або мы, або ён. Адзіным шляхам для дасягненьня нашай мэты можа быць выхад на вуліцы як мага найбольшай колькасьці людзей, каб прадэманстраваць – як шмат сэрбаў хоча ягонага ўходу з палітычнага жыцьця краіны".

Не ўсе, аднак, у югаслаўскай апазыцыі падзяляюць гэтую думку Мілана Проціча аб тым, што адзіны шлях пазбаўленьня Мілошавіча ўлады – гэта масавыя дэманстрацыі пратэсту. На канфэрэнцыі 21-й апазыцыйнай палітычнай партыі, якая адбылася таксама ўчора, адзін з найбольш вядомых лідэраў апазыцыі, старшыня партыі "Сэрбскага Аднаўленьня" Вук Драшкавіч, востра выступіў супроць вулічных маніфэстацыяў. На ягоную думку, аніякія вулічныя пратэсты не ў стане прымусіць Мілошавіча пайсьці ў адстаўку. Калі два гады таму на вуліцы Белграду амаль штодня выходзілі значна больш лічныя маніфэстацыі, гэта прымусіла рэжым Мілошавіча пайсьці толькі на касмэтычныя саступкі. Вук Драшкавіч лічыць, што шлях да дэмакратызацыі жыцьця ў Югаславіі і адхіленьня прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча ад улады толькі праз усеагульныя парлямэнцкія выбары.

І на заканчэньне прыгадаю, што апазыцыя пачала выкарыстоўваць новую тактыку ў змаганьні з паліцэйскім гвалтам. Лідэр Сэрбскай дэмакратычнай партыі Зоран Джынджыч паведаміў, што апазыцыя падрыхтавала сьпісы тых паліцыянтаў, якія ўдзельнічалі ў разгоне апошняй дэманстрацыі, што іх сем'ям будуць накіраваныя лісты з папярэджаньнем аб крымінальнай адказнасьці. Усіх, хто вызначыўся жорсткасьцю падчас маніфэстацыяў, – падкрэсьліў Джынджыч, – мы будзім судзіць, калі прыдзем да ўлады.

XS
SM
MD
LG