Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 кастрычнiка 1999 г.


Сёньня адмененыя меры радыяцыйнае перасьцярогі ў дзесяцікілямэтровай зоне вакол японскага гораду Такаймура, што за 120 км ад Токіо. У чацьвер тут адбылася буйнейшая за апошні час аварыя на заводзе па перапрацоўцы ядравага паліва. У сувязі з аварыяй прэм'ер краіны Кэйза Абучы адклаў прызначэньне новага габінэту міністраў. Хаця адмыслоўцы лічаць, што інцыдэнт ня будзе мець сур'ёзных наступстваў, прынятыя шырокія меры, каб насельніцтва не падверглася небясьпецы.

Аварыя здарылася на заводзе па перапрацоўцы ўрану, калі рабочыя па неасьцярожнасьці залілі ў танкэр 16 кіляграмаў вадкага ядравага паліва, што было ў восем разоў больш за патрэбнае. Усьлед за гэтым адбылася блакітная ўспышка й зафіксаванае значнае перавышэньне ўзроўню радыяцыі ў бліжэйшым навакольлі.

Двое рабочых атрымалі дозы апраменьваньня да 1000 рэнтгэн, яны знаходзяцца ў крытычным стане. Пацярпелі таксама пажарныя і каля пяці дзясяткаў іншых супрацоўнікаў заводу.

Японскі ўрад абвясьціў, што інцыдэнт аднесены да чацьвертае ступені згодна шкалы ядравых аварыяў. Гэта азначае, што не было выбуху, а толькі ўцечка невялікай колькасьці ядравага рэчыва.

Агэнцыя "Reuters" у сваім паведамленьні нагадвае, што, да прыкладу, аварыя на амэрыканскай АЭС Трымайл Айлэнд у 79-м годзе была аднесеная да пятай ступені, а Чарнобыльская аварыя да сёмай ступені.

У першыя гадзіны пасьля аварыі мяйсцовыя ўлады эвакуявалі людзей, якія знаходзіліся на адлегласьці 350 мэтраў ад заводу – дарэчы, літаральна побач зь ім разьмешчаныя гольфавыя корты.

Жыхарам дзесяцікілямэтровай зоны было загадана заставацца ў сваіх дамох, не адчыняць вокны і не ўжываць вэнтыляцыю. Сёньня, у пятніцу, праз 30 гадзінаў пасьля аварыі гэты загад адменены. Улады запэўніваюць, што пагрозы распаўсюджаньня радыяцыі няма. Да гэтага меркаваньня ў цэлым далучаюцца амэрыканскія і расейскія адмыслоўцы.

"Я ня думаю, што інцыдэнт стане доўгатэрміновай праблемаю", – заявіў амэрыканскі навуковец Дэвід Лохбаўм. Прадстаўнік расейскага Курчатаўскага інстытуту, акадэмік Уладзімер Асмолаў, які працаваў у небясьпечнай зоне пасьля аварыі на Чарнобыльскай станцыі, ацэньвае, што цяперашні ўзровень радыяцыі ў непасрэдна паблізу ад заводу у Такаймуры – 4 мілірэнтгэна ў гадзіну – не ўяўляе небясьпекі здароўю. "Пры такім узроўні ў 96-м годзе ліквідатары спалі каля Чарнобыля", – згадвае расейскі адмысловец.

Тым ня менш, японскі ўрад праводзіць шырокую інфармацыйную і прафіляктычную кампанію.

Культурны цэнтар гораду Такай пераўтвораны ў мэдычную лябараторыю. Усе жадаючыя могуць праверыць тут, ці атрымалі яны нейкую дозу апраменьваньня. Цягам апошніх гадзін сюды звярнулася каля 7 тысячаў чалавек.

Правяраюцца мяйсцовыя калодзежы, ваду зь якіх піць пакуль не рэкамэндавана. Устаноўлена, што ўжываньне пітной вады з кранаў па ранейшаму бясьпечнае.

Па тэлевізіі насельніцтву ў дэталях тлумачацца элемэнтарныя правілы ядравай бясьпекі. Так, напрыклад, тым, хто ўвечары ў чацьвер трапіў пад дождж, рэкамэндуецца вымыць усю адзежу.

Мяйсцовыя фэрмэры атрымалі ўказаньне не зьбіраць ураджай і нічога не прадаваць на рынку, пакуль ня будуць праведзеныя адпаведныя пробы. Японскае міністэрства сельскае гаспадаркі ўдакладніла, што інцыдэнт, на шчасьце, не прынёс вялікае шкоды рэгіёну, бо асноўны ўраджай рысу ўжо сабраны.

Нягледзячы на супакаяльны тон афіцыйных заяваў і праведзеныя дзеля бясьпецы захады, выяўляецца незадаволенасьць японцаў.

На думку мяйсцовых жыхароў, улады маглі дзейнічаць яшчэ больш апэратыўна. Да таго ж недапушчальна, кажуць яны, што аварыя здарылася праз два гады пасьля не такой сур'ёзнай уцечкі ў тым жа горадзе Такаймуры, дзе жыве 34 тысячы жыхароў.

Прэсавы прадстаўнік японскага ўраду Гірамі Нанака прызнаў, што такога роду аварыі яшчэ вытлумачальныя для 50-х гадоў, але для сучаснай нацыі гэта сорам.

Алена Ціхановіч, Прага

Нагадаем, што нягледзячы на моцны рух грамадзкасьці супраць ядравай энэргетыкі ў Японіі, тут працуе 51 вытворчы ядравы рэактар. Японія застаецца пятай краінаю ў сьвеце па ступені выкарыстаньня атамнае энэргіі ў сыстэме электразабесьпячэньня.

Беларусь , якая яшчэ не справілася з наступствамі чарнобыльскае аварыі, таксама застаецца ў коле ядравых рэактараў: той жа Чарнобыль, Ігналіна, Смаленск… Дарэчы будзе прывесьці тыя правілы паводзінаў пры сыгнале ядравай аварыі, якія зараз трансьлююцца па каналах японскага радыё і тэлевізіі:

– Вы можаце цалкам засьцерагчы сябе ад эфэкту ўзьдзеяньня радыяактыўных элемэнтаў, калі застанецеся ў памяшканьні.

– Узровень радыяактыўнасьці вакол мейсца аварыі можа зьмяніцца ў залежнасьці ад ветру, дажджу, але на аддаленай адлегласьці ён вельмі нізкі і не ўяўляе небясьпекі здароўю.

– Але, каб перасьцерагчыся, лепш заставайцеся ў памяшканьнях, зачыніце вокны, не ўжывайце вэнтыляцыю і не карыстайцеся паветранымі фэнамі.

– Калі паўстала экстраная неабходнасьць пераезду, абявязкова зачыніце вокны аўтамабіля.

– Устрымайцеся ад збору ўраджаю, пакуль ня будзе вызначана, што сельскагаспадарчая прадукцыя не ўяўляе небясьпекі.

– Пітная вада з кранаў правяраецца ў першую чаргу, і яна прыдатная да ўжываньня, але ўстрымайцеся ад ўжываньня вады з калодзежаў і дажджавой вады.

Нагадаю, што такія рэкамэндацыі прагучалі па японскіх каналах радыё і тэлевізіі ў першыя гадзіны пасьля аварыі на заводзе ядравага паліва ў горадзе Такаймура. Паводле ацэнак адмыслоўцаў, гэтая аварыя ня йдзе ані ў якое параўнаньне з маштабамі Чарнобыльскае катастрофы.

XS
SM
MD
LG