Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 кастрычнiка 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Учора бронетанкавая калёна расейскага войска на 10 кілямэтраў заглыбілася на тэрыторыю Рэспублікі Ічкерыя і цяпер знаходзіцца ў пазыцыі чаканьня на тэрыторыі Наўрскага раёну. Тым часам расейская авіяцыя, якая цягам васьмі дзён зрабіла больш чым 350 баёвых налётаў на рэспубліку, толькі ўчора 20 разоў наносіла па ёй ракетна-бомбавыя ўдары.

Інфармацыя пра расейскую бронетанкавую калёну досыць супярэчлівая. З аднаго боку, паводле "France Press", якое спасылаецца на кіраўніка адміністрацыі Наўрскага раёну, расейскі кантынгэнт складаецца з адной тысячы адзінак тэхнікі й некалькіх тысячаў вайскоўцаў. З другога боку, апэратыўны штаб пры прэзыдэнце Ічкерыі, паведамляе толькі пра калёну бронетэхнікі, якая выцягнулася на 8 кілямэтраў. Штаб паведамляе, што аддзелы апалчэнцаў і вайсковыя фармаваньні займаюць абарону, капаюць акопы й бліндажы ля населеных пунктаў. З абодвух бакоў зоны процістаяньня сыходзіць мяйсцовае насельніцтва. На момант падрыхтоўкі матэрыялу ўзброеных сутычак паміж бакамі ня было, а войска Ічкерыі атрымала загад не адкрываць агню.

Пакуль што, ув адказ на дзеяньні Масквы афіцыйны Грозны заявіў, што ў выпадку наземнае апэрацыі расейцаў у Ічкерыі, чачэнскія аддзелы перанясуць баёвыя дзеяньні на тэрыторыю Расеі.

Паводле расейскіх інфармацыйных агэнцыяў, якія спасылаюцца на інфармацыю ад міністэрства абароны, прэзыдэнт Масхадаў прызначыў кіраўніком усходняга фронту Шаміля Басаева, што расейскі бок разглядае як "патураньне афіцыйнага Грознага злачынцам".

Зь іншага боку газэта "Los Angeles Times" апублікавала артыкул, паводле якога Басаеў, Хатаб ды іхныя сілы знаходзяцца ў апазыцыі да прэзыдэнта Масхадава й таму не зьяўляюцца вызвольнай сілаю. Адсюль газэта робіць выснову, што паміж ЗША і Расеяй "мусіць быць менш непатрэбнага суперніцтва й больш супрацоўніцтва ў змаганьні з агульнай пагрозаю. Крывавыя акты тэрарызму ў Расеі ды ўварваньне ў Дагэстан, – піша газэта, – паказалі, што Расеі пагражаюць тыя самыя сілы, якія ўжо колькі гадоў атакуюць ЗША і Ізраіль. Усьведамленьне гэтага факту мусіць падштурхнуць штатаўскі і расейскі бакі да пераасэнсаваньня іхных узаемных дачыненьняў.

Cёньня міністар абароны Расеі Ігар Сяргеев, у часе закрытага плянарнага паседжаньня Дзяржаўнае Думы заявіў, што мэта ўведзенага ў Чачню фэдэральнага войска – стварыць зону бясьпекі.

Мірныя жыхары працягваюць пакідаць тэрыторыю Ічкерыі. Толькі на тэрыторыі Інгушэціі іх больш як 90 тысячаў, зь якіх 80% складаюць жанчыны і дзеці.

Тры тысячы уцекачоў сабраліся на мяжы з Дагэстанам, але паводле пастановы дагэстанскага міністэрства нутраных справаў, усе кантрольна-прапускныя пункты тут зачыненыя з прычыны небясьпекі пераходу празь іх баявікоў.

У той самы час у Стаўрапольлі, адміністрацыя Курскага раёну пастанавіла рэгістраваць толькі сем'і тых уцекачоў, якія маюць блізкую радню на Стаўрапольшчыне, але адмовіць у праве на рэгістрацыю, а значыць і на адпаведную дапамогу тым, чые мужчыны ваююць на баку баявікоў.

XS
SM
MD
LG