Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 кастрычнiка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў беларускай і расейскай прэсе мусіў быў зьявіцца тэкст праекту новай хаўруснай дамовы. Ён, аднак, не зьявіўся. Учора Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад абмеркаваньня ў Беларусі гэтага праекту і назваў падрыхтаваны дакумэнт "сьмеху вартым". Масква адрэагавала на дэмарш афіцыйнага Менску без асаблівага хваляваньня...

Учора беларускі лідэр зрабіў даволі нечаканы крок — ён адмовіўся ад прапановы Барыса Ельцына распачаць усенароднае абмеркаваньне праекту новае хаўруснае дамовы. "Мы ўжо перажылі абмеркаваньне ў сродках масавае інфармацыі хаўруснае дамовы ў 97-м годзе. Сорамна тады было глядзець на тэлеперадачы з Масквы",-- заявіў Лукашэнка. Ён назваў прапануемы да разгляду дакумэнт "сьмяхоцьцем", дадаўшы, што ён нічым не адрозьніваецца ад папярэдняй хаўруснай дамовы.

разам з тым беларускі кіраўнік не адрэзаў сабе шлях да адступленьня. Ён сказаў, што ў прынцыпе, можа падпісаць і гэтую дамову. Паводле ягоных словаў, ён мае канстытуцыйнае права без усялякіх народных абмеркаваньняў падпісаць нават больш радыкальны варыянт, які прадугледжвае ўвядзеньне пасадаў прэзыдэнта й віцэ-прэзыдэнта "саюзу".

Але Лукашэнка заявіў, што ўмоваю падпісаньня дамовы зьяўляецца сустрэча зь Ельцыным, пад час якой бакі мусяць прыйсьці да згоды. Просьбы ва ўчорашняй прамове спалучаліся з пагрозамі. Ён сказаў, што Ельцын зацікаўлены ў чарговым інтэграцыйным кроку, а ён — Лукашэнка — можа падпісаць дамову і з кімсьці іншым.

Шчыраваньні беларускага кіраўніка ўтрымлівалі стандартны набор тэзаў, якія ён заўсёды агучвае ў тых выпадках, калі не атрымлівае ад Масквы тое, чаго хоча: што "Расея да інтэграцыі не гатовая", што "Захад вядзе вайну супраць хаўруснае дамовы, і падбухторвае сваіх агэнтаў у Расеі разбурыць беларуска-расейскае сяброўства".

На гэты раз галоўным ворагам стаў лідэра расейскай партыі "Яблоко" Рыгор Яўлінскі. На мінулым тыдні Яўлінскі прапанаваў праект расейскага бюджэту, якт прадугледжвае закрыцьцё беларуска-расейскае мяжы. Яўлінскі назваў Беларусь "чорнай дзіркаю" і атрымаў належны адказ — Лукашэнка выказаў меркаваньне, што Яўлінскі рабіў свае заявы паводле загаду Захаду й на "заходнія" грошы. Ён нават заявіў, што калі Яўліснкі прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта Расеі, а не Ізраіля, кіраўніцтва Расеі мусіла было прынесьці прабачэньні Беларусі за такія заявы расейскага палітыка.

Думка, што "ва ўсім вінаватыя яўрэі" — ня новая. Але нават у гэтым кантэксьце не зразумела — чаму Масква мусіць прасіць прабачэньні за выказваньні чалавека, які не зьяўляецца а ні прэзыдэнтам Расеі, а ні расейскім чыноўнікам. Ня просіць жа Лукашэнка прабачэньняў за выказваньні, да прыкладу, Пазьняка. Так што справа, відаць, усё ж такі не ў Яўлінскім, а ў стаўленьні да Лукашэнкі гаспадара Крамлю, Барыса Ельцына.

Палічыўшы, што яму не дадалі належнае, беларускі кіраўнік наўмысна ўчыніў скандал. Аб гэтым сьведчыць хаця б тое, што ўчора, калі Лукашэнка ў Менску ганьбіў новую хаўрусную дамову, у той жа час у Маскве расейскі міністар у справах СНД заяўляў, што ў Менску няма аніякіх пярэчаньняў наконт працэдуры абмеркаваньня дамовы...

Сёньня зьявілася першая папярэдняя рэакцыя Крамля, якая выглядае вялай і крыху разгубленай. Агэнцыя "Интерфакс" прыводзіць словы нейкай неназванай асобы ў Маскве, якая лічыць, што Лукашэнка няслушна паінфармаваны пра ход падрыхтоўкі дамовы. Інфарматар "Интерфаксу" гаворыць, што дамова — вынік працы сумеснай беларуска-расейскай рабочай групы, і што аніякага асобнага беларускага праекту не было і няма. Далей інкогніта заўважае, што ў межах рабочай групы ў праект могуць быць унесеныя неабходныя зьмены й дадаткі, і тады непаразуменьне будзе зьнятае.

У гэтым паведамленьні шмат цікавага. Па-першае, ананімнасьць крыніцы — фармальна Крэмль вытрымлівае паўзу. Па другое, настойлівае сьцьвярджэньне, якое гучыць ня першы раз, што аніякага "радыкальнага варыянту" не йснуе ў прыродзе — беларускага кіраўніка ветліва абвінавачваюць у ілжы. І па-трэцяе, заўвага, што супярэчнасьці могуць быць зьнятыя не шляхам сустрэчы двух прэзыдэнтаў, а ў межах рабочай групы.

Іншымі словамі, пакуль скандал, зроблены Лукашэнкам, сваёй мэты не дасягнуў — Крэмль на саступкі не пайшоў. Самая крыўдная рэакцыя на гульні, падобныя на распачатыя Лукашэнкам, гэта калі іх проста не заўважаюць...

(Вядучая: ) "А чаму менавіта цяпер Маскве спатрэбілася ўкінуць вось гэтую карту "інтэграцыйную", пусьціць яе ў гульню? Здаецца, працэс затармазіўся. І нічога не ўказвала на тое, што ён павінен быў так вось з'актывізавацца без папярэдняй падрыхтоўкі?"

Прычына палягае ў парлямэнцкіх выбарах у Расеі. Справа ў тым, што вось ужо створаны прапрэзыдэнцкі блёк "Адзінства", які ўзначаліў міністар у надзвычайных сытуацыях Расеі Сяргей Шайгу. І хаўрусная дамова, якая была падпісаная менавіта прэзыдэнтам Расеі, ініцыяваная ім — гэта быў бы крок на карысьць гэтага блёку. Ён бы мог прынесьці ім дадатковыя галасы. Да таго ж, гэта магло б пасадзейнічаць раскрутцы расейскага прэм'ера Пуціна, якога ўжо Ельцын прызначыў сваім пераемнікам.

І магчыма, менавіта ў гэтым палягаў сэнс таго, што менавіта зараз гэты працэс быў распачаты.

(Вядучая: ) "Выглядае, што й для самога Лукашэнкі гэта было сюрпрызам — раптоўная заява "ў адзін цудоўны дзень", што праз два дні "публікуем заўтра заяву, абмяркоўваем і падпісваем"..."

Я з гэтым ня згодны. Мяркую, што гэта ня так, бо хачу нагадаць, што ў мінулы панядзелак Лукашэнка меў амаль гадзінную размову з Барысам Ельцыным па тэлефоне. А ў мінулую сераду, калі Лукашэнка езьдзіў ў Маскву на пахаваньні Раісы Гарбачовай — ён таксама меў дастаткова працяглую размову з прэм'ерам Пуціным.

Ну, калі ўлічыць сытуацыю ў Расеі: вайна, блізкія выбары, то наўрад ці пад час такіх кантактаў абмяркоўваліся другасныя пытаньні. Хутчэй за ўсё пытаньне падпісаньня новай хаўруснай дамовы з пачаткам ўсенароднага абмеркаваньня ўсё ж такі аьмяркоўвалася пад час гэтыз сустрэчаў.

Тым больш, што на мінулым тыдні — у сераду — паведамлялася, што пад час размовы Лукашэнкі з Пуціным абмяркоўваўся ход падрыхтоўкі хаўруснае дамовы.

Так што менавіта гэтыя чыньнікі мяне падштурхоўваюць да той думкі, што ўсё ж такі ў дадзеным выпадку менавіта Лукашэнка парушыў дамову. І на карысьць маёй думкі таксама тое, што ў панядзелак крамлёўскія чыноўнікі і ўчора — расейскі міністар у справах СНД — казалі, што "наколькі мы ведаем, у Менску пярэчаньняў ня будзе". Яны казалі менавіта гэта.

Так што, відаць, нейкая папярэдняя дамоўленасьць існавала.

(Вядучая: ) "А ў чым, уласна кажучы, прычыны скандалу, калі існавалі папярэднія дамоўленасьці? Што магло прымусіць Лукашэнку ўзяць свае словы назад — калі сытуацыя выглядае так?"

Тут ёсьць, так бы мовіць, дзьве вэрсіі. Адна — як бы псыхалягічнага кшталту — што Лукашэнка раптам "узарваўся". Яму не спадабалася, да прыкладу, заява намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ельцына пра тое, што ён, Лукашэнка, ня зможа ў 2001 годзе балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі. Тут магчыма, расейскі чыноўнік проста ня ведае беларускія палітычныя рэаліі... Але Лукашэнку гэта магло абразіць. І — ведаючы ягоную прыхільнасьць да тэорыі змовы — ён мог убачыць у гэтым нейкі расейскі плян ягонага зьвяржэньня. Па-другое, тыя ж прамовы Яўлінскага... тут можа ня вельмі адэкватнае ўспрыняцьцё Лукашэнкам Расеі — калі гаворыць Яўлінскі, а ён лічыць, што Яўлінскі агучвае зноў жа нейкія "патаемныя пляны" Крамля...

А можна прапанаваць і трэцюю вэрсію... Я нагадаю, што ў мінулую сераду Лукашэнка сустракаўся ня толькі з Пуціным, але і з Прымаковым, і з Лужковым. Як вядома, зараз у Расеі ідзе вельмі жорсткая бойка паміж Крамлём і блёкам "Айчына — уся Расея", і зразумела, і нтарэсы гэтых дзьвюх палітычных груповак, так бы мовіць, палярныя.

І цалкам магчыма, што Лукашэнка ўжо зараз проста зрабіў іншую стаўку — на Прымакова й Лужкова. Хаця абодва яны — заўзятыя "інтэгратары", але ў дадзеным выпадку падпісаньне хаўруснае дамовы ня ў іхных інтарэсах, бо яны разумеюць, што палітычны ўраджай з гэтага здымуць Ельцын і Пуцін, а не яны.

І ў гэтым выпадку, калі менавіта Лукашэнка ўчыняе скандал, адмаўляя "інтэграцыйным" плянам Крамля — ён гуляе на руку менавіта вось гэтым двум спадарам. І я б тут зьвярнуў увагу на сказ, які прагучаў з вуснаў беларускага лідэра ўчора — што "я магу і з кімсьці іншым падпісаць хаўрусную дамову". Вось тады ўсё атрымліваецца лягічна — што скандал зроблены ня зь нейкіх эмацыйных меркаваньняў, а наўмысна, сьвядома, дзеля таго, каб дапамагчы сваім магчымым палітычным хаўрусьнікам у Маскве.

XS
SM
MD
LG