Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 кастрычнiка 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Фэдэрацыя прафэсійных зьвязаў вырашыла пакуль не падводзіць вынікі акцыі 30 верасьня. Разам з тым, улады ўжо адрэагавалі на пратэсты рабочых — прафзьвязовых актывістаў запрасілі на нараду ў Савет міністраў, дзе яны змогуць выкласьці свае погляды на сацыяльна-эканамічную сытуацыю.

У самой фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў адзначылі, што акцыя прайшла выключна зарганізавана — гэтак, як і прасілі праваахоўныя ворганы. Пад час і пасьля яе завяршэньня затрыманых ня было.

Колькасьць удзельнікаў самі прафэсійныя зьвязы ацэньваюць у 20 тысячаў чалавек і лічаць гэтую лічбу дакладнай. "Сілавікі" сьцьвярджаюць, што на пляц Бангалёр прыйшлі 12-13 тысячаў. Разам з тым у Фэдэрацыі кажуць, што можна было сабраць і болей, і расцэньваюць гэта як парушэьне нутраной дысцыпліны асобнымі сваімі структурамі.

Як адзначыў з гэтай нагоды кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтру ФПБ Валянціна Палявікова: "мы бачым, што ёсьць выпадкі невыкананьня статуту Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў, вышэйшага воргану. Гэтае пытаньне мы разгледзім 6 кастрычніка на паседжаньні прэзыдыюма Фэдэрацыі".

Крытычную адзнаку праведзенаму мітынгу далі некаторыя прадстаўнікі Свабодных прафэсійных зьвязаў. Сяргей Антончык — кіраўнік Страйкавага камітэту — адзначыў сутнасьць актыўнай працы на прадпрыемствах. А Валеры Леванеўскі — старшыня Свабоднага прафэсійнага зьвязу прадпрыймальнікаў — даслаў заяву, у якой кажа: "акцыя паказала, што Фэдэрацыя прафэсійных зьвязаў, маючы вялікія матэрыяльныя рэсурсы, ня ў стане зарганізаваць нават мітынгі належным чынам. Гэта, па сутнасьці, прафзьвязовыя імпатэнты. Нашыя дэвізы — "Не бывае дрэнных мітынгаў, бывае дрэнная іх арганізацыя. Няма "ня нашых" людзей, а ёсьць людзі, зь якімі мы дрэнна працавалі".

Разам з тым было б няправільна тлумачыць, што ўсе прычыны нізкай актыўнасьці тлумачацца выключна адсутнасьцю працы. Як заўважыла Валянціна Палявікова, "мы адчулі, што мы ня ўсё ўлічылі. Ня ўлічылі запалоханасьць людзей — нагэтулькі ў нас усяліўся страх, што патрэбна думаць, як з гэтым змагацца. Нават складана было знайсьці выступоўцаў на мітынгу. Але гэта праблема ня толькі прафэсійных зьвязаў, але й любой партыі. Бо калі адбываюцца апазыцыйныя мітынгі, у нас выступаюць практычна адныя і тыя ж людзі-палітыкі. А вось шэраговыя, хто мае мейсца працы — гэта амаль немагчыма. Я сутыкнулася з гэтай праблемаю ўчора, калі сярод прадстаўнікоў буйных заводаў спрабавала знайсьці выступоўцаў..."

Акрамя Менску мітынгі прайшлі і ў вабласных цэнтрах з колькасьцю ўдзельнікаў да трох тысячаў чалавек. Былі й цікавыя моманты. Паводле інфармацыі ФПБ, у Горадні выступіў "мэр" і паведаміў, што выходзіць з прафэсійнага зьвязу. Іншым, асабліва работнікам бюджэтных установаў, кіраўнікі самі раюць выйсьці з шэрагаў прафэсійных зьвязаў. І паведамленьняў пра такія выпадкі ў ФПБ шмат.

Акцыя прафэсійных зьвязаў не была своечасова асьветленая буйнымі тэлеканаламі — не адрэагавала на яе ня толькі беларуская тэлевізія, але й расейскія тэлекампаніі. У менскім карпункце "ОРТ" мне паведамілі, што "Масква й Расея перанасычаная падзеямі, таму ні на водным канале, што рэтрансьлюецца ў Беларусь, не было інфармацыі пра акцыю прафэсійных зьвязаў". "Аднак, праблемаў з каналам перадачы інфармацыі ў нас не было, — запэўнілі нас у карпункце "ОРТ".

Сёньня ў Фэдэрацыі адбылася нарада, на якой было вырашана не даваць ацэнкі праведзенае акцыі да часу, пакуль яе не дадуць галіновыя прафэсійныя зьвязы. Гэтыя ацэнкі будуць прааналізаваныя праз тыдзень. Яшчэ месяц афіцыйныя прафэсійныя зьвязы будуць чакаць зьменаў. Калі тых ня будзе, яны абяцаюць працягваць акцыі пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG