Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 верасьня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Пастанова суду ў справе былога чылійскага дыктатара, гэнэрала Аўгуста Піначэта будзе абвешчаная ў наступным тыдні.

Ад гэтага панядзелка Лёнданскі магістратны судзе на Боў-стрыт вядзе разгляд справы былога чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта, які 16 кастрычніка летась быў арыштаваны ў Лёндане, на запатрабаваньне гішпанскага пракурора Бальтазара Гарсона. Гарсон абвінавачвае гэнэрала ў катаваньнях і забойствах гішпанскіх грамадзянаў у Чылі ў пэрыядзе 1973-90 гадоў.

Раней, у сёлетнім сакавіку, Суд палаты Лёрдаў падтрымаў арышт былога дыктатара, але абмежаваў колькасьць пунктаў абвінавачаньня тымі, якія тычыліся пэрыду ягонага кіраўніцтва пасьля 8 сьнежня 1988 году гэта значыць часам, калі Гішпанія, Чылі і Вялікая Брытанія падпісалі канвэнцыю супраць катаваньняў.

Учора адвакаты Піначэта ўзмоцнілі абарону і заявілі, што некаторыя гатункі катаваньняў у Чылі былі тымі самымі, што й катаваньні, якія ўжывала Вялікая Брытанія ў Паўночнай Ірляндыі. Пад катаваньнямі, у гэтым выпадку, маюцца на ўвазе: паліваньне ахвяры халоднай вадой, пазбаўленьне сну, цкаваньне сабакамі і ўжываньне электрычнасьці.

"Эўрапейскі суд у справе правоў чалавека, які ў 1978 годзе прааналізаваў спосабы ўжываныя брытанскімі сіламі ў Ольстары, – сказаў адвакат Піначэта Кліф Нікальс, – высьветліў, што ірляндзкія ахвяры атрымалі псыхічныя траўмы. Але той самы суд не прызнаў спосабы ўзьдзеяньня на пацярпелых, як катаваньні". Што ж тычыцца канкрэтных прыкладаў, то Нікалс сказаў, што сьмерць 17-гадовага хлопца, пасьля катаваньняў пры дапамозе электрычнасьці нельга разглядаць як вынік гэтых катаваньняў, адпаведна хлопец ня можа лічыцца ахвярай, бо яшчэ перад катаваньнямі ён быў хворы.

Апанэнты Піначэта разглядаюць такія заявы абароны, як псыхалягічна-эмацыйны шантаж, маўляў, калі судзіць Піначэта, то судзіць трэба й Вялікую Брытанію за ейныя дзеяньні ў Паўночнай Ірляндыі.

Прадстаўнік Чылійскага камітэту ў справе абароны правоў чалавека Вінцэнт Алегрыя пракамэнтаваў гэтую сытуацыю словамі пра тое, што адвакаты Піначэта пры дапамозе паралелі Чылі – Вялікая Брытанія, намагаюцца зьменшыць віну былога дыктатара.

Між тым сёньня, пасьля заканчэньня чацьвертага дня слуханьняў, суд афіцыйна заявіў, што канчатковая пастанова ў справе перадачы Піначэта Гішпаніі будзе абвешчаная 8 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG