Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 верасьня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Некалькі падзеяў, якія адбыліся на працягу апошніх сутак, рэзка зьмянілі сытуацыю вакол Чачні і аддалілі магчымасьць дасягненьня мірнага разьвязаньня канфлікту. Гэта і правал сустрэчы паміж лідэрамі Чачні і Дагэстану, заняцьцё расейскімі войскамі часткі тэрыторыі Чачні, і афіцыйнае прызначэньне Басаева начальнікам усходняга сэктару абароны Чачні.

Падзеі вакол чачэнскага канфлікту ўсё больш разгортваюцца ў бок непазьбежнасьці наземнага ўварваньня расейскіх войскаў. Можна толькі драматычна ўяўляць, да якіх наступстваў гэта можа прывесьці, калі ўжо зараз колькасьць уцекачоў у Інгушэцію дасягнула 75 тысячаў. Людзі бягуць туды, дзе іх, дарэчы, ніхто не вітае і не жадае прымаць.

Несумнена, колькасьць уцекачоў рэзка павялічыцца пасьля ўчорашняга паведамленьня, што расейскія войскі захапілі некалькі стратэгічных вышыняў на тэрыторыі Чачні. Міністар абароны Чачні Магамэд Хамбіеў заявіў, што ў выпадку перасячэньня фэдэральнымі войскамі чачэнскіх межаў, чачэнскія ўзброеныя сілы прыступяць да ваенных апэрацыяў на тэрыторыі Расеі. "Мы падрыхтавалі адмысловыя атрады чачэнскай арміі, якія сустрэнуць расейцаў на іхняй тэрыторыі", – сказаў Хамбіеў.

Учорашні інцыдэнт, калі не адбылася сустрэча кіраўніка Дзяржаўнае Рады Дагестана Магамедалі Магамадава й прэзыдэнта Чачні Аслана Масхадава, сур'ёзна падарваў спадзяваньні на мірнае разьвязаньне канфлікту. Сустрэчу сарвалі мяйсцовыя жыхары, якія блякавалі аўтамабільны картэж Масхадава ля кантрольна-прапускнога пункта й адмовіліся прапусьціць прэзыдэнта Чачні ў Хасаўюрт. Натоўп заўляў, што чачэнцы мусілі былі весьці перамовы пад час вайны, а цяпер ім ня мейсца на дагэстанскай зямлі.

Цяпер відавочна, што падобная сустрэча можа зусім не адбыцца ў бліжэйшы час, паколькі мяйсцовае насельніцтва пагражае не дапусьціць чачэнцаў у Хасаўюрт і ўвогуле перакрыць усе транспартныя магістралі. Дарэчы, дарогу Масхадаву перакрылі не мірныя пікеты, а даволі добра ўзброеныя атрады самааховы, у якія не пусьцілі мяйсцовых чачэнцаў-акінцаў.

Гэты інцыдэнт агаліў праблему процістаяньня ў памежным дагэстанскім раёне паміж чачэнцамі-акінцамі і дагэстанскай народнасьцю – лакцамі. Вядомы расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў ды іншыя сябры правахоўнага цэнтру "Мэмарыял" правялі 10 дзён у Дагэстане.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве яны паведамілі, што былі сьведкамі дзясяткаў выпадкаў гвалту й рабаўніцтва супраць чачэнцаў-акінцаў. Кіраўнік "Мэмарыялу" Алег Арлоў сказаў, што ў некаторых паселішчах яны яшчэ бачылі дым, які падымаўся з напалоў спаленых дамоў чачэнцаў.

Як і паўсюль на Каўказе, тут гісторыя ўзаемадачыненьняў суседніх народаў вельмі заблытаная і складаная. Пад час другой усясьветнай вайны акінцы былі дэпартаваныя Сталіным разам зь іншымі чачэнцамі, а іхныя землі былі занятыя лакцамі – адным з буйнейшых народаў Дагэстану. У 60-х чачэнцам было дазволена вярнуцца, але яны ўбачылі свае дамы занятыя лакцамі. Многія акінцы пасяліліся побач, аднак напружаньне паміж гэтымі народамі засталося.

Такі гістарычны экскурс патрэбны дзеля таго, каб зразумець, што калі чачэнскія баявікі ўварваліся напачатку верасьня ў гэты раён, многія лакцы думалі, што чэчэнцы-акінцы могуць падтрымаць экстрэмістаў. Але гэтыя страхі аказаліся неапраўданымі. Акінцы процістаялі баявікам разам са сваімі суседзямі-лакцамі. Гэта, аднак, не ратуе іх ад недаверу й нават гвалту.

Арлоў гаворыць, што лакцы выкарыстоўваюць акінцаў як ахвярных казлоў. Яны ня могуць напасьці на баявікоў, таму ўзамен вырашылі атакаваць сваіх чачэнскіх суседзяў.

Вядомы праваабаронца Сяргей Кавалёў зьвярнуў асаблівую ўвагу на пазыцыю мяйсцовых дагэстанскіх уладаў у гэтым пытаньні.

(Кавалёў: ) "Улада ў Дагэстане ймкнецца не дапусьціць распальваньня межэтнічнага процістаяньня, але сама гэтая ўлада выяўляе, калі казаць зусім мякка, вельмі несумяшчальную з законам падазронасьць паводле нацыянальнае прыкметы. Гэтая насьцярожанасьць мяжуе ўжо з дыскрымінацыяй".

Гаварыў Сяргей Кавалёў. Гэты прыклад паказвае, што надыход расейска-чачэнскае вайны пагражае выбухам іншых, дагэтуль прыхаваных міжнацыянальных канфліктаў на Паўночным Каўказе.

Тым часам, за 10 дзён расейская авіяцыя ажыцьцявіла каля 300 баявых вылетаў на тэрыторыю Чачні. Паводле чачэнскіх дадзеных, за час бамабаваньняў загінула 600 чалавек і 1200 былі параненыя.

Барбарскія дзеяньні расейскіх вайскоўцаў выклікаюць усё большую заклапочанасьць ва ўсім сьвеце.

ЗША заявілі, што прызнаюць тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі і ейная права змагацца з тэрарызмам, але ўказалі, што эскаляцыя ваенных дзеяньняў супраць Чачні пагражае стабільнасьці ўсяго Паўночнага Каўказу.

Трывогу з нагоды разьвіцьця падзеяў выказаў і Эўрапейскі Зьвяз. На наступным тыдні ў Маскву прыбывае дэлегацыя ЭўраЗьвязу, якая паспрабуе пераканаць расейскае кіраўніцтва праявіць стрыманасьць у канфлікце. Дарэчы, камэнтуючы заклапочанасьць ЗША, прэм'ер-міністар Расеі Пуцін заявіў, што "Чачня зьяўляецца лякальнай праблемаю, якая тычыцца толькі Расеі".

Сёняшні нумар "The Washington Post" сьцьвярджае, што для NATO й ЗША няма нічога добрага ў тым, каб яшчэ раз убачыць Расею прыніжанай. Вынікам гэтага, – піша газэта, – можа быць толькі рост у Расеі цёмнага нацыяналізму і адцягненьне ўвагі ад больш неадкладных задачаў.

Захаду патрэбна кампэтэнтавая Расея, якая глядзіць наперад, а не тая, якая абрынецца ў ланцуг брудных этнічных войнаў. У гэтым сьвятле асабліва непакоіць, што ўрад Ельцына можа пагрэбаваць перамовамі з чачэнскім урадам, якія застаюцца можа быць адзіным спосабам аднавіць парадак у рэгіёне, – піша "The Washington Post".

А брытанская "Times" выказўваецца яшчэ больш пэсымістычна: "Выглядае, што пачынаецца доўгая вайна".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG