Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 верасьня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня дзень акцыі пратэсту прафэсійных зьвязаў. Прыкладна 1000 чалавек сабраліся а 16:00 гадзіне ў раёне Менскага трактарнага заводу пад сьцягамі Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў і Свабоднага прафэсійнага зьвязу беларускага. Пасьля рабочыя арганізаванай калёнаю скіраваліся на пляц Бангалёр — мейсца правядзеньня мітынгу пратэсту. Пад час шэсьця колькасьць дэманстрантаў вырасла да 5000 чалавек.

Сёньня з самога ранку ўлады правялі беспрэцэдэнтавыя захады ў нэйтралізацыі рабочага пратэсту. як паведаміў загадчык арганізацыйнага аддзелу Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў Станіслаў Каласоўскі, на прахадных амаль усіх буйных менскіх прадпрыемстваў былі выстаўленыя ўзмоцненыя міліцэйскія патрулі, якім загадана любым чынам перашкаджаць рабочым масава выйсьці на вуліцы. Спадар Каласоўскі таксама сьцьвярджае, што ўлады папярэдзілі кіраўнікоў усіх камітэтаў прафэсійных зьвязаў сталічных прадпрыемстваў аб крымінальнай адказнасьці, калі тыя паспрабуюць прывесьці рабочых на мітынг.

Асноўныя сілы менскае міліцыі былі скіраваныя сёньня да прахадной Трактарнага заводу, Палаца культуры чыгуначнікаў, пляцу Якуба Коласа й будынку Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў на праспэкце Машэрава — тых мейсцаў, адкуль рабочыя ў чатыры калёны мусілі рухацца на пляц Бангалёр.

Праўда, яшчэ ў ваўторак кіраўнік Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў Уладзімер Ганчарык быў выкліканы ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, дзе ў яго адбылася гутарка з шэфам адміністрацыі Лукашэнкі Міхалам Мясьніковічам і сакратаром Рады Бясьпекі Віктарам Шэйманам.

Пад час сустрэчы была дасягнутая вусная дамоўленасьць аб тым, што міліцыя ня будзе перашкаджаць руху калёнаў прафэсійных зьвязаў. Гэтае абяцаньне з боку прадстаўнікоў прэзыдэнцкае адміністрацыі выглядала даволі дзіўным, бо ў той самы дзень у час паездкі ў Сьмілавічы Аляксандар Лукашэнка паабяцаў жорстка разабрацца з актывістамі прафэсійных зьвязаў, якія будуць парушаць грамадзкі парадак у Менску 30 верасьня.

Гэтыя словы Лукашэнкі выклікалі нэгатыўную рэакцыю з боку замежных прафэсійных зьвязаў. Нават старшыня Маскоўскае фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў спадар Нагайцаў даслаў на ймя беларускага прэзыдэнта абураны ліст, у якім гаворыцца, што маскоўскія прафэсійныя зьвязы выказваюць сваю салідарнасьць з Фэдэрацыяй прафэсійных зьвязаў Беларусі ў іхнай барацьбе супраць наступу на сацыяльна-эканамічныя правы працоўных.

Маскоўскія прафзьвязоўцы таксма выказваюць упэўненасьць, што акцыя пратэсту 30 верасьня стане для Аляксандар Лукашэнкі добрым урокам і новай кропкаю адліку сяброўскага й раўнапраўнага супрацоўніцтва з прафэсійнымі зьвязамі на карысьць Беларусі.

У сярэдзіне дня ў цэнтры Менску была заўважана калёна грузавікоў з салдатамі нутраных войскаў, якая кіравалася ў раён пляцу Бангалёр. У гэты ж час на сталічных прадпрыемствах скончылася першая зьмена. Спачатку каля прахадной Трактарнага заводу дэманстрантаў заўважана не было — толькі міліцэйскія патрулі й купкі журналістаў.

Працоўныя ж масава йшлі па бліжэйшых крамах — было бачна, што аніякага настрою мітынгаваць у гэтых людзей няма. Потым прычына гэтакай клясавай несьвядомасьці пралетарыяту стала зразумелай — на трактарным сёньня далі заробак, а ў бліжэйшыя крамы завезьлі кілбасу й гарэлку.

Тым ня менш, знайшліся й тыя, хто не пабег траціць заробак, а вырашыў змагацца за свае правы. Гэтыя людзі й скіраваліся па ходніках у раён пляцу Бангалёр. Па маршруце шэсьця да дэманстрантаў далучаліся рабочыя зь іншых прадпрыемстваў. такім чынам, агульная колькасьць маніфэстантаў склала прыкладна 5 тысячаў чалавек.

Менская міліцыя ў дзеяньні дэманстрантаў не мяшалася, хаця апэратары-адмыслоўцы здымалі калёну прафэсійных зьвязаў на відэа.

Лідэр дэманстрантаў, кіраўнік прафэсійнага зьвязу аўтатрактарнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў быў увачавідкі расчараваны колькасьцю ўдзельнікаў акцыі. На маё пытаньне, чаму бальшыня людзей замест акцыі абрала паход у крамы, Бухвостаў вымавіў: "Відаць, яны яшчэ не зусім дрэнна жывуць..."

XS
SM
MD
LG