Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 верасьня 1999 г.


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

Тое, паводле якіх сцэнарох могуць разьвівацца далей беларуска-расейскія дачыненьні абмяркоўвае зараз у ЗША ў часе сустрэчаў з уплывовымі амэрыканскім палітыкамі дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька. Яны прыходзяць да высновы, што гэтае пытаньне больш ідэялягічнае чым практычнае. Анатоль Лябедзька знаходзіцца ў ЗША на запрашэньне сэнатара Бэна Кэмпбэла. Адная з мэтаў ягонага візыту таксама — перадаць зварот Зінаіды Ганчар у адміністрацыю прэзыдэнта ЗША…

Візыт Анатоля Лябедзькі ў Злучаныя Штаты кароткатэрміновы, але вельмі насычаны. І як спадзяецца сам спадар Лябедзька, будзе плённым. Трэба адзначыць высокі ўзровень візыту апазыцыйнага беларускага палітыка, які быў запрошаны ў ЗША сэнатарам ад штату Каларада Бэнам Кэмпбэлам.

Запрашэньне гэтае невыпадковае — сэнатар Кэмпбэл сярод іншых выконвае абавязкі сустаршыні камісіі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе Кангрэсу ЗША. Менавіта ў гэтай камісіі праводзіліся летась слуханьні ў беларускім пытаньні, якому й цяпер надзяляецца шмат увагі.

Учора Анатоль Лябедзька наведаў сэнат Злучаных Штатаў, дзе меў сустрэчы зь вядомымі і ўплывовымі палітыкамі — у прыватнасьці, лідэрам рэспубліканскае бальшыні Тэрэнсам Лотам, лідэрам дэмакратаў Томасам Дэшувам, а таксама Эдварадам Кэнэдзі ды іншымі сэнатарамі, якія выказалі сваю падтрымку калегам у Беларусі, што змагаюцца за ўсталяваньне дэмакратыі ў гэтай краіне.

(Лябедзька: ) "Зараз прапрацоўваем мажлівасьць прыняцьця адмысловае рэзалюцыі Канргэсам Злучаных Штатаў Амэрыкі па Беларусі. Гэта тая задача — вельмі канкрэтная — якая стаіць сёньня перада мною. Сёньня адбудуцца яшчэ сустрэчы ў камітэце па міжнародных справах палаты прадстаўнікоў, адбудуцца яшчэ шэраг сустрэчаў з кангрэсмэнамі, з гэльсынскай групаю. І я думаю, вынікам мусіць стаць рэзалюцыя па Беларусі".

Спадар лябедзька меў сустрэчы і ў выканаўчых структурах — у прыватнасьці, у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША з адмысловым паслом у новых незалежных краінах Росам Ўілсанам. А таксама з афіцыйнымі асобамі ў Нацыянальнай радзе бясьпекі ЗША.

У часе сустрэчаў абмяркоўвалася багата пытаньняў — зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў у Беларусі, парушэньні правоў чалавека, арышты, затрыманьні, наступ на свабоду слова, а таксама магчымасьці ўплыву на сытуацыю ў Беларусі з боку міжнароднае дэмакратычнае супольнасьці.

Закраналася й тэма чарговага саміту АБСЭ, што пройдзе ў Стамбуле, і куды Лукашэнка — згодна з рэглямэнтам АБСЭ — будзе запрошаны.

(Лябедзька: ) "Мы абмяркоўвалі, якая можа быць рэакцыя з боку амэрыканскага прэзыдэнта ды іншых кіраўнікоў. І як мяне запэўнілі, натуальна, што ў выступе амэрыканскага прэзыдэнта будзе час і мейсца дзеля таго, каб удзяліць увагу сытуацыі ў Беларусі, дзе й зьнікненьні людзей, і парушэньні правоў чалавека — і гэта будзе вельмі жорсткі выступ, як мяне запэўнілі".

Спадар Лябедзька перадаў зварот жонкі Віктара Ганчара на ймя прэзыдэнта Клінтана і быў запэўнены, што гэты ліст хутка ляжа на стол прэзыдэнту Злучаных Штатаў.

Абмяркоўвалася таксама й мажлівасьць арганізацыі сустрэчы жонкі Міхала Чыгіра — Юліі Чыгір з Хілары Клінтан у часе міжнароднага форуму ў Ісьляндыі.

Шмат увагі надзялялася й пытаньню беларуска-расейскіх дачыненьняў:

(Лябедзька: ) "Я думаю, што тут разглядаюць розныя сцэнары. Хаця на сёньняшні дзень у Канргэсе і ў Дзяржаўным дэпартамэнце пагаджаюцца, што расейцы сёньня занятыя сваімі выбарамі і пытаньні інтэграцыі — гэта больш ідэялягічнае пытаньне, чым практычнае. І ў бліжэйшы час не адбудзецца нейкіх канкрэтных рэальных крокаў да "аб'яднаньня". Што датычыць нас, то мы гаворым, што нават калі йснуе 5% мажлівасьці рэалізацыі такога сцэнару, то гэта дрэнна для Беларусі, і мы мусім пра гэта казаць, і гэта мусім разглядаць. І з гэтым пагаджаюцца".

Спадар Лябедзька пажартаваў, што трэба заразіць "вірусам беларускасьці" як мага больш уплывовых палітыкаў ЗША, каб падтрымліваць няспынную цікавасьць да сытуацыі ў Беларусі. Ён лічыць, што гэта яму ўдаеца пад час візыту, які завершыцца праз два дні, у час якіх ён будзе мець сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША і з прадстаўнікамі СМІ.

Спадар Лябедзька спадзяецца, што ўсталяваныя ў Вашынгтоне стасункі будуць умацоўвацца, а значыць, будзе працягвацца й супрацоўніцтва ў міжнародных дачыненьнях, скіраванае на вяртаньне дэмакратыі ў Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG