Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 1999 г.


Тыдзень паветранага бамбавання аб'ектаў у Чачні дае расейскім гэнэралам падставы сьцьвярджаць, што яны капіююць тактыку NATO ў югаслаўскай кампаніі. Сёньня шэраг камэнтароў міжнароднае прэсы прысьвечаны аналізу падабенства й непадабенства гэтых дзьвюх кампаніяў. Прэса таксама піша пра тое, што можа азначаць новая чачэнская вайна для расейскае палітыкі, расейскай эканомікі і расейскага грамадзтва.

Расейскі міністар абароны Ігар Сяргееў прадставіў бомбававыя атакі як плян змагання супраць бандытаў, якія тэрарызуюць расейскія гарады. Аднак, калі акцыя перасьледу тэрарыстаў прывяла да бамбаваньня Грознага, то, як адзначае газэта "The New York Times", паўстаюць пытаньні – ці робіцца гэта з палітычных меркаваньняў, ці гэта акт помсты – "вока за вока"?

Бомбавыя рэйды могуць быць проста скіраваныя на схованкі тэрарыстаў, якія знаходзяцца пераважна ў гарах, а не ў сталіцы рэспублікі. Расейскае камандаваньне памылкова параўноўвае бамбаваньне Грознага й бамбаваньне Белграду, – адзначае камэнтатар "The New York Times". – У Грозным няма неабходнасьці прымушаць некага сесьці за стол перамоваў – цяперашні кіраўнік Чачні Аслан Масхадаў гатовы да такога абмеркаваньня. На жаль, піша газэта, расейскі прэм'ер Уладзімер Пуцін заявіў, што ён ня бачыць карысьці ў такіх перамовах зараз.

"Чачня – не Югаславія, – гаворыць вайсковы аналітык Павел Фельгэнгаўэр, – у Белградзе быў толькі адзін чалавек, які мог прыняць рашэньне – гэта Слабадан Мілошавіч. У Чачні аніхто ня мае абсалютнае ўлады. Вы можаце бамбаваць Чачню, каб яе падначаліць, але там няма каго падначальваць". Прыводзячы гэтае меркаваньне вайсковага спэцыяліста, газэта "International Herald Tribune" ўдакладняе, што а ні чачэнскі камандзір Шаміль Басаеў, а ні іншы палявы лідэр, вядомы як Хатаб, не падкантрольныя прэзыдэнту Масхадаву. Прынамсі, калі яго ўплыў на іх можа быць зусім нязначны.

"International Herald Tribune" дае таксама падрабязьнейшае параўнаньне югаслаўскай і чачэнскай кампаніяў.

Гэтак жа, як і NATO, расейскія паветраныя сілы сьпярша ўсталявалі кантроль над небам Чачні, ударыўшы па радарнай станцыі і аэрапорце Грознага, на ўзбраеньні якога было некалькі прасьцейшых самалётаў.

Гэтак жа, як і NATO, расейскія паветраныя сілы не абыйшлі ўвагай сетку камунікацыяў: сярод цэляў былі тэлефонная і тэлевізійная станцыі.

Як і NATOўскія самалёты ў Югаславіі, расейскія ў Чачні збамбавалі нафтасховішчы.

Як і NATOўскія камандзіры, расейскія пачынаюць рыхтаваць грамадзтва да думкі пра магчымую наземную апэрацыю. Але, як і ў выпадку зь Югаславіяй, гэты варыянт разглядаецца як самы апошні сродак – адзначае "International Herald Tribune".

Да таго ж, як піша "The New York Times", рускія разумеюць, што Захад да другой чачэнскай вайны не паставіцца з такім жа цярпеньнем, як да першай. Тая скончылася ў 96-м годзе падпісаньнем мірнага пагадненьня, якое часткаю расейскага грамадзтва ўспрымалася як параза й сьведчаньне некампэтэнтавасьці некалі магутнай арміі. Цяперашняя апэрацыя, як ні сумна, адзначае "The New York Times", выглядае больш папулярнай. Гэтая другая чачэнская вайна, калі мець на ўвазе парлямэнцкія выбары ў сьнежні й прэзыдэнцкія ў наступным годзе, магла быць задуманая як спосаб стварыць ілюзію магутнасьці аслабленага расейскага ўраду. Але і першай, як памятаюць і многія расейцы, і чачэнцы, было аж занадта, – заключае "The New York Times".

Вашынгтонскі аналітык "Радыё Свабода" Пол Гобл адзначае, што адным з вынікаў апошняе кампаніі стала яўнае нарастаньне расісцкіх настрояў у расейскім грамадзтве. Пол Гобл спасылаецца на занепакоенасьць гэтым самарскага губэрнатара Канстантына Цітова, які, у прыватнасьці, не ўхваляе палітыку, праводзімую ў сталіцы адносна асобаў "каўкаскае нацыянальнасьці": "Міліцыя, на загад мэра Лужкова, правярае людзей не паводле зьдзейсьненага імі, а паводле колеру іх скуры й валасоў, разрэзу вачэй". Многія расейцы, паводле прыкладу свайго ўраду, – адзначае Гобл, таксама абвінавачваюць чачэнцаў або каўказцаў, хаця пакуль не даведзена, што апошнія акцыі былі праведзеныя "чачэнскімі тэрарыстамі".

Пол Гобл згадвае, што ўказ Лужкова быў прыняты яшчэ ў 1993-м годзе і, нягледзячы на крытыку расейскіх і замежных праваабаронцаў, час ад часу ўжываўся. Расейская палітычная эліта, гэтак жа, як і заходнія ўрады, пазьбягалі рэзкай крытыкі ўказу Лужкова, баючыся, што гэта можа паслабіць і пазіцыі Ельцына. З таго часу, на працягу шасьці гадоў гэтая палітыка перасьледу паводле паходжаньня й колеру скуры, што пярэчыць сусьветным праўным канвэнцыям і расейскай Канстытуцыі, скарыстоўваецца расейскімі ўладамі. Яны ўпэўненыя, што з дапамогаю гэтакай палітыкі змогуць знайсьці падтрымку дома, прычым, не пачуўшы крытыкі з-за мяжы, – заключае Пол Гобл.

На "нафтавым аспэкце" канфлікту засяроджвае сваю увагу камэнтатар нашага радыё Міхаэл Лелівельд. У часе першай чачэнскай вайны, – піша ён, – Расея пазьбягала разбурэньняў нафтаводу, які пралягаў па чачэнскай тэрыторыі, спадзеючыся, што ён будзе скарыстаны для транспартаваньня каспійскае нафты. Цяпер гэтая тактыка карэнным чынам зьмянілася. Чачэнскі нафтавы комплекс апынуўся пад бомбамі, нягледзячы на ўкладзеныя сюды раней расейскія інвэстыцыі. Масква тлумачыць гэта тым, што большая частка нафты на чачэнскім адрэзку выкрадаецца, а тэрарысты зь яе нелегальнага продажу атрымліваюць сродкі на ўзбраеньне. Такім чынам, ізноў актуалізуецца плян будаўніцтва нафтаводу ў абход Чачні – праз Дагэстан. Аднак ён можа быць рэалізаваны толькі пры забесьпячэньні сур'ёзнай аховы. Фактычна, Расея ўжо разьмясьціла ў рэгіёне ўзмоцнены кантынгэнт – каля 70 тысячаў вайскоўцаў. Аднак такое узмацненьне расейскае прысутнасьці мае дваісты эфэкт – яно ня столькі стрымлівае чачэнскіх незалежнікаў тыпу Басаева, колькі застрашвае суседнія краіны, да прыкладу, Азэрбайджан. Маршал Голдман, прадстаўнік групы дасьледнікаў Расеі ў Гарвардзкім унівэрсытэце, лічыць, што падтрымаць бясьпеку нафтавай трубы ў такім неспакойным рэгіёне – задача невыканальная. Ня вырашыць праблему й здача яе ў арэнду замежным кампаніям.

Аднак Расея, выглядае, мае намер дзейнічаць рашуча. Пра гэта сьведчаць і ейныя захады ў далёкім ад Чачні кірунку: якраз на мінулым тыдні быў адчыненая частка газаводу празь Беларусь і Польшчу. Тым самым Расея прадэманстравала, што ў энэргетычнай палітыцы ня мае намеру цярпець сваёй ранейшай залежнасьці ад Украіны, празь якую пастаўляўся газ у Нямеччыну, гэтак сама, як і цярпець украінскія запазычанасьці. Аднак, заключае Міхаэл Лелівельд, у адрозьненьне ад Украіны, Чачні можа пагражаць поўнае зьнішчэньне – і як транзытнай тэрыторыі, і як сіле, што кідае выклік Маскве. Аднак і Маскве Чачня ў чалавечым вымярэньні каштуе ўжо занадта дорага. Яе не абыйдзеш такім танным шляхам – як Украіну – праз паслухмяную Беларусь.

агляд падрыхтавала Алена Ціхановіч, Прага

XS
SM
MD
LG