Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Напярэдадні акцыі пратэсту кіраўніка Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў Уладзімера Ганчарыка выклікалі ў адміністрацыю прэзыдэнта й Раду бясьпекі, дзе вялі размову пра сутнасьць патрабаваньняў прафэсійных зьвязаў. З мэтаю зрыву акцыі адміністрацыя МАЗу аб'явіла 30 верасьня й 1 кастрычніка нерабочымі днямі. Але, як лічаць арганізатары, 30 верасьня шэсьце й мітынг прафэсійных зьвязаў усё ж такі адбудуцца…

Кожны дзень зьяўляюцца новыя падрабязнасьці заплянаванае на апошні дзень верасьня акцыі пратэстц афіцыйных прафэсійных зьвязаў. Апошнія з вядомых датычаць формы правядзеньня акцыі.

Як паведаміў кіраўнік Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў Уладзімер Ганчарык, усё ж была дасягнутая дамоўленасьць аб правядзеньні 30 верасьня шэсьця, якое раней было забароненае ўладамі гораду. Зьбірацца рабочыя і служачыя пачнуць каля 16:00 у чатырох кропках: блізу Трактарнага заводу, Палацу культуры чыгуначнікаў, на пляцы Якуба Коласа й ля будынку Дома прафэсійных зьвязаў. Далей пойдуць калёнамі ў напрамку пляцу Бангалёр, дзе дазволена правесьці мітынг.

З праваахоўнымі вораганамі дасягнутая дамоўленасьць, што рух будзе ажыцьцяўляцца па праезнай частцы дарогі з выкарыстаньнем прафзьвязовай сымболікі й плякатаў.

Як адзначыў кіраўнік аргкамітэту акцыі, намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў, Мікалай Беланоўскі, "міліцыя на ўсім этапе перамоваў паводзіць сябе вельмі карэктоўна — калі б так рабілі й іншыя ворганы выканаўчае ўлады, мы прыйшлі б да нейкага кампрамісу".

А пакуль Аляксандар Лукашэнка ў часе паездкі па Менскай вобласьці вельмі адмоўна дазваўся адносна акцыі прафэсійных зьвязаў і назваў яе грубай палітычнай мітусьнёй і спэкуляцыяй на цяжкасьцях працоўных.

Кіраўнікі фэдэрацыі на гэта заяўляюць, што палітыкі ў іхных дзеяньнях няма, няма й палітычных сілаў сярод арганізатараў акцыі:

(Беларноўскі: ) "Гэта акцыя адрозьніваецца ад мінулых — мы спрабуем людзям патлумачыць, што калі яны сёньня ня вернуць свае правы ў частцы кантрактавай формы найму на працу — яны здраджваюць сабе й інтарэсам сваіх дзяцей. Мы даем людзям шанец выступіць у сваю абарону. Нашыя высілкі на перамовах не далі вынікаў. Мы мусім выявіць салідарнасьць, каб прымусіць уладу нас паслухацца".

Мітынгі й шэсьці пройдуць у буйных прамысловых і вабласных цэнтрах, за выключэньнем Магілева, дзе адбудзецца сход з удзелам кіраўнікоў вэртыкалі.

Як падкрэсьліў кіраўнік Фэдэрацыі, асноўнае патрабаваньне прафэсійных зьвязаў — эканамічнае: стварэньне ўмоваў дзеля рэальнага росту заробкаў, адмена дэкрэту №29, якім уведзеныя кантракты, і доступ да дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі. Наконт апошняга ў часе падрыхтоўкі акцыі пратэсту кіраўнікі Фэдэрацыі атрымалі прапановы надрукаваць свае думкі ў "Народнай газэце" й "Рэспубліцы", але потым атрымалі адмову — відавочна, гэта быў гандаль, магчымасьць выступіць на старонказ узамен на адмову ад акцыі.

Сёньня стала вядомая інфармацыя, што кіраўніцтва Менскага аўтазаводу прыняло рашэньне прызнаць нерабочымі два наступныя дні. Разьлік просты — рабочыя ня пойдуць на акцыю прафэсійных зьвязаў і ня выйдуць аб 11:00 на прахадную, дзе мяркуе ладзіць лякальную акцыю заводзкі Свабодны прафэсійны зьвяз.

Тое, што акцыі афіцыйных прафэсійных зьвязаў надаюць вялікае значэньне, кажа й наступны факт — напярэдадні Ўладзімер Ганчарык меў гутаркі ў адміністрацыі прэзыдэнта й Радзе Бясьпекі зь Міхалам Мясьніковічам, Аляксандрам Абрамовічам і Віктарам Шэйманам.

Як дыпляматычна выказаўся адносна іхнага зьместу сам Ганчарык, размова на іх ішда пра дзяржаўную сацыяльна-эканамічную палітыку. там жа была дасягнутая і тая вусная дамоўленасьць пра магчымасьць руху па вуліцах.

Адначасова Фэдэрацыя праз суд аспрэчвае фармулёўку, пад якой ёй забаранілі праводзіць акцыю ў цэнтры гораду — "складанае становішча ў Расеі". Фэдэрацыя зоабіла запыт у амбасаду Расейскае Фэдэрацыі ў Беларусі з просьбаю прадставіць даведку з ацэнкаю сытуацыі ў Расеі.

XS
SM
MD
LG