Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Тэма беларуска-расейскага хаўрусу значна абвастрылася ў апошнія дні. Аляксандар лукашэнка яшчэ ня даў згоды на пачатак усенароднага абмеркаваньня "саюзнае" дамовы. Аб гэтым у інтэрвію паведаміў памочнік Лукашэнкі Міхал Сазонаў…

У панядзелак прэзыдэнт Расеі падпісаў праект новае хаўруснае дамовы й загадаў прэм'еру Пуціну вынесьці дакумэнт на ўсенароднае абмеркаваньне па ўзгадненьні зь беларускім бокам. Але, як заявіў "Радыё Свабода" памочнік прэзыдэнта Міхал Сазонаў, Аляксандар Лукашэнка пакуль ня даў адпаведнае згоды.

У панядзелак намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргей Прыходзька заявіў, што папярэдні тэкст дамовы плянуецца надрукаваць 1 кастрычніка.

Але Міхал Сазонаў даў зразумець, што, магчыма, згода афіцыйнага Менску будзе дадзена пазьней і ўсенароднае абмеркаваньне адбудзецца ў больш позьні тэрмін.

Два дні таму спадар Прыходзька распавёў, што мяркуецца праводзіць абмеркаваньне на працягу месяца. Потым выканкам "Саюзу" падсумуе вынікі. Пасьля гэтага дакумэнт будзе падпісаны на вышэйшым узроўні. Ён таксама патлумачыў, што ў будучыні магчыма правядзеньне рэфэрэндумаў у тых пытаньнях, якія закранаюць канстытуцыі абедзьвюх краінаў.

Спадар Сазонаў удакладніў гэтае тлумачэньне. Паводле ягоных словаў, сама па сабе дамова ня ўтрымлівае аніякіх парушэньняў сувэрэнітэту Беларусі. Але да дамовы прыкладаецца праграма захадаў у яе рэалізацыі. У прыватнасьці, мэханізм увядзеньня адзінае валюты й стварэньня адзінае мытнае прасторы.

Памочнік кіраўніка Беларусі заўважыў, што некаторыя этапы правядзеньня гэтых захадаў маюць не тэхнічны характар, а прадугледжваюць перадачу часткі суэрэнітэту наднацыянальным ворганам. Менавіта дзеля ажыцьцяўленьня гэтых этапаў неабходна будзе ўносіць зьмены ў канстытуцыі шляхам правядзеньня плебісцытаў.

Памочнік кіраўніка беларускае дзяржавы заявіў, што паміж беларускім і расейскім бакамі дагэтуль захоўваюцца супярэчнасьці ў пытаньні адзінае валюты. Дакладней кажучы, дагэтуль застаецца спрэчным пытаньне — які ворган будзе ажыцьцяўляць эмісію агульных грошай? Расейцы настойваюць на тым, каб гэта быў Цэнтрабанк Расеі. Афіцыйны Менск выказваецца за сумесны беларуска-расейскі камітэт. Спадар Сазонаў выказаў спадзяваньне, што да канцу абмеркаваньня дамовы гэтая праблема будзе нарэшце ўзгодненая.

На пытаньне — як вайна на поўдні Расеі паўплывала на стаўленьне беларускага грамадзтва да "інтэграцыі"? — спадар Сазонаў адказаў, што гэта стварае нестаноўчую атмасфэру, але, на ягоную думку, інтэграцыя нагэтулькі важная ў эканамічным пляне, што гэты чыньнік пераважае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG