Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 29 верасьня 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня выйшаў з друку апошні нумар газэты "Навіны". Журналісцкі калектыў быў вымушаны спыніць працу — улады арыштавалі банкаўскі рахунак газэты й пасьля гэтага выданьне газэты сталася немагчымым. Сёньня ж выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара Павал Жук паведаміў, што ў хуткім часе ён распачынае выданьне новай газэты пад назовам "Наша Свабода"…

"Вы трымаеце ў рукох апошні нумар "Навінаў". Але мы не разьвітваемся — "Наша Свабода" прыйдзе да вас бліжэйшым часам",-- такімі словамі распачынаецца апошні нумар газэты, што зьявіўся сёньня. І далей,-- "Падзеі вакол газэты падцьвердзілі той факт, што зыск і суд былі толькі прыкрыцьцём для добра сплянаванае акцыі па зачыненьню нашае газэты. Мы перашкаджалі Лукашэнку і ягонаму атачэньню наводзіць страх на нашых грамадзянаў і распраўляцца з іншадумцамі — за гэта нас і зачынілі. Але мы не разьвітваемся! Мы будзем працаваць для цябе, дарагі чытач, але зараз ужо пад новай назваю — "Наша Свабода".

Гэткімі словамі сканчваецца рэдакцыйны камэнтар, што зьмешчаны ў апошнім нумары газэты "Навіны". Выканальнік абавязкаў галоўнага рэдактара Павал Жук паведаміў, што новае выданьне пабачыць сьвет цягам бліжэйшых двух тыдняў.

Прадстаўнікі рэдакцыі новае газэты кажуць, што ў першую чаргу "Наша Свабода" будзе распаўсюджвацца ў Менску і ў вабласных цэнтрах. Ня выключана, што першым часам выданьне будзе бясплатным.

Паводле сацыялягічных дасьледваньняў, адзін нумар "Навінаў" чыталі больш як 6 чалавек. Агульная колькасьць аўдыторыі складае 140 тысячаў чалавек.

Гаворыць намесьнік галоўнага рэдактара газэты Мікалай Халезін: "Мы дзесьці нават рады, што нас зачынілі. Гэта значыць, што ўлада прызнае якасьц нашае працы. А ўсё датычыцца суду — гэта казкі для дзяржаўных газэтаў і прапаганды".

Аўдыторыю памерам ня менш як 140 тысячаў чалавек "Наша Свабода" плянуе надбаць ужо летась. У пэрспэктыве яна стане штодзённым выданьнем.

Выданьне новае газэты толькі плянуецца, а ўлады ўжо занепакоіліся ейным зьяўленьнем — паводле зьвестак Мікалая Халезіна, Дзяржаўны камітэт па друку спрабуе ціснуь на друкарні і аб'яднаньне Белпошта дзеля таго, каб перашкодзіць друкаваньню й распаўсюджваньню "Нашай Свабоды". У разе, калі гэта адбудзецца, новая газэта будзе друкавацца за мяжою — хутчэй за ўсё, у Расеі.

Нагадаем, што ўчора судовы выканаўца Маскоўскага раённага суду Менску Ізварын арыштаваў паперу, на якой плянавалася друкаваць сёньняшні нумар, але газэту змаглі выпусьціць дзякуючы тыднёвіку "Беларуская маладзёжная". Паперу арыштавалі да таго, як увайшло ў моц рашэньне Маскоўскага раённага суду.

XS
SM
MD
LG