Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня скончылася сьледзтва ў справе былога прэм'ера Міхала Чыгіра. У канчатковым абвінаваўчым заключэньні было зьнятае абвінавачваньне ў крадзяжы. Тым ня менш, насуперак чаканьням, Чыгір ня быў вызвалены з-пад варты.

Некалькі гадзінаў жонка Чыгіра, якая зьяўляецца ягоным адвакатам, вяла ў памяшканьні турмы на вул.Валадарскага размову са сьледчым Міхалам Васьковым. Каля 17-й гадзіны ўвечары Юлія Чыгір выйшла да журналістаў.

Яна распавяла, што сёньня скончылася сьледзтва ў справе яе мужа. Яму прад'яўлена абвінавачваньне. Размова йдзе аб злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі й перавышэньні іх, а таксама аб халатнасьці.

Менавіта гэтае абвінаваўчае заключэньне цяпер пойдзе ў суд. Найбольш цяжкое абвінавачваньне — у крадзяжы ў асабліва буйных памерах было з экс-прэм'ера зьнята. Яму інкрымінуецца прадстаўленьне крэдытаў на адзін мільён даляраў — на куплю банкаўскага офісу, няслушнае прадстаўленьне яшчэ трох крэдытаў на агульную суму 460 тысячаў даляраў, а таксама дадзенае фірме "Піас" адтэрміноўка на выплату мыт.

Менавіта апошняе сьледзтва трактуе як злоўжываньне службовым становішчам — гэтае рашэньне было прынятае, калі Чыгір ужо быў кіраўніком ураду. Але, паводле словаў абаронцы, урад меў права прыймаць такое рашэньне, якое, дарэчы, было прынятае калегіяльна.

Што тычыцца другога абвінавачваньня — Юлія Чыгір заявіла, што любы нармалёвы суд, нават беларускі суд, ня знойдзе ў дзеяньнях Міхала Чыгіра халатнасьці.

Пад час сьледзтва, якое вялі 20 сьледчых, з вуснаў кіраўніка дзяржавы на адрэсу Чыгіра гучалі абвінавачваньні ў крадзяжы 5-ці і нават 10-ці мільёнаў даляраў. Паводле словаў Юліі Чыгір, такія словы наогул не фігуравалі пад час сьледзтва.

Учора пайшлі чуткі, што сёньня экс-прэм'ера вызваляць з-пад варты на падпіску аб нявыезьдзе — як тое было ў свой час з Паўлам Шараметам. Але й сёньня Чыгір застаецца за кратамі.

Паводле словаў Юліі Чыгір, з размовы са сьледчым яна зразумела, што мера ўтрыманьня будзе працягнутая яшчэ на месяц і на працягу гэтага часу Міхал Чыгір будзе заставацца ў турме.

XS
SM
MD
LG