Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 верасьня 1999 г.


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Пасьля пераезду ўраду ў Бэрлін распачынаецца новы этап у гісторыі як сталіцы Нямеччыны, так і ўсёй краіны…

Непрадказальнай вызначае аўтар артыкулу ў "The New York Times" Роджэр Коўэн атмасфэру, што пануе ў Нямеччыне ў зьвязку зь пераменай сталіцы. Пасьля Кайзэра, Вэймара, Гітлера і ўсходне-нямецкіх камуністаў – гэта апошні й найлепшы шанец для горада пазбавіцца свайго праклёну. Паводле назіраньняў амэрыканскага журналіста бальшыня немцаў вераць у пэрспэктыву Бэрліну.

Тут ёсьць свая інтрыга. Сутнасьць яе найперш у тым, што сяньня, ствараючы новую сталіцу, немцы ствараюць будучыню краіны. Але яна ўжо адчувае на сабе супярэчнасьці свайго мінулага.

Пасьля Бону, гэтага ўцекача зь гісторыі, Бэрлін штодня прапануе канфрантацыю – то зь імпэрскаю пыхлівасьцю, то з ныцысцкім вар'яцтвам, то з падзеленасьцю нацыі на ўсходніх і заходніх.

Гісторык Ганс Момсэн бачыць праблему яшчэ і ў тым, што для бальшыні маладых немцаў, якія цяпер едуць ў Бэрлін, гісторыя Нямеччыны пачынаецца з 1945 году або з Галакосту. Іх пачуцьцё нацыянальнае годнасьці ня мае нічога агульнага з бісмаркавым райхам. Яна палягае на канстытуцыі й дэмакратыі Фэдэратыўнае Рэспублікі. Гэта ўжо новая сьвядомасьць.

Такім чынам, зь пераносам сталіцы ў Бэрлін распачынаецца рэфармаваньне нацыі, і гэта будзе няпроста, бо адныя і тыя ж рэчы старэйшыя немцы і моладзь, усходнія й заходнія ўспрымаюць па-рознаму. Гэты горад зьяўляецца сымбалем траўмаў, што падзялілі нацыю.

У артыкуле газэты "The New York Times" зьвяртаецца ўвага, што сяньня немцы шмат разважаюць пра значэньне слова "патрыятызм".

Так, Міхаэль Наўман – вышэйшы чыноўнік у галіне культуры – лічыць, што слова "патрыятызм" раней ня ўжывалася ў Нямеччыне. Але дадае: "Я – патрыёт, а годнасьць сваю знаходжу ў тым, кім мы хацелі б стаць, у нашай мове, у нашай прававой сыстэме. Я думаю, што Бэрлін дае шанец новаму нямецкаму патрыятызму".

Студэнт права, які прыехаў у Бэрлін са старога ўніверсітэцкага гораду Гайдэльбэрг, сказаў: "Мы тут, каб ствараць. Гэты горад будзе для Нямеччыны такім жа , як Нью-Ёрк для Злучаных Штатаў".

Але пакуль што наўрад ці можна назваць Бэрлін вялікім. Калі ў 1991 годзе прымалася рашэньне вярнуць сталіцу назад, то плянавалася, што насельніцтва гораду павінна было вырасьці да 4,5 мільёнаў да канца 2000 году, а ў 2005 годзе быць паміж 5-цю і 6-цю мільёнамі. На самой справе зараз ў Бэрліне жыве толькі 3,4 мільёны, а больш за 250 000 бэрлінцаў – беспрацоўныя.

"Замест таго, каб стаць мейсцам для сустрэчаў Усходу з Захадам, Бэрлін стаў самым буйным базарам ужываных аўтамабіляў для Ўсходняе Эўропы", – такі камэнтар можна прачытаць у "Die Suddeutsche Zeitung".

Бэрлін гіпназаваў сваёю рэспэктабельнасьцю ў 20-я гады, а цягам халоднае вайны яго заходняя частка стала магнітам для ўцекачоў з Усходу.

Адносна Парыжу ці Нью-Ёрку Бэрлін застаецца неабцясаным і прапануе дастаткова таннае жытло паблізу цэнтру, даступнае пралетарыю.

Сытуацыю напрыканцы другой усясьветнае вайны немцы называлі "гадзінаю нуль". Пазьней, калі была разбураная Бэрлінская Сьцяна, яны зноў пачалі алічваць час ад нуля.

Магчыма, і зараз, калі канцлер Гэрхардт Шродэр заманіфэставаў, што ягоная краіна зноў "магутная сіла", для немцаў у трэці раз надыйшла "гадзіна нуль", – такую выснову робіць газэта "The New York Times".

XS
SM
MD
LG