Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 верасьня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня газэта "Советская Белоруссия" надруквала ўрыўкі зь як быццам бы стэнаграмы тэлефоннае размовы "аднаго зь лідэраў беларускае апазыцыі" з канадзкім бізнэсоўцам Астроўскім, у якой абмяркоўваюцца аспэкты фінансаваньня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. У тым жа артыкуле газэта паведаміла й адрэсу ў інтэрнэце, дзе можна знайсьці поўны тэкст гэтак званае размовы… Камэнтар Сяргея Навумчыка.

Я штодня зазіраю ў інтэрнэт, кантактую з інтэрнэт-фанатамі, якія празь пяць хвілінаў паведамляюць адзін другому пра ўсе кольвечы-значныя падзеі ў web-прасторы. Але пра сайт з "компраю" на апазыцыю даведаўся толькі з "Советской Белоруссии".

Зрэшты, аўтар публікацыі і не хавае, што газэта атрымала матэрыял ад першакрыніцы. "Советской Белоруссии" ня ўпершыню быць першаадкрывальнікам сакрэтаў: даволі часта тут друкуюцца матэрыялы з архіваў, доступ ў якія зачынены нават для самых тытулаваных дасьледнікаў.

А цяпер – пра Ганчара. Менавіта гэтае імя стаіць у інтэрнэце на сайце, адрэсу якога падае "Советская Белоруссия". Я ведаю Ганчара з 90-га году. Мы ніколі не былі блізкімі сябрамі, часам радыкальна разыходзіліся палітычна, але сутыкаліся даволі часта, я назіраў яго ў розных сытуацыях і, што йстотна у дадзеным выпадку – ведаю, як ён размаўляе ў тых ці іншых абставінах, у тым ці іншым асяродку. Гутарыў я зь ім па тэлефоне і адсюль, з Прагі…

Тое, што давялося прачытаць спачатку у "Советской Белоруссии", а потым на інтэрнэце – гэта ня стыль гаворкі Ганчара. Да прыкладу, пад час дыялёгу Віктар амаль кожны раз ці праз раз пачынаў фразу зь імя суразмоўцы – а ў прапанаваным нам тэксьце, які "стэнаграфуе" ня менш як паўгадзінную гаворку – гэта зусім не сустракаецца.

Нарэшце, кожны журналіст, пісьменьнік, наогул, любы чалавек з філялягічнай адукацыяй ведае, што тэкст вымаўлены – істотна адрозьніваецйца ад тэксту напісанага. Адрозьніваецца й паводле лексыкі і, тым болей – паводле рытмікі. Тое, што зьявілася ў "Советской Белоруссии" і на інтэрнэце – не падобнае на жывую размову, а зроблена пад "гаворку". Такое сапраўды можна стварыць за пісьмовым сталом, штучна ўвінчваючы ў так званую "размову" дэталі, якія ў недасьведчанага чалавека могуць выклікаць адчуваньне сапраўднасьці. Але вось дасьведчанаму яны, як кажуць, кінуцца ў вочы.

Да прыкладу, вось "суразмоўца" Ганчара з Канады выказвае пажаданьне, каб Шушкевіча запрасіла беларуская дыяспара ў Канадзе. Якая рэакцыя звычайнага чытача? Зразумела, паколькі бізнэсовец паходзіць з Менску – дык, значыць, уваходзіць у беларускую дыяспару.

Я знаёмы з усімі больш-менш прыкметнымі асобамі амэрыканскае ды канадыйскае дыяспары. Мне ніколі не даводзілася чуць зь іх вуснаў пра бізнэсоўца Астроўскага. І абсалютна выключана, каб нейкая невядомая асоба – хай сабе й з грашыма – магла б уплываць на рашэньне лідэраў дыяспары запрасіць хоць бы нават і шаноўнага былога сьпікэра.

І яшчэ адная дэталь, якая магчыма, можа навесьці на сапраўдных аўтараў так званае "размовы". У 91-м годзе ў будынку ЦК КПБ давялося разьбіраць паперы, якія пасьля правалу путчу іхныя аўтары й адрасаты не пасьпелі дапаліць…

Былі сярод іх і справаздачы з КГБ Беларусі – "унукі Дзяржынскага" акуратна інфармавалі сваіх патронаў пра ўсё, што ім удалося падгледзіць, падслухаць, перахапіць. Усе гэтыя паперы мелі адную ўласьцівасьць: прозьвішчы ў іх падаваліся без ініцыялаў і цалкам друкаваліся вялікімі літарамі і гэтак жа, толькі вялікімі літарамі, набіраліся тапаграфічныя назовы.

Цікава, што і ў інтэрнэце ў тэксце гэтак званае "размовы" прозьвішчы – ГАНЧАР, ШАРЭЦКІ, ШУШКЕВІЧ, ЦЯРЭНЯ, ШАВЕЛЬЗОН, а таксама словы – ВІЛЬНЮС, КАНАДА – набраныя вялікімі літарамі. Як казаў паэт – "і тчэ, забыўшыся, рука…"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG