Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 верасьня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Новая вайна Расеі на Каўказе сталася рэальнасьцю. Чацьверты дзень запар расейская баявая авіяцыя бамбуе чачэнскія аб'екты, у тым ліку грамадзянскія. Пытаньне цяпер толькі ў тым, ці пойдзе Масква на ўварваньне войскаў у Чачэнію, і які маштаб набудзе гэтая новая ваенная авантура. Гэтая тэма сёньня – адна з галоўных у міжнародным друку.

Тысячы напалоханых уцекачоў на ўсіх відах транспарту, на крышах грузавікоў і легкавых аўтамабіляў, якія літаральна запрудзілі ўсе дарогі з Чачэніі ў суседнюю Інгушэцію. Такая карціна, якую можна назіраць пасьля чарговага налёту расейскай авіяцыі на Ічкерыю, апісваецца сёньня на старонках "The New York Times", у артыкуле Майкла Гордана.

Цягам апошніх пяці дзён мяжу паміж Ічкерыяй і Інгушэціяй, піша ён,перасеклі прынамсі 100 000 уцекачоў. Улады Інгушэціі зьвярнуліся ў Маскву па тэрміновую дапамогу, у тым ліку, па прадукты харчаваньня й намёты. Адначасова гэтая рэспубліка афіцыйна закрыла сваю мяжу з Чачнёй.

"Мы апынуліся на мяжы гуманітарнае катастрофы", – завіў выканаўца абавязкаў прэм'ер-міністра Інгушэціі Ахмед Мальсагаў.

Сытуацыя выходзіць з-пад кантролю. Чэргі з аўтамашынаў ды пешаходаў, якія спрабуюць выбрацца з Чачэніі праз галоўную транспартную магістраль, расьцягнуліся больш як на дзесяць кілямэтраў.

Сытуацыя з уцекачамі сталася адным зь яскравых апошніх прыкметаў вайны Расеі супраць ісьлямскіх інсургэнтаў, якія выкарыстоўвалі Чачэнію як базу ў бітве за стварэньне незалежнае ісьлямскае дзяржавы на Паўночным Каўказе.

Тым часам міністар абароны Расеі маршал Сяргееў заявіў сёньня, пасьля нарады ў прэм'ер-міністра Ўладзімера Пуціна, што ўдары па групоўках ісьлямістаў у Чачэніі будуць працягвацца да іхнага поўнага зьнішчэньня. "The New York Times" у сёньняшнім нумары прыводзіць выказваньні Сяргеева, зробленыя ім напярэдадні, у суботу, паводле якіх распрацаваныя некалькі варыянтаў пляну наземнае апэрацыі. Галоўнай мэтаю яе маршал назваў стварэньне вакол Чачэніі так званае зоны бясьпекі дастатковай глыбіні.

Правядзеньне вялікае наземнае апэрацыі – нават калі яна будзе скіраваныя толькі супраць базаў ісьлямістаў на межах Чачэніі – пагражае разбурыць палітычны кансэнсус у Маскве, які зь вялікай цяжкасьцю быў дасягнуты пасьля заканчэньня ваеннай інтэрвенцыі 94-96-га гадоў – піша "The New York Times".

У нядзелю былы прэм'ер-міністар Яўген Прымакоў, які лічыцца адным з фаварытаў у выбарчым спаборніцтве за прэзыдэнцкую пасаду, выказаў апасеньне, што такая наземная апэрацыя можа перарасьці ў вялікую вайну.

Уладзімер Пуцін увесь мінулы тыдзень спрабаваў супакоіць грамадзкасьць, занепакоеную магчымасьцью ўцягваньня ў новую чачэнскую вайну. "Мы не плянуйма паўнамаштабнае вайсковае апэрацыі ў Чачэніі", – заявіў ён у мінулы чацьвер.

Паўнамштабнае ўварваньне ў Чачэнію сапраўды выглядае неверагодным, калі толькі вайскоўцы не палічаць, што адмова ад яе пагоршыць іхную сытуацыю. Пуцін, дарэчы, зазначыў, што ён ня ўмешваецца ў пытаньні камандаваньня і падкрэсьліў, што ў камандзіраў разьвязаныя рукі.

У чацьвер Расея, упершыню пасьля заканчэньня вайны з Чачэніяй у 96-м годзе, распачала бамбаваньне Грознага. У выніку была пашкоджаная сыстэма кіраваньня палётамі ў аэрапорце ды падпаленая нафтаперапрацоўчая станцыя. Расейская авіцыя цаляла па вузлах тэлефоннае сувязі, тэлестанцыі, іншых індустрыяльных аб'ектах, зусім побач з цывільнымі аб'ектамі.

"Вайна на Паўночным Каўказе пачалася сёлета ў жніўні, – піша далей Майкл Гордан, аўтар артыкулу ў "The New York Times". – Тады блізу тысячы ісьлямістаў начале з Шамілём Басаевым і Хатабам, якія не падпарадкоўваюцца прэзыдэнту Чачэніі Аслану Масхадаву, перайшлі мяжу з Дагэстанам і абвесьцілі сваім намерам стварэньне ісьлямскае дзяржавы.

Пасьля некалькіх тыдняў баёў у Дагэстане і сэрыі тэрарыстычных актаў у Маскве, расейскія вайскоўцы пераканалі Крэмль у неабходнасьці бамбаваньня аб'ектаў у Чачэніі.

Начальнік галоўнага штабу вайскова-паветраных сілаў Расеі гэнэрал Анатоль Карнукоў заявіў, што авіяўдары могуць працягвацца месяц.

Падобна на тое, што расейцы перанялі ў NATO стратэгію бамбаваньня Югаславіі. Паводле Карнукова, расейская авіяцыя выкарыстоўвае штурмавікі СУ-25 і бамбавікі Су-24 з узбраеньнем высокай дакладнасьці.

Нягледзячы на рэкляму магымасьці дакладнага бамбаваньня, ёсьць вялікая верагоднасьць, што ў выніку пад бомбы трапяць і многія цывільныя аб'екты.

Чачэнцы, якія жывуць у Маскве, кажуць, што іхныя блізкія паведамляюць у тэлефанаваньнях з Грознага аб інтэнсыўным бамбаваньні жылых кварталаў чачэнскае сталіцы.

У горадзе не хапае хлеба, бо пякарні засталіся бяз газу й электрычнасьці для пякарняў, – піша "The New York Times".

Аўтар артыкулу ў газэце спасылаецца на тамтэйшых рэпартэраў. Ён удакладняе, што пагроза выкраданьня людзей у Чачэніі палохае замежных журналістаў, таксама як і супрацоўнікаў міжнародных інафрмацыйных агэнцыяў. Гэта пазбаўляе Чачэнію магчымасьці паказваць сцэны бамбаваньняў, ды іхных наступстваў – сцэнаў, якія маглі б павярнуць грамадзкае меркаваньне, а ўрэшце, і дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, супраць расейскага ўмяшаньня.

Адміністрацыя прэзыдэнта Клінтана заклікае Маскву праявіць стрыманасьць ды распачаць дыялёг з чачэнскімі лідэрамі. Урад Масхадава таксама заяўляе аб сваёй гатовасьці да перамоваў. Аднак, Масква не выказвае цікавасьці да перамоваў.

Нават апанэнты Басаева, якіх шмат у Чачэніі, баяцца, што расейскія бамбаваньні павялічаць колькасьць ворагаў Масквы сярод чачэнцаў. Са свайго боку, нават у вайсковым кіраўніцтве існуюць апасеньні, што баявая апэрацыя можа выйсьці з-пад кантролю і ў выніку ахвярамі яе стануць расейскія аб'екты – піша "The New York Times".

Трывогу ў сувязі з апошнімі вайсковымі прыгатаваньнямі ды дзеяньнямі ў Чачэніі і навокал выказваюць і іншыя заходнія выданьні. "Расейскія войскі атачаюць Чачэнію" – гэта назва артыкулу ў сёньняшнім нумары брытанскай "The Guardian". І падзагаловак – "на тле вайны вымаўлёваюцца пляны ўварваньня".

Расея вагаецца – ці выкарыстоўваць наземныя сілы ў Чачэніі, – сьцявярджае "Financial Times".

Аднак, незалежна ад ацэнак, заходняя прэса робіць аднадушную выснову – на тым, што адбываецца зараз у Чачэніі і вакол яе, справа ня скончыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG