Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 верасьня 1999 г.


Валянцін Жданко і Юрась Карманаў, Менск

Прайшло 10 дзён з моманту зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага. Улады адмаўляюць сваю прыналежнасьць да гэтага здарэньня. Аляксандар Тамковіч, аглядальнік штотыднёвіка "Свободные Новости", выкладае свае вэрсіі…

Заявы Дзяржаўнага дэпартмэнту ЗША й кіраўніцтва ЭўраЗьвязу прадэманстравалі значнасьць праблемы зьнікненьня людзей у Беларусі. Ужо 10 дзён ніхто ня ведае, куды падзеліся Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. "Рубяжом гвалту" назваў гэтае здарэньне на старонках газэты "Свободные Новости" (http://www.belarustoday.com/sn/) Валеры Карбалевіч. Ён лічыць, што грамадзтва разам з уладаю перакрочыла яшчэ адзін маральна-псыхалягічны рубеж. Краіна ўжывае гамэапатычныя сродкі, паступова, крок за крокам павялічваючы дозу. Спачатку прызвычаілі да зьбіцьця людзей, да зьняволеньня за палітычную дзейнасьць. Цяпер жа, на тле вялай рэакцыі грамадзтва, пазначаецца пераход ад рэпрэсіяў да чагосьці значна горшага.

Афіцыйную вэрсію зьнікненьня Ганчара выклаў на старонках дзяржаўных выданьняў намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкае адміністрацыі Іван Пашкевіч. Ён заявіў, што Ганчар сам наладзіў гэты фарс, каб прыцягнуць увагу да паседжаньня Вярхоўнага Савету й да сябе асабіста. Пашкевіч лічыць, што зараз Ганчар знаходзіцца ў адной з заходніх краінаў.

"Белорусская Деловая Газета" (http://www.bdg.minsk.by/) заўважыла, што за два дні да зьнікненьня арганізатара й натхняльніка выбараў 16 траўня быў уведзены ўзмоцнены рэжым кантролю ў зьвязку з маскоўскімі тэрактамі. "Ня тое, што палітык — муха на-падпітку зь цяжкасьцю праляціць!",-- напісаў аглядальнік БДГ Аляксандар Фядута.

На нашыя пытаньні адказвае аглядальнік штотыднёвіка "Свободные Новости" Аляксандар Тамковіч:

(Карэспандэнт: ) "Афіцыйныя ўлады заяўляюць, што ня маюць аніякага дачыненьня да зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага. У такім выпадку лягічна было б меркаваць, што афіцыйныя ўлады мусяць шукаць зьніклых людзей. Чаму, на Вашую думку, гэтага не адбываецца ці адбываецца ў мінімальнай ступені?"

(Тамковіч: ) "Сёньня йснуе тры асноўныя вэрсіі Ганчара й Красоўскага. Першая вэрсія — гэта нейкія фінансава-крымінальныя разборкі. Другая вэрсія — інсцэніроўка, самазьнікненьне. І трэцяя вэрсія — што да зьнікненьня мелі нейкае дачыненьне самі ўлады.

Што тычыцца першых дзьвюх вэрсіяў — яны, на мой погляд, вельмі сумніўныя. Калі Ганчар, на погляд уладаў, зрабіў нейкую інсцэніроўку зьнікненьня, то гэта нагадвае мне нейкае "палітычнае харакіры" — адна справа зьнікнуць, а як потым вяртацца назад у палітыку? што тычыцца фінансава-крымінальных разборак, то я так сама не лічу такі расклад магчымым — усе, хто дапамагаў і ахвяраваў нейкія грошы Ганчару, вельмі добра разумелі, што ня вернуцца гэтыя грошы! Гэта былі ахвяраваньні, так бы мовіць, у будучыню краіны...

Цяпер пяройдзем да трэцяй — з уладаю — вэрсіі. Вось яна павінна быць рабочай. Ганчар сёньня зьяўляецца адным з самых харызматычных лідэраў апазыцыі. Як да яго ні ставіцца, Ганчар — гэта амаль адзіны беларускі палітык, які не сядзіць, не чакае, а працуе. Вырашыўшы пытаньне Ганчара — гэта амаль вырашыць пытаньне ўсёй апазыцыі. Бо сёньня ў беларускіх праваахоўных структураў ёсьць вельмі шыкоўны шанец давесьці, што падаткі, якія мы з вамі ім плацім у бюджэт, ня йдуць туды дарэмна.

Мы валодаем такой колькасьцю міліцыянтаў,якой няма ў аніводнай краіне сьвету! Таму — калі ласка, шукайце! 130 тысячаў міліцыянтаў і супрацоўнікаў нейкіх там спэцслужбаў ня могуць знайсьці аднаго!

Я сам быў сьведкам, што за Ганчаром вялося нейкае такое назіраньне. Штодзённа. Было адсочваньне. І вельмі-вельмі дзіўна, што ў момант, калі ён зьнік — ніхто з супрацоўнікаў вядомых структураў гэтага ня бачыў. Таму што кожны крок Ганчара дагэтуль яны ведалі вельмі добра!

Найбольш верагодная вэрсія, што ўлады самі мелі дачыненьне. Ну, а калі самі мелі дачыненьне — так і будуць шукаць. Улады спадзяюцца на тое, што ніхто з-за Ганчара й ня будзе тут асабліва хвалявацца... Ганчар — той чалавек, які меў вельмі складаныя адносіны з эўрапейскім структурамі. І таму ўлады спадзяюцца на тое, што ніхто ня будзе там асабліва пытацца: "чаму Ганчара няма, што зь ім там здарылася і г.д."

(Карэспандэнт: ) "Тым ня менш на зьнікненьне Віктара Ганчара вельмі рэзка адрэагаваў Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў, а таксама кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу... Скажыце калі ласка, спадар Тамковіч, ці ёсьць у Захаду, да якога апэлююць зараз беларускія апазыцыянэры й грамадзкасьць, мэханізмы ціску на Аляксандра Лукашэнку з тым, каб ён распачаў такі пошук зьніклых людзей?"

(Тамковіч: ) "Ёсьць, я лічу. Гэта — перамоўны працэс, падрыхтоўка да якога сёньня адбываецца. Нельга пачынаць аніякіх перамоваў да таго моманту, калі ня будзе высьветлены лёс Ганчара й Красоўскага. Дарэчы, і ня толькі іхны. Я хацеў бы пачуць — дзе ж усё-такі міністар нутраных справаў?.."

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG