Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 верасьня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ў шэрагах Беларускага Народнага Фронту абмяркоўваюцца вынікі зьезду партыі БНФ, які ўчора адбыўся ў Менску. Як мы паведамлялі, дэлегаты зьмянілі назоў партыі — цяпер гэта "Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя". Шэраг сябраў БНФ не прызнаюць зьезд правамоцным...

На зьезьдзе быў абраны старшыня Зянон Пазьняк і ягоныя намесьнікі — спадары Беленькі, Папкоў, Анцыповіч і Старчанка. Быў абраны Сойм у складзе 45 сяброў. Учора ж адбылося паседжаньне Сойму, які абраў адказным сакратаром Управы Анатоля Крыварота.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі спадар Папкоў падкрэсьліў, што адбыўся менавіта 4-ты зьезд Партыі БНФ. Ён дадаў, што ёсьць усе дакумэнты, якія падцьвярджаюць правамоцнасьць зьезду — у ім узялі ўдзел 140 дэлегатаў, якія прадстаўлялі ўсе вобласьці і больш за 100 мяйсцовых арганізацыяў.

Адказваючы на абвінавачваньні апанэнтаў, спадар Папкоў падкрэсьліў, што прадстаўнікі Гарадзеншчыны й Магілеўшчыны бралі ўдзел у зьезьдзе й былі абраныя ў Сойм.

Спадару Беленькаму даручана атрымаць у міністэрстве юстыцыі рэгістрацыйнае пасьведчаньне партыі БНФ.

Ніхто з тых, хто на зьезьдзе руху БНФ быў у апазыцыі да Зянона Пазьняка, ня быў абраны ў склад кіраўніцтва партыі.

Пра магчымасьць захаваньня адзінства выказаўся ў інтэрвію "Радыё Свабода" Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) "Ну, па першае, пра Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю Беларускі Народны Фронт яшчэ рана гаварыць — яшчэ трэба перарэгіставаць у міністэрстве юстыцыі... Пакуль што мы Партыя БНФ, і пакуль што просьба так вось нас і называць. На зьезд былі вылучаныя і, натуральна, запрашаліся і Вінцук Вячорка, і Лявон Баршчэўскі, і іншыя. Я пэрсанальна запрасіў Вінцука Вячорку, пэрсанальна запрасіў спадара Баршчэўскага. Нажаль, прыйшоў толькі спадар Баршчэўскі, які не рэгістраваўся, выклаў сваю пазыцыю ў выступе й далей ня браў удзелу ў зьезьдзе. Неаднаразова рабіліся прапановы і спадару Вячорку, і спадару Баршчэўскаму проста сесьці за стол кіраўніцтва тым асобам, якія маюць розныя погляды на далейшы лёс Фронту, на падыходы ў ягонай рэструктурызацыі — якім чынам гэта лепш зрабіць. Бо праблемы, скажам так, з функцыйнымі структурамі, функцыйнымі абавязкамі ў Фронце — яны, так бы мовіць, крычалі. Гэта было відавочна — асабліва ў апошнія два гады — былі вялікія праблемы. І трэба было мяняць падыходы... Канцэптуальныя, можа быць, падыходы да працы, структуры, функцыйныя абавязкі й г.д.".

(Карэспандэнт: ) "Вось стварылася такая сытуацыя, што прайшоў зьезд, вашыя апанэнты гэтае не прыймаюць... На Ваш погляд, ці ёсьць магчымасьць неяк прыйсьці да згоды й не даводзячы ўжо да фактычнага расколу?"

(Беленькі: ) "Некалькі формаў рэструктурызацыі працы Фронту прапаноўвалася. Вось адная форма была — з паліткамітэтам, другая форма была — стварэньне кааліцыі БНФ, дзе ёсьць як бы дзьве плыні з агульным каардынуючым цэнтрам, але ж мэты ў нас аднолькавыя! І трэцяя прапанова, якая была прынята ўчора дэ-факта — гэта стварэньне моцнае палітычнае партыі. Прычым, гэтае пытаньне ўжо даўно насьпела! Партыя, якая зьяўляецца ядром усёй нашай арганізацыі... І прапануецца ўдакладніць ужо функцыю руху. І гэтыя ўдакладненьні — яны павінны быць зроблены на другой сэсіі зьезду руха.

Я думаю, у нас яшчэ ёсьць час, каб мы ўсе гэтыя праблемы да зьезду вырашылі — зразумела, што на зьезд ужо павінныя выносіцца гатовыя праекты рашэньняў".

Апанэнты Пазьняка ня лічаць зьезд, які адбыўся ўчора, правамоцным. намесьнік старшыні Фронту Лявон Баршчэўскі заявіў у інтэрвію "Радыё Свабода", што бальшыня арганізацыяў будуць прытрымлівацца статуту й таму ня прызнаюць зьезд. Спадар Баршчэўскі назваў зьезд, які адбыўся ў нядзелю, сепаратным, які фіксуе раскол. Ён дадаў, што такі зьезд вядзе да стварэньня арганізацыі правадырскага тыпу.

А вось што заявіў нашаму радыё Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Я думаю, ёсьць нейкі шанец захаваць адзінства Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" як грамадзкае арганізацыі. Я думаю, што мусяць застацца ўсе тыя людзі, прозьвішчы якіх Вы называлі. Але яшчэ, на мой погляд, непазьбежна — пасьля ўчорашніх падзеяў — побач з партыяй БНФ будзе йснаваць кансэрватыўна-хрысьціянская партыя Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка.

Я магу сказаць, што гэтыя падзеі ня выклікаюць у мяне вельмі шмат радасьці — я лічыў, што ва ўмовах сёньняшняга рэжыму трэба, наадварот, зьбіраць усе сілы ў кулак, бо людзей не хапае. Але ж Зянон Станіслававіч вырашыў па іншаму... Натуральна, ня толькі на яго кладзецца адказнасць за тое, што адбывалася на мінулай нядзеле ў Менску. Тут адказнасьць кладзецца на ўсё кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту...

Я асабіста, прыкладаў усе намаганьні, каб захаваць агульнае адзінства. У тым ліку, і каб заставалася адзіная партыя Беларускага Народнага Фронту. І такой жа пазыцыі трымалася бальшыня маіх калегаў у Сойме — як у Беларускім Народным Фронце "Адраджэньне", так і ў Сойме партыі БНФ. Але ж жаданьні ды імкненьні Зянона Станіслававіча Пазьняка былі іншыя і ён пайшоў на стварэньне сваёй партыі. Натуральна, у шэрагах гэтае партыі ён і блізка ня можа аб'яднаць бальшыню Беларускага Народнага Фронту".

XS
SM
MD
LG