Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 верасьня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У панядзелак 27 верасьня ў Лёндане пачнуцца судовыя слуханьні ў справе экстрадыцыі былога чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта, які ад леташняга кастрычніка знаходзіцца пад хатнім арыштам у Вялікай Брытаніі…

84-гадовы Аўгуста Піначэт быў арыштаваны ў Лёндане паводле ордэру гішпанскага судзьдзі, які дамагаецца выдачы былога чылійскага дыктатара і абвінавачвае яго ў злачынствах супраць чалавечнасьці, у тыя часы, калі гэнэрал кіраваў краінаю.

Піначэту інкрымінуюцца забойствы й катаваньні гішпанскіх грамадзянаў у Чылі ў 1973-1990 гадах. У часе кіраваньня дыктатара загінулі больш як 3 тысячы чалавек. Шмат хто зь іх быў закатаваны, шмат хто зьнік бяз вестак.

І вось цяпер, калі да разгляду справы былога дыктатара застаюцца лічаныя дні, многія назіральнікі пачынаюць выказваць думку, што Піначэт можа ніколі не паўстаць перад судом у справе правоў чалавека. Замест гэтага ён можа дажыць свой век у атачэньні адвакатаў, якія будуць бясконца намагацца зьмяніць сытуацыю і прадухіліць горшыя варыянты.

Але, як бы там ні было і якім бы ні быў вынік слуханьняў наступнага тыдню ў Лёндане, выпадак зь Піначэтам ужо адметны і вылучны факт у міжнародным праве, ад часу, калі пасьля Другое ўсясьветнае вайны адбыўся Нюрэнбэргскі працэс над фашысцкімі злачынцамі, – лічыць аўтар новай кнігі пра правы чалавека, праваабаронца зь Вялікай Брытаніі Джэф Робэртсан.

Нават сам арышт Піначэта, паводле Робэртсана, ёсьць прэцэдэнтам, бо арыштаваны не які-небудзь нацыст, а былы кіраўнік дзяржавы, пазбаўлены імунітэту за спрычыненае ім чалавечае гора.

Сытуацыя досыць істотная, бо яна ёсьць ахілесавай пятою ў міжнародных адносінах, – гаворыць Джэф Робэртсан і дадае, што нават у выпадку, калі Піначэт будзе вызвалены, прэцэдэнт застанецца. Таму, брытанскі праваабаронца лічыць, што рэшта жыцьця ў атачэньні адвакатаў было б неблагім выйсьцем, бо гэта таксама форма пакараньня.

Як заяўляе сам Піначэт, ад самага ягонага арышту ён ня меў часу кантраляваць сытуацыю. Пасьля шэрагу юрыдычных разглядаў у сакавіку Брытанскі Вышні Суд – палата Лёрдаў – зацьвердзіў затрыманьне, хаця і абмежаваў абвінавачаньні тымі злачынствамі, якія адбыліся пасьля 88-га году, гэта значыць часам ухвалы Канвэнцыі супраць катаваньняў Гішпаніяй, Чылі і Вялікай Брытаніяй.

Слуханьні ў справе экстрадыцыі Піначэта маюць доўжыцца пяць дзён, але незалежна ад выніку працэс можа ператварыцца ў маратон з новых патрабаваньняў, абвінавачаньняў і апэляцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG