Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 верасьня 1999 г.


У гэтыя хвіліны, калі выходзіць у эфір нашая праграма, ля кірмашу "Серабранка" ў Менску праходзіць пікет. Некалькі дзясяткаў чалавек трымаюць у руках плякаты "Навінам" — свабоду!" і "Свабоду слову ў Беларусі!". А ўраніцу ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся разгляд справы аб абароне гонару й годнасьці Віктара Шэймана супраць рэдакцыі газэты "Навіны" й журналіста Сяргея Аніські…

Судовае паседжаньне цягнецца й зараз. гадзіну таму суд ня прыняў да ўвагі хадайніцтва выканальніка абавязкаў галоўнага рэдактара газэты "Навіны" Паўла Жука з просьбаю адхіліць склад суду.

Жук лічыць, што прадстаўніу Віктара Шэймана Анатоль Бержанін сваімі заявамі й хадайніцтвамі аказвае ціск на судзьдзю Савіча, а ўгэтым выпадку суд ня зможа прыняць справядлівага рашэньня.

Ад самое раніцы ў раёне Маскоўскага суду можна было сустрэць узмоцненыя нарады АМАП. Людзей у будынак прапускалі паводле дакумэнтаў. Жадаючых прысутнічаць на працэсе было столькі, што залю неабходных памераў супрацоўнікі суду знайшлі не адразу, але й гэты пакой ня змог зьмясьціць усіх жадаючых.

Працэс адбываецца ў даволі нэрвовае абстаноўцы. Паводле абаронцаў, судзьдзя Анатоль Савіч ад самога пачатку стаў на бок сакратара Рады Бясьпекі Віктара Шэймана. За 6 гадзінаў слуханьня справы Савіч не задаволіў аніводнага хадайніцтва абаронцаў рэдакцыі "Навінаў" і Сяргея Аніські. У гэты ж час судзьдзя ўхваляе ўсе дзеяньні прадстаўніка істца Анатоля Бержаніна.

Сакратар Рады Бясьпекі, які падаў у суд на рэдакцыю газэты "Навіны" і журналіста Сяргея Аніську, — Віктар Шэйман — лічыць, што яны абразілі ягоныя гоанр і годнасьць, апублікаваўшы журналісцкае дасьледваньне. У разе, калі суд задаволіць патрабаваньні Віктара Шэймана, газэта "Навіны" будзе вымушаная два гады кіраваць увесь прыбытак на кампэнсацыю маральных пакутаў дзяржаўнага сакратара. А для Сяргея Аніські гэты тэрмін складзе 22 гады.

Ягор Маёрчык, Менск

P.S. Паводле самых апошніх зьвестак сёньня сакратар Рады Бясьпекі выйграў судовы працэс супраць газэты "Навіны". Паводле рашэньня Маскоўскага суду "Навіны" павінныя выплаціць Віктару Шэйману 10 мільярдаў рублёў, а журналіст Сяргей Аніська — 5 мільярдаў рублёў. Такая кампэнсацыя прызначаецца за матэрыял, дзе паведамлялася пра будаўніцтва лецішча Віктара Шэймана.

XS
SM
MD
LG