Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 верасьня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня праваахоўныя ворганы Беларусі на прэсавай канфэрэнцыі распавядалі, як ідзе сьледзтва ў справе Ганчара й Красоўскага. Крымінальнай справаю паводле факту іхнага зьнікненьня займаецца адмысловая група сьледчых пад наглядам пракуратуры. Зь сёньняшняга дню Віктар Ганчар аб'яўлены ў міждзяржаўны вышук. Аднак, пакуль аніякіх зьвестак пра тое, што ж здарылася зь Віктарам Ганчаром і Анатолем Красоўскім, у сьледчай групы пакуль няма — пра гэта заявілі на прэсавае канфэрэнцыі кіраўнікі крымінальнае міліцыі Менску.

Палкоўнік Валянцін Патаповіч, непасрэдны кіраўнік пашукова-апэратыўнае групы, запэўніў, што робяцца ўсе захады, каб расьсьлдеваць гэтае злачынства. Тое, што 16 верасьня адносна Ганчара й Красоўскага ўчыненае менавіта злачынства, міліцыя ўжо не сумняецца, аб сьведчыць 101 артыкул, паводле якога распачатая крымінальная справа — наўмыснае забойства.

На шчасьце, бывае, што найгоршыя падазрэньні не падцьвярджаюцца. Мы спадзяемся менавіта на такі вынік расьсьледваньня,-- заявіў кіраўнік групы. Астатняе, што яму вядома пра сутнасьць справы, ня стала асаблівай навіною для журналістаў:

(Патаповіч: ) "Адная з вэрсыяў, я ўжо казаў — маглі стаць ахвярамі злачынства... Любога злачынства зь бязь вестак зьніклымі — у нас такіх справаў у Рэспубліцы выключаць немажліва. Другое — мы не выключаем мажлівасьць, што іхнае зьнікненьне зьвязанае з асабістымі, вядомымі ім матывамі. Выключаць такую вэрсію мы ня можам. Ня выключаная і мажлівасьць, зьвязаная з фінансавай дзейнасьцю і Красоўскага, і ягонага атачэньня".

Палкоўнік Патаповіч старанна абыходзіў палітычны аспэкт здарэньня. І на пытаньне журналістаў наконтвэрсіі пра загад кіраўніцтва краіны ізаляваць Ганчара, міліцыянт адказаў: "мы шукае асобаў, якія маглі зрабіць гэтае злачынства, хто б яны не былі. Палкоўнік запэўніў, што зробяць усё магчымае, каб знайсці Ганчара й Красоўскага, або хаця б іхныя целы ці аўтамабіль. Абсьледваюцца розныя аб'екты, нават лясы і вадаёмы, дзе можа быць схаваны "джып-чэрокі", на якім яны зьехалі,-- запэўніў Патаповіч.

Пошукі пашыраюцца й за межы краіны. Зь сёньняшняга дню Ганчар і Красоўскі аб'яўлены ў міждзяржаўны вышук. Паводле палкоўніка, міліцыянтам ніхто не перашкаджае рабіць сваю справу, вось толькі "супрацоўнікі пашуковай групы сутыкнуліся з боку радзіны бязь вестак зьніклых з нежаданьнем прадстаўляць правахоўным ворганам маючыя значэньне зьвесткі, што перашкаджала правядзеньню пашуковых мерапрыемстваў". Пасьля гэтага ён удакладніў, што меў канкрэтна на ўвазе — нібыта Зінаіда Ганчар не паведаміла сьледчым усіх патрэбных ім тэлефонных нумароў іх знаёмых і схавала інфармацыю пра сустрэчы, якія Ганчар меўся зрабіць на наступны дзень. таксама прэтэнзыі прагучалі ў бок сябра Ганчара Яўгена Лычова — маўляў, ён сказаў сьледчаму Новікаву, што ведае, дзе знаходзіцца "джып-чэрокі", але дакладна нічога не паведамляе, не жадае супрацоўнічаць са сьледзтвам.

Ужо пасьля брыфінгу я спраўдзіў гэтыя зьвесткі. Яўген Лычоў сказаў, што ніколі нікому не заяўляў пра тое, быццам ён ведае, дзе знаходзіцца "джып-чэрокі". Абвергла словы сьледчага й Зінаіда Ганчар: "мы далі ўсе зьвесткі, якімі валодалі, усе паказаньні". "А пра пляны мужа на наступны дзень лепш спытацца ў яго. Я пра іх проста ня ведаю,-- заявіла Зінаіда ганчар і назвала дзеяньні міліцыі ў пошуках яе мужа імітацыяй актыўнасьці.

XS
SM
MD
LG