Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 1999 г.


Карупцыйны скандал, у цэнтры якога апынуліся прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын ды ягонае блізкае атачэньне, ня толькі ня сьціхае, але й ставіць перад Захадам пытаньне – ці працягваць фінансавую дапамогу дэмакратычным рэформам у гэтай краіне? І калі працягваць – дык на якіх умовах?

Надоечы зьявілася рэкляма новага гатунку гарэлкі пад назовам "Сям'я". Налепка на бутэльцы ўпрыгожаная пэйзажам Крамлю й партрэтам Барыса Ельцына . Побач можна разгедзець выявы яшчэ пяці чалавек. Гэта дачка Ельцына Тацяна Дзячэнка, ейны муж Леанід, чыё імя фігуруе ў справе адмываньня расейскіх грошай, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Валошын, былы кіраўнік адміністрацыі Валянцін Юмашаў, а таксама прэзыдэнт кампаніі "Сибнефть" Раман Абрамовіч. Усе гэтыя асобы, разам зь Ельцыным вядомыя ў Расеі як "Сям'я". Подпіс пад рэклямаю гарэлкі зь іхнымі партрэтамі гучыць так – "Сапраўдная Атрута".

Пра гэткую рэкляму са спасылкаю на расейскі друк паведамляе ў сёньняшнім нумары брытанская "Daily Telegraph". Праўда, газэта сумняецца, ці йснуе такая гарэлка ў сапраўднасьці і ця ня ёсьць гэта новая ідэялягічная зброя ў атаках праціўнікаў Ельцына на Крэмль.

Тым ня менш, скандал, які атрымаў на Захадзе назву "Крэмленгэйт" і "Рашагэйт", даўно набыў нежартоўны характар. Ягоныя палітычныя наступствы выяўляюцца ўсё больш яскрава, асабліва ў палітыцы ЗША адносна Расеі.

Міністар фінансаў ЗША Лоўрэнс Самэрс і прэзыдэнт Усясьветнага банку Джэймс Вулфэнсан папярэдзілі ў аўторак расейскае кіраўніцтва, што яно ня можа разьлічваць на новыя крэдыты, пакуль Масква ня дасьць ясных тлумачэньняў у справе карупцыі. Абодва яны выступілі на слуханьнях у Кангрэсе ЗША адносна адмываньня расейскіх грошай.

Міністар фінансаў, аднак, падкрэсьліў, што хаця Амэрыка зацікаўленыя ў стратэгічным партнэрстве з Расеяй як зь ядравай дзяржаваю, карупцыя ў Расеі можа пагражаць нацыянальным інтарэсам ЗША.

Спадар Самэрс, у прыватнасьці, зазначыў:

"Расея атрымала вялікія праблемы, зьвязаныя з карупцыяй, у спадчыну ад заганнай эканамічнай сыстэмы савецкае эпохі. З таго часу яна ня здолела пабудаваць сыстэму, заснаваную на законнасьці ды законапаслухмянасьці. У выніку, карупцыя захавалася й застаецца вялікай праблемаю".

Джэймс Вулфэнсан заявіў, што Ўсясьветны банк, які даў Расеі крэдыт у 6 мільёнаў 800 тысячаў даляраў з абяцаных 10 мільёнаў 700 тысячаў, праверыў 34 праекты ў рамках гэтае дапамогі й не знайшоў доказаў незаконнага выкарыстаньня сродкаў.

Спадар Вулфэнсан сказаў таксама:

"Я лічу, што мы мусім зразумець Расею, зважаючы на тыя акалічнасьці, у якіх яна апынулася. Цягам дзесяці гадоў гэтая краіна ймкнецца да зьменаў, якіх яна ніколі ня ведала – а менавіта да дэмакратычнай формы кіраваньня й сыстэмы рынкавае эканомікі. На маю думку, было б няправільна прымусіць Расею ізноў адступіцца ад рынкавай эканомікі. Посьпех палягаў бы на тым, каб дапамгчы ёй дасягнуць мэты".

Былы міністар фінансаў ЗША Робэрт Рубін таксама выказвае на старонках "The New York Times" думку, што было б нерэалістычным чакаць ад Расеі, што пасьля 70-ці гадоў ліхалецьця яна пазбавіцца ўсіх камуністычных заганаў і пабудуе паўнавартасны дэмакратычны рынак цягам апошніх дзесяці гадоў.

Насамрэч, ацэньваць посьпехі гэтых пераўтварэньняў лепей было празь некаторы час, – піша Робэрт Рубін і працягвае, – Ясна, што Расея пабудавала далёка ня тую мадэль вольнага рынку, якую хацелася б бачыць. Аднак, варта было б памятаць і пра тое, што магло здарыцца ў Расеі, але не здарылася. У гэтай краіне паліцыя не сутыкаецца са скрайнімі праявамі нацыяналізму антызаходніцкага кшталту. Гэтая краіна ня ймкнецца вярнуцца назад, да аўтарытарнага ладу кіраваньня, характэрнага для камуністычнага рэжыму, што існаваў да 91-га году. І ў гэтай краіне няма панаваньня хаосу ды ўсеагульнай анархіі.

Брытанская "Financial Times" піша, што дапамога Расеі ня ёсьць дабрачынным актам – гэта адпавядае жыцьцёвым інтарэсам ЗША і міжнародных фінансавых арганізацыяў. Магчыма, Захаду цяжка дапамагчы Расеі, якая валодае ядравымі сіламі, спыніць ейнае спаўзаньне ў хаос. Але Захад мусіць паспрабаваць гэта зрабіць.

Дапамагчы Расеі інтэгравацца ў міжнародную эканоміку было б карысным для ўсіх, – піша газэта. Захад мусіць дапамагчы ўзброеным сілам Расеі ўтрымліваць свае ядравыя сілы пад кантролем. У дасягненьні гэтае мэты было б слушным выкарыстоўваць розныя эканамічныя мэханізмы, у тым ліку й фінансавую дапамогу.

Аднак, палітычныя лідэры, – лічыць "Financial Times", – мусяць даць ясна зразумець мэты гэтае палітыкі. Яны таксама мусяць быць вельмі ўважлівымі ў выбары інструмэнтаў дапамогі. Крэдыты МВФ, прызначаныя Расеі, павінныя выкарыстоўвацца толькі гэтай дзяржаваю і ніякімі іншымі.

Апошнюю заўвагу "Financial Times" можна аднесьці да сытуацыі, калі Расея, да прыкладу, эканамічна падтрымлівае дыктатарскі рэжым у Беларусі, і тым самым дыскрэдытуе ідэю падтрымкі Захадам дэмакратычных і рынкавых рэформаў.

Агляд падрыхтаваў
Віталь Тарас, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG