Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Сэрбская апазыцыя правяла ўчора вечарам першыя з сэрыі заплянаваных на восень масавых дэманстрацыяў з дамаганьнем адстаўкі прэзыдэнта Мілошавіча. Апазыцыйныя партыі, згуртаваныя ў "Альянсу за Зьмены" і "Альянсу Дэмакратычных Партыяў", заклікалі таксама да стварэньня пераходнага ўраду ў якасьці першага кроку ў падрыхтоўцы да свабодных і дэмакратычных выбараў…

Незважаючы на праліўны дождж прыблізна 20 тысячаў чалавек сабраліся на Пляцы Рэспублікі ў Белградзе, да 10 тысячаў выйшлі на вуліцы гарадоў Ніш, Новы Сад і Крагуевац. Менш людныя дэманстрацыі мелі мейсца яшчэ ў 15-ці гарадох краіны. У адрас прэзыдэнта і ўраду дэманстранты выкрыквалі лёзунгі "Далоў Мілошавіча!" й "Чырвоныя бандыты!".

Раней Асацыяцыя Незалежных Прафэсійных Зьвязаў, якая агулам гуртуе 150 тысячаў працоўных, заявіла аб намеры правесьці ўсеагульны страйк і заклікала да ўдзелу ў ім іншыя прафэсійныя зьвязы. Гадзінны папераджальны страйк правялі каля тысячы рабочых белградзкага трактарнага заводу.

Лідэр "Альянсу за Зьмены" Зоран Джынджыч заявіў наступнае:

"Мы хочам, каб ў бліжэйшыя 10 дзён два мільёны людзей выйшлі на вуліцы, і гэта будзе азначаць, што Сэрбія вылечаная. Аднак гэта нялёгкае заданьне. Калі заўтра ўраніцу будзеце чакаць аўтобусу – запытайцеся ў свайго суседа: "ці вы былі там, дзе абаранялі Сэрбію? Ці можа быць нешта важнейшае за гэта? А можа вы глядзелі тэлебачаньне або спалі? У такім разе ты заслугоўваеш таго, каб быць нявольнікам". Давайце закончым сваю працу. Хай Бог дапаможа нам".

У інтэрвію агэнцыі "Reuters" Джынджыч адзначыў, што "гэта толькі пачатак цяжкога змаганьня за вызваленьне Сэрбіі ня гэтулькі ад рэжыму, колькі ад страху". Паводле ягоных словаў, пратэсты павінны зьвярнуць ўвагу грамадзтва на тое, што Мілошэвіч зрабіў з эканомікаю краіны, з сыстэмаю аховы здароўя і сельскай гаспадаркаю.

Джынджыч заклікаў публічна судзіць Мілошавіча й перадаць яму народны вэрдыкт. Апазыцыйныя партыі абвінавацілі Мілошавіча таксама ў страце Косава.

Рэкамэндаваны на пасаду прэм'ера пераходнага ўраду былы банкір Драгаслаў Аврамавіч перасьцярог, што бяз хуткіх зьменаў, разам з надыходам зімы, краіну чакаюць збоі ў пастаўках цяпла й электрычнасьці.

"Гэта апошняе змаганьне супраць найгоршага злачынца ў краіне… Мы мусім перамагчы", – заявіў мэр кантраляванага апазыцыяй гораду Ніш Зоран Жыўкавіч. Адзін з апазыцыйных лідэраў – Ўладан Баціч – заклікаў дэманстрантаў ў Белградзе працягваць манфэстацыі кожны дзень, пакуль ўсё кіраўніцтва не адмовіцца ад ўлады: "Нашая першачарговая, агульнанацыянальная мэта – ўбачыць сьпіны гэтых людзей і выкінуць іх на сьметнік гісторыі, дзе іхнае мейсца".

Заходнія СМІ, ў прыватнасьці газэты "The Independent" і "The Daily Telegraph" зьвяртаюць ўвагу на непапулярнасьць сэрбскае апазыцыі ды пэсымізм саміх ўдзельнікаў пратэстаў.

"Я ні на што не разьлічваю… Пакуль што апазыцыя заслабая і падзеленая, а Мілошавіч ня мае намеру саступіць", – заявіў адзін з белградцаў. "Я прыйшоў паглядзець, ці апазацыйным лідэрам ўдасца адхіліць цяперашні рэжым ад ўлады, хаця я думаю, што самі яны ня лепшыя", – паведаміў адзін са студэнтаў. На ягоную думку "штодзённыя пратэсты нічога не дадуць, і Мілошэвіч не адмовіцца ад ўлады, пакуль заходнія краіны не прымусяць яго да адстаўкі", – дадаў ён. На мінулым тыдні прэм'ер Сэрбіі Мар'янавіч адкрыта назваў апазыцыю "ліліпутамі" і з гэтай ацэнкаю згодныя незалежныя назіральнікі. "Акрамя трох апораў ўлады: арміі, фінансаў і кантролю над СМІ, Мілошавіч мае яшчэ чацьвертую – дрэнную апазыцыю", – заявіў дасьледнік з Белградзкага Інстытуту Эўрапейскіх Дасьледваньняў Душан Паўлавіч.

Як і можна было спадзявацца, Белград адкінуў дамаганьні адстаўкі Мілошавіча. У міжчасе кіруючая Сацыялістычная партыя пачала контарнаступ – яна распачала кампанію шэльмаваньня апазыцыі, называючы ейных лідэраў "NATOўскімі лёкаямі ды платнымі здраднікамі".

Выглядае, што больш чым апазыцыйных лідэраў, белградзкі рэжым баіцца ўздыму незадаволеньня шырокіх масаў. Баючыся далучэньня іх да пратэстаў, ўрад пачаў сьпешна выплачваць пэнсіянэрам, вайскоўцам ды іншым бюджэтнікам затрыманыя па некалькі месяцаў пэнсіі ды заробкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG